3 траўня 2024, Пятніца, 4:57
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

На Змітра Паліенку ўзмацніўся ціск у бабруйскай калоніі

3
На Змітра Паліенку ўзмацніўся ціск у бабруйскай калоніі
ЗМІЦЕР ПАЛІЕНКА
ФОТА: SPRING96.ORG

Ужо праз месяц палітвязень мае выйсці на волю.

Адміністрацыя Бабруйскай калоніі ўзмацніла ціск на палітвязня Змітра Паліенку, які прыкладна праз месяц павінен выйсці на волю.

«Зняволеным забаранілі гутарыць са Змітром пад пагрозай пераводу ў іншы атрад», - паведаміла palitviazni.info сяброўка актывіста Марына Насенка.

25 верасня Аляксандр Паліенка, бацька палітвязня, збіраўся на доўгатэрміновае спатканне з сынам, але яго скасавалі. Адміністрацыя калонія абшукала рэчы Змітра: забралі ўсе лісты, паштоўкі і асадкі, лісты, якія ён хацеў дасылаць на днях сам, у тым ліку запісы з тэлефонамі родных. Маўляў, гэтыя рэчы «не адпавядаюць спісу», а таму і скасавалі спатканне.

«Змітру патлумачылі, што ў ягоных рэчах былі «забароненыя прадукты», - удакладніла Марына Насенка. - Пры тым, што ўсе перадачы правяраюцца, а іншыя прадукты можна набыць толькі на месцы! Акрамя таго, наколькі мне вядома, забралі ў Паліенкі таксама нататнік і скаргу, якую ён пісаў. Ягоныя лісты да нас так і не дайшлі».

Са слоў Марыны Насенкі, апагеем здзекаў стала забарона зняволеным, якія маюць стасункі са Змітром, гутарыць з ім пад пагрозай пераводу ў іншы атрад. А некаторых за камунікацыю з ім спецыяльна публічна і перавялі.

«Акрамя гэтага, тузаюць аператыўнікі, - дадае Марына. - Грошы Зміцер прасіў не дасылаць, але давайце падтрымаем яго лістамі і паштоўкамі. Трэба паказаць яму, што ён не адзін і дапамагчы вытрымаць апошні месяц здзекаў турэмнай сістэмы».

Палітвязень мае выйсці на волю 24 кастрычніка.

Нагадаем, Зміцер Паліенка - сацыяльны актывіст з Менска. Падставай для крымінальнага пераследу стаў ягоны ўдзел у мірным сходзе «Крытычная маса», які праходзіў 29 красавіка 2016 года ў Менску і быў перапынены міліцыяй.

12 кастрычніка 2016 года судом Цэнтральнага раёна г. Менска прызнаны вінаватым ва ўчыненні злачынства, прадугледжанага артыкулам 364 Крымінальнага кодэкса («гвалт альбо пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўнікаў органаў унутраных спраў») і часткай 2 артыкула 343 КК. Паліенка быў прысуджаны да двух гадоў пазбаўлення волі з адтэрміноўкай выканання пакарання на два гады.

7 красавіка 2017 году судом Заводскага раёна Менска разгледжанае прадстаўленне органа, які ажыццяўляе кантроль за паводзінамі асуджанага (хутчэй за ўсё, УУС Заводскага раёна), і скасаваная адтэрміноўка выканання пакарання. У сувязі з гэтым, без права на абскарджанне, актывіста накіравалі ў выпраўленчую калонію для адбыцця пакарання ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам на 1,5 года (з улікам часу ўтрымання пад вартай да суда ў 2016 годзе).

Змітру Паліенку можна дасылаць лісты падтрымкі на адрас: 213800 Магілёўская вобласць, горад Бабруйск, вул. Сікорскага, 1. ВК-2, атрад №9.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках