Жыхар Наваполацка прабег 43 км, каб дапамагчы «сонечным» дзецям
- 26.06.2018, 21:35
- 10,192
Усяго беларусы з усяго свету за чатыры дні прабеглі больш за 54 533 кіламетры ў дапамогу «сонечным» дзецям.
З 21 да 24 чэрвеня беларусы ва ўсім свеце бралі ўдзел у дабрачыннай акцыі SunRun Challenge: яны бегалі, а ўсе атрыманыя кіламетры пераводзіліся ў кіладжоўлі «добрай энергіі», піша tut.by.
Іх атрымалася больш за 15 мільёнаў, а значыць, паводле ўмоваў акцыі кампанія velcom накіруе 50 тысяч рублёў на рахунак ГУ «Дзіцячы дом-інтэрнат для дзяцей-інвалідаў з асаблівасцямі псіха-фізічнага развіцця». Сродкі будуць накіраваныя на закупку дарагога медыцынскага рэабілітацыйнага абсталявання.
Усяго ж беларусы з усяго свету за чатыры дні прабеглі больш за 54 533 кіламетры ў дапамогу «сонечным» дзецям, народжаным з сіндромам Даўна. У рамках SunRun Challenge самую доўгую дыстанцыю скарыў жыхар Наваполацка Андрэй Беразоўскі - ён прабег сапраўдны марафон і прынёс выхаванцам дзіцячага дома-інтэрната 43,4 кіламетра.
Акцыю падтрымалі бегуны з Бразіліі, Вялікабрытаніі, Славакіі, Швейцарыі, Украіны і Італіі. Таксама дапамагчы выхаванцам беларускага дзіцячага дома-інтэрната наважылі жыхары Расеі, Літвы, Польшчы, Нямеччыны, Францыі, Гішпаніі, Егіпта, Амана, ЗША, Кітая, Кыргызстана і Кубы.
Падтрымалі акцыю SunRun Challenge і вядомыя беларусы. На бегавыя старты выйшлі чэмпіёнка свету ў лёгкай атлетыцы Марына Арзамасава, шматразовы чэмпіён свету ў тайскім боксе і вакаліст гурту BRUTTO Віталь Гуркоў і многія іншыя. А футбалісты барысаўскага клуба БАТЭ правялі вялікую камандную трэніроўку і прабеглі 120 кіламетраў у падтрымку дзяцей.