Самы дарагі снегавік у свеце быў злеплены ў Беларусі
12- 30.01.2019, 20:13
- 20,308
Яго зляпілі каля акумулятарнага завода ў Берасці.
На думку суддзі, гэта незаконнае масавае мерапрыемства. Юлія Нічыпарук з сям'ёй 5 студзеня прыехала да заводу АКБ, каб паглядзець на будоўлю. Дом Юліі знаходзіцца за два кіламетры ад прадпрыемства, якое яна лічыць небяспечным.
На пасяджэнні ў судзе Берасцейскага раёна 30 студзеня жанчына сказала, што праводзіла час з маленькімі дзецьмі.
- Дзеці папрасілі ўпрыгожыць снегавіка. Мы знайшлі ў машыне канструктар, з дэталяў якога зрабілі вочы і нос, і ўлётку са стыкерамі, з якіх зрабілі «вядро» і ўпрыгожванне на сярэдні камяк, - прыводзіць словы Юліі на судзе «Брестская газета».

ФОТА БРЕСТСКАЯ ГАЗЕТА
У пратаколе, складзеным міліцыяй, гаварылася пра тое, што Юлія Нічыпарук, знаходзячыся паблізу завода ТАА «АйПауэр», з мэтай выказвання публічнага пратэсту супраць будаўніцтва акумулятарнага завода «размясціла на сярэднюю частку снегавіка ўлётку «Прэч атруту! Не заводу! Гаспадарыць тут народу!», а таксама на верхнюю частку снегавіка 4 стыкеры на самаклейнай стужцы з надпісамі «Не заводу АКБ у Берасці, свинец@жизни.нет».
Суддзя Маручак прызнаў Юлію Нічыпарук вінаватай ва ўдзеле ў незаконным масавым мерапрыемстве. Яе аштрафавалі на 25,5 рублёў.
У інтэрв'ю журналістам пасля суда Юлія сказала, што ўважае сваю віну ў судзе недаказанай. З яе слоў, яна нічога не парушыла, і пастанова вынесеная няправільна.
- Будзеце яшчэ ляпіць снегавікоў? - спытаў адзін з рэпарцёраў.
- Буду, - засмяялася Юлія.

На старонцы ў Фэйсбуку «Брестская газета» і супольнасці Берасце супраць будаўніцтва свінцовых АКБ людзі абмяркоўваюць суд:
«Гэта значыць, калі мама выводзіць на шпацыр больш за адно дзіця, то гэта ўжо масавае мерапрыемства? А калі адно дзіця і адну сабаку?»
«Сорамна за такі фарс ад суда. Сорамна за ўладу і асобных чыноўнікаў, чхаць якія хацелі на меркаванне людзей».
«Не ведаю, як назваць тое, што адбылося (дно, залюстроўе, пекла...). Толькі гэта зусім НЕ найлепшы суд».
«Дарагія сягоння снегавікі».
«А ў якой суме далі штраф снегавіку? Ці ён не з’явіўся ў суд у сувязі з пацяпленнем?»
«Ганебшчына, сорам які... за снегавіка...»
Нагадаем, за мінулы год берасцейскія ўлады дазволілі праціўнікам будаўніцтва завода АКБ правесці толькі адно мерапрыемства. Актывісты сабралі сорак тысяч подпісаў супраць будаўніцтва прадпрыемства.
На працягу года кожную нядзелю праціўнікі завода выходзяць на цэнтральную плошчу Берасце карміць галубоў. Такім чынам людзі праяўляюць маўклівы пратэст.