26 красавiка 2024, Пятніца, 14:41
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Беларусі пачаліся праверкі замежнікаў

72
У Беларусі пачаліся праверкі замежнікаў
Фото с сайта konsalt.by

Патрабуюць даведкі з месца працы.

У жыхаркі аднаго з аграгарадкоў у Зэльвенскім раёне Гарадзенскай вобласці Надзеі Лістападавай расейскае грамадзянства, але ў Беларусі яна жыве апошнія 11 гадоў, мае траіх дзяцей. Жанчына сцвярджае, што ёй пагражае высылка ў Расею, калі найбліжэйшым часам яна не падасць у аддзел міграцыі даведку з месца працы. Belsat.eu разбіраецца ў сітуацыі.

Летась Надзея Лістападава на працягу паўгода працавала ў Зэльвенскім сельскагаспадарчым кааператыве «Дабраселецкі». Таксама яна займаецца рамесніцтвам, нядаўна зарэгістравала прыватнае прадпрыемства дэкаратыўных вырабаў.

«У гэтым месяцы мне прыйшло паведамленне з мясцовай групы грамадзянства і міграцыі, што я павінна пацвердзіць, дзе і колькі працавала ў 2018 годзе, інакш мяне пазбавяць права жыхарства. Раней такога ніколі не было», - скардзіцца Надзея.

З яе слоў, уладкавацца на працу ў вёсцы складана, а з трыма дзецьмі шмат працаваць не выпадае. Яна дадае, што выбрала б наогул толькі даглядаць за дзецьмі, калі б заробак мужа дазваляў бы. Муж Надзеі ў калгасе атрымлівае прыкладна 400 рублёў. Пры гэтым старэйшы сын вучыцца ў каледжы, а два малодшыя ўжо ходзяць у школу.

«У аддзеле грамадзянства і міграцыі на маё пытанне, дзе будуць дзеці, калі мне анулююць права на жыхарства, сказалі: яны нарадзіліся ў Беларусі, таму жыць будуць тут. Дзе такое бачылі?», - кажа жанчына.

Надзею адзначае: узяць даведку ў СВК - не праблема, але яе не задавальняе сам факт, што ад яе гэтага патрабуюць.

«Мяне абурае патрабаванне нешта пацвярджаць. Атрымліваецца, калі я не працую, то і не маю права жыць у Беларусі?»

Тым часам у групе грамадзянства і міграцыі Зэльвенскага РАУС сказалі, што не збіраюцца тэрмінова высылаць Лістападаву, адпаведная працэдура распачатая не была. Яе проста просяць прынесці даведку «на працягу найбліжэйшага месяца-двух».

«У лістападзе-снежні 2018 пачалі строгі кантроль замежнікаў: хто працуе, хто не працуе, але мае права на жыхарства. Калі яны на працягу паўгода не маюць законнай крынiцы даходу - дазвол на пражыванне анулюецца. Каб гэтага не было, варта прынесці даведку аб заробку ў мінулым годзе - так робяць усе замежнікі. Іх правяралі і раней, але цяпер праверкі ўзмацніліся», - распавяла вядучая спецыялістка рэгістра насельніцтва Зэльвенскага РАУС Вольга Скіба.

Што тычыцца сітуацыі Надзеі Лістападавай, то спецыялістка сцвярджае: ёй не дасылалі паведамленне, што распачатая працэдура анулявання права на жыхарства.

«Здаецца, яна проста не хоча хадзіць па арганізацыях. Падатковая інспекцыя таксама зацікавілася ёй, таму што Лістападава мае ІП, займаецца рамесніцтвам, і ёй варта выплаціць падаходны падатак. Нават калі яна не прынясе даведку, я магу раздрукаваць звесткі з нашай базы, але яны няпоўныя. Для больш дакладнага кантролю ўсіх замежнікаў цяпер просяць падаваць даведкі з месца працы. Напрыклад, у Менску праблемы не ўзнікае, людзі самі нясуць», - кажа Скіба.

Згодна з п. 6 ч. 1 арт. 57 Закона «Аб прававым становішчы замежных грамадзян і асоб без грамадзянства ў Рэспубліцы Беларусь, калі чалавек не мае законнай крынiцы даходаў, якія забяспечылі бы яму і яго сям'і пражытачны мінімум на працягу апошніх шасці месяцаў, права на жыхарства могуць ануляваць. Пры гэтым тэрмін, у які чалавек павінен падаць даведку з месца працы, законам не вызначаны.

«У іншых краінах таксама патрабуюць падаць інфармацыю пра сродкі, які мае чалавек на пражыванне, гэта не дзіўна. Гэта значыць, такое патрабаванне, у прынцыпе, укладваецца ў рамкі закона. Але, натуральна, варта дэталёва разбіраць кожны індывідуальны выпадак», - мяркуе праваабаронца Валянцін Стэфановіч.

Дарэчы, правілы для беларусаў у Расеі падобныя: для падаўжэння права на жыхарства патрэбны аналагічны дакумент, які пацвярджае працоўны статус чалавека. Таксама ёсць магчымасць прадставіць выпіску з банкаўскага рахунку.

Напісаць каментар 72

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках