Суддзі пераблыталі колькасць колаў і пазбавілі беларуса перамогі на Кубку свету
5- 26.01.2019, 20:36
- 17,376
ФОТА: SB.BY
Найгрубейшая памылка суддзяў этапу Кубка свету ў веласпорце пазбавіла перамогі ў скрэтчы гоншчыка Яўгена Каралька.
Найгрубейшая памылка суддзяў этапу Кубка свету ў веласпорце на трэку ў Ганконгу пазбавіла перамогі ў скрэтчы беларускага гоншчыка Яўгена Каралька, паведамляе tut.by.
У канцы групавой гонкі суддзі абвесцілі гоншчыкам звонам, што наступнае кола будзе апошнім.
У гэты момант чацвёрка лідараў, у ліку якіх быў і чэмпіён свету ў гэтай дысцыпліне Яўген Каралёк, пачала спрынт за перамогу. Першым стаў беларус.
Ён ужо святкаваў перамогу, калі суддзі зразумелі, што памыліліся ў падліку колаў і празванілі на кола раней чым патрэбна. Тады яны пастанавілі змяніць вынікі і аддаць залаты медаль гоншчыку, які перасек лінію фінішу першым яшчэ праз кола.
Праблема ў тым, што да гэтага моманту спартоўцы ўжо не змагаліся за перамогу, а проста спакойна кацілі пасля гонкі. Зрэшты, гэта не збянтэжыла арганізатараў, якія ўручылі залаты медаль кітайскаму трэкавіку. Яўгену Каральку аддалі чацвёртае месца.
Пацярпелыя каманды спрабуюць аспрэчыць вынікі, але ўжо прайшла цырымонія ўзнагароджання пераможцаў.