У Польшчы дробным прадпрымальнікам знізяць падаткі
2- 27.07.2018, 21:05
- 12,281
Сэнат Польшчы прыняў закон аб так званым малым ZUS.
Сэнат Польшчы прыняў закон аб так званым малым ZUS. У выніку ўнёскі дробных прадпрымальнікаў на сацыяльнае страхаванне будуць зменшаныя, паведамляе «Радыё Польшча».
Са слоў прэзідэнта Звязу прадпрымальнікаў і працадаўцаў Цэзары Казьмерчака, новы закон дае шанец на развіццё невялікім фірмам: «Гэта прывядзе да таго, што 100-200 тысяч чалавек вернуцца на легальны рынак працы. На гэтым заробіць і бюджэт. Урад павінен быць задаволены тым, што мы патрабуем не змяншэння падаткаў, а іх спрашчэння».
Больш як 173 тысячы індывідуальных прадпрымальнікаў, чый сярэднямесячны даход не перасягае двух з паловай мінімальных заробкаў, здабудуць ад змен.
Цяпер прадпрымальнік, чый штомесячны даход складае столькі ж, колькі мінімальны заробак, штомесяц выплачвае ў фонд сацыяльнага страхавання за 1200 злотых (280 еўраў), што складае больш за палову ягонага даходу. Пасля ўваходжання ў дзеянне новых правілаў бізнэсоўцы будуць плаціць менш 660 злотых (155 еўраў), калі іх даход не перавышае 5 250 злотых (590 еўраў). Гэта адбудзецца з 1 студзеня 2019 года.
Сэнат падтрымаў закон амаль аднагалосна: 426 дэпутатаў прагаласавалі за, ніхто не выступіў супраць, толькі адзін сэнатар устрымаўся.