20 траўня 2024, панядзелак, 22:15
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Студэнткі з супэрбаламі распавялі, як рыхтаваліся да ЦТ

5
Студэнткі з супэрбаламі распавялі, як рыхтаваліся да ЦТ
ВІКА ЦЯРЛЕЦКАЯ

Дзяўчаты, якія набралі 397, 398 і 400 балаў з 400, распавялі, як яны гэта здалелі.

100 балаў атрымала за алімпіяду, але з «палескай асцярожнасці» наважыла напісаць тэсты

Віка Цярлецкая вучылася ў вёсцы Фядорах у Столінскім раёне. Цяпер яна ўжо студэнтка Медыцынскага ўніверсітэта з вынікам 398 балаў з 400. Віка перамагала на раённых алімпіядах у некалькіх дысцыплінах, а ў 9-м класе на заклад пайшла на алімпіяду ў астраноміі, дзе спаборнічала з 11-класнікамі. Гісторыя выбару прафесіі ў Вікі невясёлая, але вельмі сур'ёзная, піша kp.by.

ФОТА: ДАДЗЕНАЕ ГЕРОЯМІ ПУБЛІКАЦЫІ

- Я наважыла стаць правізарам яшчэ да таго, як пазнаёмілася са словам «правізар», - распавядае Віка. - Хачу дапамагчы майму браціку. Ён невылечна хворы. Для яго яшчэ няма прыдатных лекаў. Дык будуць!

ВІКА ЦЯРЛЕЦКАЯ НАБРАЛА 98 БАЛАЎ У ХІМІІ, А Ў БІЯЛОГІІ І БЕЛАРУСКАЙ МОВЕ АТРЫМАЛА ДЗВЕ СОТНІ. НАСТА ЖАЎНЕРЫК НАБРАЛА МАКСІМАЛЬНЫЯ 400 БАЛАЎ
ФОТА: ДАДЗЕНАЕ ГЕРОЯМІ ПУБЛІКАЦЫІ

Калі Віка прыйшла забіраць сэртыфікат у Палескі ўніверсітэт, у камісіі прыемна здзівіліся. Калі прыйшла па другі сэртыфікат, удакладнілі ў дзяўчыны: «Вы вундэркінд?»

- На трэці слоў ужо не стала, толькі эмоцыі! - успамінае Віка.

Напраўду аб адным ЦТ дзяўчына магла забыцца яшчэ ўзімку. Пасля дыплому першай ступені на абласной алімпіядзе ў беларускай мове 100 балаў ужо былі ў кішэні. Потым нацыянальная алімпіяда - Віка зноў атрымлівае дыплом, які гарантуе ёй максімальны вынік. Але дзяўчына «з палескай асцярожнасці» наважыла ўсё адно здаць тэставанне. І набрала 100 балаў!

- Так што ў камісію прынесла 300 балаў за мовы! - смяецца Віка.

Балы дзяўчыны здзіўляюць шмат каго. А яшчэ мацней дзівіць, што абітурыентка не мела ніякіх рэпетытараў, курсаў і факультатываў.

- Хто дапаможа ў падрыхтоўцы лепш, чым родзічы? - задае пытанне дзяўчына. - Мае брацікі - Міхасік і Змітрок - мужна слухалі казкі пра прыгоды інфузорыі-туфліка, а матуля пыталася табліцу назваў хімічных рэчываў, якая ніяк не давалася. Там, дарэчы, гексагідраксаалюмінат натрыю - просценькая назва.

На пытанні аб тым, ад чаго даводзілася адмовіцца дзеля такіх балаў, Віка адказвае:

- Ой, не памятаю ўжо, ад чаго адмаўлялася, напэўна, ад неістотнага. Затое дакладна ведаю, што не варта прыносіць у ахвяру навуцы час, праведзены з сям'ёй. Неадушаўлёныя падручнікі гэтага не акупяць,- Віка распавядае пра сям'ю. - Дома стараюся дапамагаць матулі, гуляць з брацікамі, чытаць ім кнігі, граць на піяніна дзіцячыя песенькі, глядзець разам фільмы, маляваць, майстраваць, марыць і жыць!

Нягледзячы на ўражальныя вынікі на рэпетыцыйным тэставанні і сто балаў за мову, на ЦТ Віцы ўсё адно было складана заставацца спакойнай.

- Складана застацца спакойнай, бо ў канверце c заданнямі, як бы патасна гэта ні гучала, маё будучае жыццё. Людзі, з якімі буду мець стасункі, справа, якой буду займацца.

«У суботу - дадатковыя заняткі, у нядзелю - падрыхтоўка да панядзелка»

Наста Жаўнерык набрала максімальныя 400 балаў. Дзяўчына вучылася ў пінскай гімназіі, а цяпер яна студэнтка факультэта міжнародных дачыненняў БДУ.

- Дастаткова доўга я хацела быць перакладчыцай, а гады два таму падумала, што мне гэтага будзе недастаткова, бо я б хацела спалучаць вывучэнне замежных моў з юрыспрудэнцыяй,- распавядае аб выбары спецыяльнасці паненка. - Сябар мне параіў пачытаць пра факультэт міжнародных дачыненняў БДУ. Я пачытала, з'ездзіла на Дзень адчыненых дзвярэй - усё спадабалася.

НАСЦЯ ЖАЎНЕРЫК НАБРАЛА МАКСІМАЛЬНЫЯ 400 БАЛАЎ
ФОТА: ДАДЗЕНАЕ ГЕРОЕМ ПУБЛІКАЦЫІ

У БДУ, куды Наста падавала дакументы, вельмі здзівіліся: чаму, маўляў, пра гэта яшчэ не ведае грамадскасць?

- Сказалі, што я, напэўна, зусім не мела асабістага жыцця. Але ім патрэбныя такія людзі,- успамінае Насця і распавядае пра тое, як праходзіла ейная падрыхтоўка да тэстаў. - Рыхтавацца было цяжка, даводзілася не спаць начамі, адмаўляцца ад мноства забаў. Падчас навучальнага тыдня можна было забыцца аб выхадзе на двор, калі не на рэпу (да рэпетытара - заўвага рэдакцыі) і не ў школу. І толькі ў суботы-нядзелі больш ці менш можна было разняволіцца - бавіла іх з сябрамі. І тое ў суботу зазвычай дадатковыя заняткі, а ў нядзелю рыхтуешся да панядзелка. Да напружанага рэжыму звыкаеш.

А яшчэ дзяўчына паспявала гуляць у «Што? Дзе? Калі?». Але часу мела значна менш, чым раней. Асабліва цяжка было перад тэстамі, «калі за акном такая пагода. А ты разумееш, што гэта адзін з самых адказных перыядаў у тваім жыцці». Наста займалася з рэпетытарамі ангельскай мовай і грамадазнаўствам. 100 балаў за беларускую мову, як і Віцы, прынесла алімпіяда.

- На рэпетыцыйным тэставанні былі таксама досыць высокія вынікі, але 100 балаў ні на водным РТ не набірала. Я разлічвала на добрыя балы, - кажа Насця. - Каб трапіць на маю спецыяльнасць, трэба было 95 балаў, але на 100 я не разлічвала, пагатоў у дзвюх дысцыплінах. Усе былі здзіўленыя, ды і я сама.

«Рыхтавалася, як усе. Можа, крыху больш старанна»

Наста Саванец з Ашмянаў набрала 397 балаў. У хіміі і біялогіі - максімум, у беларускай мове - 97.

- У 11-м класе ўсе рыхтаваліся да тэстаў, можа, я крыху больш старанна, - сціпла кажа дзяўчына. - Хадзіла да рэпетытара біялогіі, дапамагалі міжшкольныя факультатывы, заняткі з педагогамі гімназіі.

НАСТА САВАНЕЦ ДАПУСЦІЛА АДНУ ПАМЫЛКУ Ў ТЭСЦЕ Ў БЕЛАРУСКАЙ МОВЕ. ВЫНІК - 397 БАЛАЎ. НАСТА ЖАЎНЕРЫК НАБРАЛА МАКСІМАЛЬНЫЯ 400 БАЛАЎ
ФОТА: ДАДЗЕНАЕ ГЕРОЕМ ПУБЛІКАЦЫІ

Аб тым, што будзе паступаць у медыцынскі, Насця наважыла яшчэ тры гады таму, думала толькі пра спецыяльнасці - у выніку абрала стаматалагічны факультэт. У сям'і дзяўчыны шмат лекараў, а хімія з біялогіяй - улюбёныя дысцыпліны.

Навучанне - далёка не адзінае, чым паспявала займацца Наста. Дзяўчына і да 11-га класа мела сур'ёзную занятасць, за гэта яна вельмі ўдзячная бацькам: цымбалы, лёгкая атлетыка, баскетбол, лыжныя гонкі. Гэта ўсё вельмі дысцыплінавала.

- У 11-м класе паспявала фатаграфаваць, гуляць, хадзіць на танцы, у спартовыя сэкцыі. Вучыцца першай дапамозе ў Чырвоным крыжы.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках