25 красавiка 2024, Чацвер, 15:21
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Каровам на ферме ў Капцёўцы падключылі больш якасную ваду, чым людзям

2
Каровам на ферме ў Капцёўцы падключылі больш якасную ваду, чым людзям
ФОТА: ВАСІЛЬ МАЎЧАНАЎ / БЕЛСАТ

Як жывуць беларускія аграгарадкі.

Жыхары аграгарадка Капцёўка ў Гарадзенскім раёне цягам двух месяцаў вымушаныя піць іржавую і смярдзючую ваду, піша сайт тэлеканала «Белсат».

Як апавядаюць жыхары Капцёўкі, ужо два месяцы з кранаў цячэ ржавая, алейная i смярдзючая вада.

Пасля таго як сапсавалася помпа ў воданапорнай вежы, памяняць якую не было грошай, людзям падключылі іншую воданапорную вежу. Многа гадоў яна была закансерваваная. За час невыкарыстання, у вежы, відаць, з'явілася ржа, якая сёння і трапляе ў краны жыхароў.

Каровам на мясцовай ферме пры гэтым падключылі добрую ваду з іншай воданапорнай вежы, што моцна пакрыўдзіла жыхароў аграгарадка.

СПАДАРЫНЯ ЛІЛЕЯ ПАКАЗВАЕ ВАННУ, ЯКУЮ МЫЛА ЎЧОРА
ФОТА – ВАСІЛЬ МАЎЧАНАЎ / БЕЛСАТ

Некаторыя набываюць ваду ў краме

«Вось, глядзіце! Толькі ўчора ванну пачысціла – і ўжо рыжая. Усе кубкі брудныя. Мала таго, вада такая тлустая. Яна проста смярдзіць. Калі такая вада пайшла, я адразу не падумала і ўзвар паставіла з вішняў. Не ведаю, што будзе, але пакуль слоікі стаяць. Але як іх потым піць? Ваду ў кубак наліем, нават да рота не даносім, смурод ідзе. Гарбату ці суп зварыць, – даводзіцца ўсё з калодзежа браць. Добра, што ў нас суседзі ёсць з калодзежам, а некаторыя павінны набываць ваду ў краме», – кажа Лілія Эдвардаўна, жыхарка Капцёўкі.

З КРАНАЎ У АГРАГАРАДКУ КАПЦЁЎКА ЎЖО ДВА МЕСЯЦЫ ЦЯЧЭ РЖАВАЯ І ТЛУСТАЯ ВАДА
ФОТА – ВАСІЛЬ МАЎЧАНАЎ / БЕЛСАТ

Як апавядае жанчына, разам з мужам іх ратуюць суседзі, якія дазваляюць браць ваду ў калодзежы. Аднак у Капцёўцы жыве блізу тысячы чалавек, а калодзежаў толькі некалькі.

СПАДАР СТАНІСЛАЎ НЕКАЛЬКІ РАЗОЎ НА ДЗЕНЬ ВЫМУШАНЫ ХАДЗІЦЬ ПА ВАДУ ДА СУСЕДЗЯЎ, У ЯКІХ ЁСЦЬ КАЛОДЗЕЖ
ФОТА – ВАСІЛЬ МАЎЧАНАЎ / БЕЛСАТ

«Удзень больш за 20 чалавек прыходзіць. Гэтая ўся вуліца і тая яшчэ», – паказвае рукой гаспадыня студні.

«Муж за сёння ўжо два разы хадзіў па ваду. Гэта мы яшчэ на пенсіі. А нашы суседзі? У іх дзеткі маленькія, то казалі, што пачало высыпаць», – кажа спадарыня Лілія.

З КРАНАЎ У АГРАГАРАДКУ КАПЦЁЎКА ЎЖО ДВА МЕСЯЦЫ ЦЯЧЭ РЖАВАЯ І ТЛУСТАЯ ВАДА
ФОТА – ВАСІЛЬ МАЎЧАНАЎ / БЕЛСАТ

Мокрая кропка

Біць трывогу ў аграгарадку пачаў былы галоўны эканаміст мясцовага калгаса, які сёння на пенсіі. Спадар Віктар доўгі час дамагаўся правядзення экспертызы ад Гарадзенскага занальнага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі.

«Сто разоў ім тэлефанаваў, пакуль вынікі аналізу аддалі. Высветлілася, што ў восем разоў перавышаны ўзровень жалеза. А мутнасць дык увогуле. Вада такая рыжая і брудная», – кажа спадар Віктар.

ЭКСПЕРТЫЗА ВЫЗНАЧЫЛА, ШТО КОЛЬКАСЦЬ ЖАЛЕЗА Ў ВАДЗЕ ПЕРАВЫШАЕ НОРМУ Ў 8 РАЗОЎ
ФОТА – ВАСІЛЬ МАЎЧАНАЎ / БЕЛСАТ

Праз адсутнасць добрай вады пакутуе ўся Капцёўка, у якой ёсць школа і дзіцячы сад. Як скардзяцца мясцовыя супрацоўнікі, дзеці адмаўляюцца піць і есці з посуду, які вымыты ржавай вадой.

КАРОВАМ, У АДРОЗНЕННЕ АД ЛЮДЗЕЙ, ІРЖАВУЮ ВАДУ ПУСКАЦЬ ПАБАЯЛІСЯ
ФОТА – ВАСІЛЬ МАЎЧАНАЎ / БЕЛСАТ

Два дні таму мясцовыя жыхары сустракаліся з прадстаўнікамі Гарадзенскага аблвыканкама, якія паабяцалі разабрацца як мага хутчэй і памяняць помпу.

«Але ці зрушыцца гэтая справа з мёртвай кропкі, не ведаем», – кажа жыхарка Капцёўкі.

«Мёртвая? Гэта мокрая кропка!» – удакладняе жартам спадар Станіслаў.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках