ЗША ўвялі санкцыі супраць беларускай кампаніі і двух яе супрацоўнікаў
1- 9.05.2026, 14:24
- 1,674
У Вашынгтоне заявілі, што яны дапамагалі Ірану набываць зброю.
Міністэрства фінансаў ЗША ўвяло санкцыі супраць дзесяці фізічных і юрыдычных асоб з розных краін, якія, паводле ведамства, дапамагалі Ірану набываць зброю і кампаненты для беспілотнікаў і ракет. У санкцыйны спіс трапіла і беларуская кампанія Armory Alliance, паведамляе ведамства.
Санкцыі ўведзеныя ў рамках кампаніі Economic Fury («Эканамічная ярасць»), накіраванай на падрыў іранскага ваенна-прамысловага комплексу.
Згодна з заявай Мінфіна, беларуская кампанія Armory Alliance LLC выступала пасярэднікам у закупках для іранскага Цэнтра інавацый і тэхналагічнага супрацоўніцтва (CITC) — арганізацыі, якая каардынуе набыццё тэхналогій для Ірана.
Паводле даных амерыканскага ведамства, у гэтыя закупкі былі таксама ўцягнутыя двое супрацоўнікаў Armory Alliance: грамадзянін Ірана Махамадмахдзі Малекі і грамадзянін Беларусі Махамед Алі Талібаў, генеральны дырэктар кампаніі. Мінфін ЗША называе яго «даўнім пасярэднікам у закупках зброі для Ірана ў Беларусі».
Акрамя беларускай кампаніі і яе супрацоўнікаў, пад санкцыі трапілі таксама фірмы і фізічныя асобы з Кітая, Ганконга і ААЭ.
У заяве Мінфіна падкрэсліваецца, што ЗША працягнуць «дзейнічаць, каб забяспечыць бяспеку Амерыкі, і нацэльвацца на замежных фізічных і юрыдычных асоб, якія пастаўляюць іранскім вайсковым зброю для выкарыстання супраць амерыканскіх сіл».
У выніку ўведзеных санкцый уся маёмасць і актывы згаданых асоб і кампаній, што знаходзяцца ў ЗША або пад кантролем грамадзян ЗША, блакуюцца. Таксама забараняюцца любыя транзакцыі з імі.