26 красавiка 2024, Пятніца, 21:48
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Хто такі Дзяніс Урбановіч, які абараняе Курапаты

7
Хто такі Дзяніс Урбановіч, які абараняе Курапаты
ДЗЯНІС УРБАНОВІЧ
ФОТА - ІРЫНА АРЭХОЎСКАЯ, BELSAT.EU

Актывіст з Лагойска ўжо даўно змагаецца за справядлівасць.

Актывіст Дзяніс Урбановіч, што сёлета бярэ актыўны ўдзел у абароне Курапатаў, адсядзеў 2 гады за акцыю, якую ён з малодшым братам зладзіў на выбарчым участку падчас прэзідэнцкай кампаніі 2015 года. Раней пра ягоны крымінальны пераслед грамадскасць нічога не ведала.

Дзяніс Урбановіч з Лагойску далучыўся да абароны Курапатаў з першага дня пратэстаў супраць адкрыцця рэстарацыі «Паедзем, паядзім». Сёння хлопец зрабіў надпіс на плоце рэстарацыі – «Кабак НКВД закрыты». За гэта актывіста затрымалі і склалі на яго 2 пратаколы – паводле арт. 17.1 (дробнае хуліганства) і 23.3 (умяшанне ў развязанне справы аб адміністратыўным правапарушэнні).

ДЗЯНІС УРБАНОВІЧ РОБІЦЬ НАДПІС НА ПЛОЦЕ РЭСТАРАЦЫІ Ў КУРАПАТАХ
ФОТА – ІРЫНА АРАХОЎСКАЯ, BELSAT.EU

Як высветлілася, Дзяніс Урбановіч цяпер знаходзіцца пад прэвентыўным наглядам. Раней ён адсядзеў 2 гады ў калоніі за свой учынак на выбарчым участку падчас прэзідэнцкай кампаніі 2015 года.

«Я заскокнуў на дах выбарчага ўчастку, скінуў сцяг, зламаў інфармацыйны шчыт, дзе распавядалася пра кандыдата Аляксандра Лукашэнку. А на выбарчым плакаце я маркерам напісаў «За празрыстыя выбары». Ну і так атрымалася, што калі я зрываў сцяг, я яго парваў па лініі арнаменту – разумееце, было проста нязручна, я там баяўся, каб не зваліцца. На наступны дзень – 3 кастрычніка – нас усіх затрымалі і прывезлі ў Лагойскі РАУС», – распавёў Урбановіч карэспандэнту belsat.eu.

Дзяніса Урбановіча і ягонага брата Максіма (на выбарчым участку яны былі разам) арыштавалі. Была распачатая крымінальная справа паводле арт. 370 (здзек з дзяржаўнага сімвала) і ч. 1 і 2 арт. 339 (хуліганства) Крымінальнага кодэксу.

«Мне следчы сказаў, што калі з’явіцца гэта ў СМІ – атрымаеце ўсе па максімуму (мне ж да 6 гадоў пагражала). А так – вас хуценька асудзяць пасля інагурацыі прэзідэнта, атрымаеце па мінімуму. Я пагадзіўся і мой брат таксама. У выніку я атрымаў 2 гады, мой брат – 1,5 года калоніі», – распавядае ён.

Са слоў актывіста, потым мясцовае міліцэйскае начальства атрымала вымову за інцыдэнт на выбарчым участку. Па-першае, за тое, што на выбарчым участку не было міліцыянта, а па-другое – за тое, што з братамі Урбановічамі «не праводзілі прафілактычныя гутаркі, хаця ведалі што яны апазіцыянеры».

Браты Урбановічы адсядзелі свае турэмныя тэрміны цалкам. Пасля вызвалення Дзяніса змясцілі пад прэвентыўны нагляд, як асобу нібыта «схільную да экстрэмізму». «Гэта пачалося яшчэ ў калоніі, калі я патрабаваў бірку на беларускай мове», – тлумачыць сваю «рэпутацыю» актывіст. Між тым ад грамадскай дзейнасці ён не адмовіўся – наадварот далучыўся да партыі БСДП «Народная Грамада» Мікалая Статкевіча. Да арышту Дзяніс Урбановіч не з’яўляўся сябрам ніякіх партыяў або рухаў, але браў удзелы ў акцыях пратэсту ў Менску.

З ягоных слоў, ужо пасля вызвалення, летась у снежні, Урбановіча прывозілі ў міліцыю на размову – нібыта ў праваахоўнікаў была інфармацыя, што ён збіраецца вывесіць бел-чырвона-белы сцяг на Новы год на ялінцы ў цэнтры Лагойску.

«У выніку склалі на мяне пратакол, што я нібыта абразіў міліцыянта і пасадзілі на 2 дні ў ізалятар. Сказалі, што гэта неабходнасць, загад зверху. Прэвентыўна фактычна арыштавалі», – распавядае Урбановіч.

Прэвентыўны нагляд у Урбановіча мусіць скончыцца ў жніўні. Але ў сувязі з адміністратыўным пераследам існуе рэальная пагроза, што праваахоўнікі распачнуць крымінальную справу паводле арт. 421 (невыкананне патрабаванняў прэвентыўнага нагляду). Міліцыянты ўжо папярэджвалі актывіста на гэты конт, кажа ён.

«Але я не бачу нічога кепскага ў тым, што раблю. Насамрэч, я думаю, калі б хацелі мяне пасадзіць – мяне б ужо сёння не выпусцілі», – дадаў Урбановіч.

ЗАТРЫМАННЕ ДЗЯНІСА УРБАНОВІЧА Ў КУРАПАТАХ.
ФОТА – ІРЫНА АРАХОЎСКАЯ, BELSAT.EU

Зараз актывіст працягвае ўдзельнічаць у пратэстах у Курапатах.

У праваабарончым цэнтры «Вясна» belsat.eu заявілі, што нічога пра гісторыю арышту і крымінальнага пераследу Дзяніса Урбановіча ў 2015 годзе не чулі.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках