26 красавiка 2024, Пятніца, 12:08
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У «справе медыкаў» знайшоўся яшчэ адзін фігурант

4
У «справе медыкаў» знайшоўся яшчэ адзін фігурант
Фота: vkurier.by

Кіраўнік «Рэцэпту Здароўя» «з'ехаў у камандзіроўку».

Стала вядома пра прэтэнзіі сілавікоў да яшчэ аднаго кіраўніка сеткі аптэк. Гаворка ідзе пра дырэктара кампаніі «Цішас» Сяргея Шабету. Але ў самой кампаніі запэўніваюць, што ён «з'ехаў у камандзіроўку».

«Яго затрымалі даўно. У пачатку лета. Калі быў масавы хапун. Таксама інкрымінуецца дача хабару», - распавялі tut.by тры крыніцы ў фармацэўтычным бізнэсе.

Малавядомая кампанія «Цішас» на рынку з 1994 года. Яна займаецца аптовым і раздробным гандлем медыкаментамі, прычым больш вядомая менавіта як аптавік. Кампанія развівае сетку ўласных аптэк «Рэцэпт Здароўя» ў Віцебску, Пінску, Полацку, Слуцку. Іх агульная колькасць блізу 10. «Наша мэта - адкрыццё сеткі аптэк ва ўсёй тэрыторыі Рэспублікі Беларусь», гаворыцца ў прэзентацыі кампаніі.

«Звычайная сярэднестатыстычная беларуская фармацэўтычная кампанія. Што значыць звычайная? Мае свае аптэкі і сваю дыстрыбуцыю. Паводле такой мадэлі працуе большасць», - сказаў удзельнік рынку.

У кампаніі «Цішас» не пацвердзілі затрыманне Сяргея Шабета. Але пагутарыць з ім не ўдалося. «Ён у камандзіроўцы. Найбліжэйшым часам вернецца», - запэўніла в.а. дырэктара «Цішаса» Святлана Шабета. Яна не адказала на пытанне, калі Шабета «з'ехаў у камандзіроўку».

У прэс-службе КДБ атрымаць каментар не ўдалося.

Нагадаем, 11 верасня Лукашэнка распавёў пра маштаб карупцыйнай справы ў ахове здароўя. Распачатыя 95 крымінальных спраў, дзе фігуруюць дзясяткі мільёнаў даляраў злачынных сродкаў. У выніку праведзенай працы амаль 100 чалавек трапілі пад следства. Хто дакладна трапіў пад следства, невядома. Сярод затрыманых былі чыноўнікі рознага рангу, кіраўнікі лякарняў, РНПЦ, а таксама кампаній дзяржаўнай і прыватнай формаў уласнасці, якія займаюцца пастаўкамі лекаў і медтэхнікі.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках