2 верасня 2026, Серада, 11:51
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Пад страхам інсульту

10
Пад страхам інсульту
МІХАІЛ БАБІЧ
ФОТА: МІХАІЛ САЛУНІН/РБК

Ці зможа Крэмль навязаць Лукашэнку свайго наглядчыка?

Крэмль мае патрэбу ў паслах, здольных дамагацца ад хаўруснікаў лаяльнасці, якія маюць апаратныя сувязі, што забяспечваюць ім пэўную «аперацыйную гнуткасць», піша ўкраінскае выданне «Дзелавая сталіца».

Бывае так, што вось ішла сабе кар'ера ўверх, будавалася, а тут раз - і ўсё. Не лепіцца. І нават вельмі валасатая рука не дапамагае. Не ў тым сэнсе, што адмаўляе ў дапамозе - як раз наадварот, але не выходзіць. Якраз такая праява здарылася з Міхаілам Бабічам - асобай, вельмі набліжанай да Уладзіміра Пуціна.

Судзіце самі. Яшчэ ў траўні яго прадказвалі на замену Уладзіслава Суркова ў якасці куратара «ЛДНР». Але потым усё ж пакінулі як было: у Крамлі, быццам бы, палічылі, што рызыкаваць не варта, няхай ідзе як ідзе. Бабічу ж пачалі падшукваць новую пасаду. Не тое, каб ён быў неўладкаваны - быў, зразумела. І нават нядрэнна, як і належыць сыну былога начальніка Пуціна па дрэздэнскай рэзідэнтуры. Вось толькі заседзеўся ён у паўнамоцных прадстаўніках прэзідэнта. Шэсць гадоў, хай нават і ў Прыволжскай федэральнай акрузе, якая мае пяць гарадоў-мільённікаў і пастаўляе амаль чвэрць прамысловай вытворчасці Расеі, - гэта зашмат. Увогуле, заседзеўся.

Дык вось, у канцы чэрвеня пачалі казаць пра будучае прызначэнне Бабіча амбасадарам у Беларусь. Месяцам пазней яго з прычыны новай перспектывы нават не пераназначылі сталым прадстаўніком. Запыт на агрэман Масква адправіла на добрых два тыдні раней, чым пытанне аб прызначэнні было выстаўленае на разгляд Камітэта ў міжнародных справах Савета Федэрацыі. Што, зрэшты, нядзіўна: кандыдатуру падтрымалі аднагалосна. Але далей здарылася нешта цікавае: Менск заўпарціўся.

Сітуацыя атрымалася ну вельмі непрыемная. Менск для пуцінскага пратэжэ здаваўся варыянтам бяспройгрышным. Тым больш пасля двух ганебных фіяска запар. Бо два гады таму Бабіча не прыняў у якасці кіраўніка дыпмісіі Кіеў, а затым сарвалася і камандзіроўка на тую ж пасаду ў Анкару. Трэцяя (відавочна, зрэшты, пакуль афіцыйна не аформленая) адмова, ды яшчэ і ад фармальнага хаўрусніка Маскву дакладна не задаволіла. Характэрная дэталь: у дзень галасавання ў Савеце Федэрацыі Пуцін патэлефанаваў свайму беларускаму калегу, прапанаваўшы сустрэцца неўзабаве ў Сочы. Але Аляксандр Лукашэнка ўзяў паўзу, адмовіўшыся нават ад паездкі ў Гомель, дзе 27 ліпеня яго чакалі не толькі мясцовыя чыноўнікі з журналістамі, але і прэзідэнцкая служба аховы. Якія справы затрымалі яго, застаецца, зрэшты, незразумелым: на выходных Лукашэнка на публіцы не з'яўляўся, хоць ёсць чуткі, што з Менска ён усё ж ад'язджаў. Цікава, што ўжо раніцай 30-га расейскі «інсайдэрскі» тэлеграм-канал «Незыгар» напісаў, што ў Аляксандра Лукашэнкі здарыўся ішэмічны інсульт. Тая ж інфармацыя прыйшла да нас і ад беларускіх крыніц. З разумных меркаванняў гэты «зліў» цалкам можна інтэрпрэтаваць як спробу калі не застрашвання, то інфармацыйнага ціску на Лукашэнку з боку Масквы. Тым больш, што ў пятніцу беларускае МЗС адмовілася адказваць журналістам на пытанне, ці выдадзены агрэман.

Адсутнасць адказу, відавочна, азначае, што гандаль яшчэ ідзе, але гандаль жорсткі. Як нам стала вядома, Лукашэнка нядаўна меў сустрэчу з Бабічам - і кантакт прайшоў далёка не найлепшым чынам, прычым шанцаў на нармальныя працоўныя стасункі мала. Крамлю Бабіч у Менску патрэбен у якасці наглядчыка, але беларускае кіраўніцтва такі варыянт зусім не задавальняе.

Цяперашні амбасадар, 77-гадовы Аляксандр Сурыкаў, які займае гэтую пасаду ўжо тузін гадоў, паслядоўна бароніць ідэю парытэту ў дачыненнях і нават, здаралася, выступаў у ролі адваката Менска ў спрэчках з Масквой. Так што, відавочна, што яго пара мяняць не толькі праз шаноўны ўзрост, але і нефармат: у цяперашніх абставінах расейцам патрэбныя паслы, здольныя дамагацца ад хаўруснікаў, як мінімум, прымальных паводзін. Якія маюць апаратныя сувязі, што забяспечваюць ім пэўную «аперацыйную гнуткасць».

49-гадовы Бабіч гэтымі якасцямі валодае. З аднаго боку - «ястраб» - дзяржаўнік з шырокімі сувязямі ў спецслужбах (узгадаем, што афіцыйнай прычынай для адмовы з боку Кіева было тое, што, будучы членам Савета бяспекі РФ, ён галасаваў за ўварванне ў Крым). З іншага - гэта чалавек, які зрабіў кар'еру пры цяперашнім прэзідэнце РФ і сваім становішчам абавязаны яму. Гэта значыць, не будзе займацца самадзейнасцю за рамкамі ўстаноўленага начальствам калідора. Іншымі словамі, гэта ўсё той жа пуцінскі сталы прадстаўнік - хіба што не ў федэральнай акрузе, хоць гэтай умоўнасцю Крэмль усё часцей схільны грэбаваць.

Для Лукашэнкі, у сваю чаргу, узмацненне міжнароднага ціску на Расею праз яе агрэсію супраць Украіны - гэта магчымасць устанавіць новы эквілібрыум у сваіх дачыненнях з Масквой і з Брусэлем, тым больш, што ЕЗ зняў з Беларусі большасць санкцый. І, адпаведна, шанец падняць цану сваёй лаяльнасці. А гэта ўсё больш раздражняе расейскае кіраўніцтва. Прычым выяўляецца гэта раздражненне не толькі ў разнастайных вайсковых гульнях на беларускай тэрыторыі і ў суседніх раёнах РФ, але таксама і ў манеры весці дыялог. Нарэшце, агрэман мог «завіснуць» не толькі таму, што Лукашэнку не задавальняе асоба меркаванага пасла, але і спадарожныя фактары.

Як стала вядома, нядаўна ў Менск наведваліся прэзідэнт Ашчадбанка РФ Герман Грэф і алігарх Міхаіл Гуцарыеў. Нібыта з мэтай заслупаваць кантроль над беларускім рынкам крыптавалют. Як вядома, у канцы мінулага года Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ, які ўводзіць іх у прававое поле. Праўда, указ рамачны, і рэкамендацыі FATF аб рэгуляванні транзакцый чакаюцца толькі ўвосень. Навошта гэта Крамлю - зразумела: як мінімум, гэта не самы дрэнны спосаб абыходу санкцый. Пытанне ў тым, з чаго б беларускаму дыктатару саступаць?

Наўрад ці Лукашэнка стане прымаць адразу абедзве «прапановы». Пытанне ў тым, ці здолее ён ад абедзвюх адбіцца.

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках