У Берасці снегавіка асудзілі за «несанкцыянаваны пікет»
9- 30.01.2019, 12:19
- 22,039
Прысуджаны штраф сумай на адну базавую адзінку.
Сёння ў Берасці судзілі адну з удзельніц акцый пратэсту супраць акумулятарнага завода Юлію Нічыпарук, паведамляе тэлеграм-канал «Баста».
«Памятаеце, як у Берасці на акцыі пратэсту супраць акумулятарнага завода ў лістападзе ляльку арыштавалі? Думалі, гэта дно? Не.

Сёння ў Берасці судзяць Юлію Нічыпарук за снегавіка. Яе вінавацяць у «несанкцыянаваным пікеце» праз налепку, якой яна ўпрыгожыла снегавіка. Працэс праходзіць весела.
Ужо прагучалі прапановы ад тых, хто сабраўся даставіць у суд у якасці сведкі або пацярпелага снегавіка ці хаця б снег, з якога ён быў зроблены», - паведамляе «Баста».

Удзельнік пратэстаў у Берасці, актывіст і блогер Аляксандр Кабанаў паведаміў, што суд прызнаў Юлію Нічыпарук вінаватай у «несанкцыянаваным пікеце» і прысудзіў штраф сумай на адну базавую адзінку.
