21 траўня 2024, aўторак, 14:24
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларусы стартавалі другімі на «Дакары»

2
Беларусы стартавалі другімі на «Дакары»

Больш за 100 тысяч сабралася на гарадскім пляжы ў Ліме, каб павітаць гоншчыкаў.

Беларускі экіпаж пад кіраваннем Сяргея Вязовіча стартаваў з другой пазіцыі на ралі-рэйдзе «Дакар-2019». Усяго ж у гонцы ўдзельнічае тры экіпажы каманды «МАЗ-СПОРТаўта», распавялі tut.by ў прэс-службе Менскага аўтазаводу.

Марафон стартаваў з подыўма ў Ліме, сталіцы Перу. Больш за 100 тысяч жыхароў сабраліся на гарадскім пляжы, каб павітаць гоншчыкаў. Упершыню гонка праходзіць па тэрыторыі адной краіны, і для перуанцаў гэта як нацыянальнае свята. Да гэтага беларуская каманда паспяхова прайшла тэхнічныя праверкі і правяла трэніроўку.

Першы этап прывядзе гоншчыкаў з Лімы ў Піска. Пасля 330-кіламетровага ліязона экіпажы чакае спецучастак працягласцю 84 км. Большая частка маршруту пройдзе па пясках, невялікі адрэзак - па гравійнай дарозе. Асноўную складанасць уяўляюць падступныя выдмы і камяністыя рэчышчы рэк. Арганізатары прадугледзелі мноства кантрольных пуктаў - 47.

Сяргей Вязовіч атрымаў 501-ы нумар і стартаваў другім - адразу пасля леташняга чэмпіёна Эдуарда Мікалаева з «КАМАЗ-майстра». Аляксей Вішнеўскі ўзначальвае 511-ты экіпаж і пачаў гонку з 12-га месца. Аляксандр Васілеўскі - 519-ты, што дазволіла яму ўвайсці ў першую дваццатку на старце. Усяго ж у класе грузавікоў прадстаўлена больш за 40 экіпажаў.

«Сёлета мы прыляцелі ў Ліму другога студзеня позна ўвечары. Упершыню мы так позна прыехалі перад стартам - наважылі ахвяраваць акліматызацыяй на карысць сем'яў. Трэцяга чысла мы адразу ж атрымалі машыны, а чацвёртага выехалі на трэніроўку. Гоншчыкам фізічна было некамфортна, нават цяжкавата. Арганізм не да канца перабудаваўся і да гадзіннага пояса, і да клімата. Затое праблем з тэхнікай не было», - распавёў кіраўнік каманды Сяргей Вязовіч.

Падчас гонкі беларусы будуць не толькі спаборнічаць, але і правяраць у справе канструктарскія ноу-хау. Ралі-рэйд стане своеасаблівай пляцоўкай для экстрым-тэсту спартыўных грузавікоў, у якіх шмат серыйных камплектуючых. Тэхнічныя навінкі, якія пройдуць праверку бездаражжу, могуць атрымаць развіццё ў канвеернай вытворчасці.

Марафон «Дакар-2019» праходзіць па тэрыторыі Перу. Ралі-рэйд зойме 11 дзён і завершыцца 17 студзеня ў Ліме. Гоншчыкам трэба будзе праехаць блізу 5 тысяч км. Больш за палову маршруту пралягае праз пясчаныя трасы з вялізнымі дзюнамі і іншымі перашкодамі.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках