25 красавiка 2024, Чацвер, 3:39
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Як стварыць добрае першае ўражанне

Як стварыць добрае першае ўражанне

Першае ўражанне фармуецца ўсяго за некалькі секундаў.

Эмі Кадзі, псіхолаг Гарвардскай бізнэс-школы, больш за дзесяць гадоў вывучала першае ўражанне, піша Новы час.

Разам з калегамі яна выявіла, што мы робім першыя меркаванні пра чалавека, адказваючы на два пытанні:

• Ці магу я давяраць гэтаму чалавеку?

• Ці магу я паважаць здольнасці гэтага чалавека?

Паводле даследавання Кадзі, ад 80% да 90% першага ўражання грунтуецца на гэтых дзвюх характарыстыках. Вы і людзі, якіх вы сустракаеце, падсвядома пытаецеся: "Ці магу я верыць у тое, што ў гэтага чалавека адносна мяне добрыя намеры?" і "Ці здольны гэты чалавек?"

Часта мы мяркуем, што кампетэнтнасць – самы важны чыннік, і людзі схільныя гуляць на ім, калі ўпершыню кагосьці сустракаюць. Аднак даследаванне Кадзі паказвае, што важнейшы за ўсё – давер. Каб ваша кампетэнтнасць мела значэнне, людзі спачатку павінны вам даверыцца. Без даверу кампетэнцыю ўспрымаюць адмоўна. Як кажа Кадзі: "Сардэчныя, вартыя даверу людзі выклікаюць моцнае захапленне. Але толькі пасля таго, як вы заваявалі давер, ваша сіла становіцца дарункам, а не пагрозай".

Як ствараць добрае першае ўражанне

На тое, каб хтосьці пастанавіў, ці заслугоўваеце вы даверу і ці кампетэнтныя, сыходзяць секунды. Даследаванні паказваюць, што першыя ўражанні цяжка змяніць, ціск, які ідзе рука ў руку з сустрэчай з новым чалавекам, досыць моцны.

Калі вы стараецеся выпраменьваць упэўненасць, але не ўсталявалі давер, вашыя намаганні будуць мець зваротны эфект. Ніхто не хацеў бы не падабацца і не выклікаць павагі. Як кажа Кадзі: "Калі той, на каго вы стараецеся паўплываць, вам не давярае, нічога не атрымаецца. Насамрэч, вы нават можаце выклікаць падазрэнне, бо здасцеся маніпулятарам".

Усвядоміўшы тое, наколькі здольнасць выклікаць давер важнейшая за кампетэнтнасць, пачынайце рабіць першыя крокі ў кірунку таго, каб кантраляваць першае ўражанне. Вось некалькі парадаў, якія вам дапамогуць.

Дазвольце чалавеку казаць першаму. Дайце магчымасць весці размову, для гэтага можаце задаваць добрыя пытанні. Калі вы адразу імкняцеся кантраляваць размову, то дэманструеце дамінаванне, а гэта не дапамагае пабудаваць давер. Давер і сардэчнасць з'яўляюцца, калі людзі адчуваюць, што іх разумеюць.

Выкарыстоўвайце пазітыўную мову цела. Усведамляючы свае жэсты, выраз твару, тон голасу і пераканаўшыся, што яны пазітыўныя, зможаце прывабліваць людзей, нібы мурашак на пікнік. Натхнёны тон, не скрыжаваныя рукі, глядзельны кантакт і паварот цела да суразмоўцы могуць многае змяніць.

Адкладзіце тэлефон. Немагчыма адначасова будаваць давер і глядзець у тэлефон. Нішто так не адштурхоўвае людзей, як ліставанне пасярод размовы ці нават хуткі погляд на экран. Прысвячаючы сябе размове, засяродзьцеся на ёй цалкам. Вы выявіце, што размовы стануць нашмат цікавейшымі і прынясуць вам больш радасці, калі пачняце цалкам у іх заглыбляцца.

Надайце час small-talk'у. Гэта можа здацца банальным, але даследаванні паказваюць, што, калі пачаць сустрэчу з пяціхвіліннай лёгкай размовы, то вынікі такой сустрэчы паляпшаюцца. Многія метады пабудовы даверу, накшталт такіх нязмушаных гутарак, могуць здавацца пустым марнаваннем часу. Але гэта адбываецца толькі ў тым выпадку, калі вы не разумееце іх задачы.

Слухайце актыўна. Гэта значыць канцэнтравацца на тым, што чалавек кажа, а не планаваць, што скажаце далей. Задаваць удумлівыя пытанні – добры спосаб паказаць сваю ўважлівасць. Калі вы не задаяце дадатковых пытанняў, не кажыце зусім. Калі вы думаеце пра тое, што сказаць далей, то становіцеся няўважлівыя, калі перахопліваеце гутарку, то паказваеце, быццам мяркуеце – што маеце сказаць нешта больш важнае. Гэта значыць, што не трэба лезьці з развязваннем праблемаў, пра якія кажа ваш візаві. Жаданне дапамагчы – у чалавечай прыродзе, але многія з нас не разумеюць, што ўстаўляючы свае парады ці прапановы, мы руйнуем давер. Гэта ўсё адно, што сказаць: "Добра, я зразумеў. Можаце не казаць далей!"

Выконвайце хатняе заданне. Людзям падабаецца, калі вы ведаеце пра іх нешта і ім не трэба пра гэта апавядаць. Размова не пра нешта дзіўнае, але пра простыя факты, якія можна даведацца з профілю на сайце кампаніі або старонкі на LinkedIn. Такі варыянт не будзе працаваць для выпадковых знаёмстваў, але вельмі важны для запланаваных сустрэчаў накшталт сумоўя або кансультацыі з патэнцыйным кліентам. Даведайцеся як мага больш пра ўсіх людзей, якіх сустрэнеце, пра кампанію і яе галоўныя выклікі. Гэта пакажа вашу кампетэнтнасць і выкліча давер, падкрэсліўшы ініцыятыўнасць і адказнасць.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках