26 красавiка 2024, Пятніца, 11:15
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Століне правялі ператрус у актывіста анархісцкага руху

1
У Століне правялі ператрус у актывіста анархісцкага руху
ФОТА: RFE/RL

Былі сканфіскаваныя цвёрды дыск кампутара і ноўтбук.

Раніцай 10 кастрычніка ў доме ў анархіста Сяргея Сазановіча, які зарэгістраваны ў Століне, прайшоў ператрус. Праваахоўнікі сканфіскавалі цвёрды дыск кампутара і ноўтбук, якія належаць анархісту, а таксама іншыя прылады, піша svaboda.org.

Самога Сяргея Сазановіча дома не было. Менскія анархісты звязваюць пераслед аднадумца з акцыяй салідарнасці са Змітром Паліенкам, якая прайшла 25 сакавіка, а таксама з пікетам каля гатэля Marriott 7 кастрычніка.

Маці Сяргея Іна Сазановіч расказала аб ранішнім візіце следчых:

«Назваліся следчымі, паказалі ордэр на ператрус, што расследуюць справу аб пашкоджанні маёмасці Менскага гарадскога суда. Запомніла час, калі гэта адбылося, паводле той паперы - 24 верасня а 23:53. Таксама там было прозвішча аднаго майго сына Сяргея Неўдаха, але ці правялі ў ягоным доме ператрус, мне невядома. Забралі, што ім трэба, і пайшлі. Паводзіліся карэктна», - адзначыла Іна Сазановіч.

Прэсавая сакратарка МУС Вольга Чамаданава пацвердзіла, што аб пашкоджанні маёмасці Менскага гарадскога суда праводзіцца праверка, у рамках якой «вядуцца неабходныя дзеянні».

Са слоў маці анархіста Сяргея Сазановіча, ейны сын адмаўляе сваё дачыненне да справы аб пашкоджанні маёмасці суда. Менскі актывіст анархісцкага руху Вячаслаў Касінераў, які кантактуе з Сяргеем Сазановічам і Сяргеем Неўдахам, таксама кажа, што яны не маюць дачынення да пэцкання фарбай будынка суда.

«За фарбу ўзяла адказнасць іншая група анархістаў, але Сазановіч і Неўдах тут ні пры чым. Так, яны бралі ўдзел у пікеце салідарнасці з Паліенкам, Сяргей Сазановіч нават спяваў і граў на гітары, але ні ён, ні Неўдах не рабілі дзеянняў, які кваліфікуюць як злачынства. Сяргей Сазановіч таксама быў сярод нашых актывістаў ля гатэля Маriott тры дні таму. Натуральна, такім спосабам хлопцам помсцяць за актыўнасць», - мяркуе Вячаслаў Касінераў.

25 верасня ў Менскім гарадскім судзе меў пачацца працэс над актывістам анархісцкага руху Змітром Паліенкам, якога абвінавачваюць у злосным хуліганстве і абразе міліцыянтаў. Раніцай каля суда прайшоў збор подпісаў за кандыдатаў у дэпутаты, падчас якога анархісты і актывісты іншых арганізацый патрабавалі спыніць пераслед Паліенкі. Суд над актывістам так і не пачаўся - паведамілі, што нібыта захварэў суддзя. Да акцыі стала вядома, што напярэдадні нехта кінуў у будынак суда шклянку з чырвонай фарбай. Падчас акцыі каля суда затрыманых не было.

7 кастрычніка 5 анархістаў у грыме Джокера далучыліся да збору подпісаў, які праводзілі актывісты «Еўрапейскай Беларусі» каля гатэля Mariott, дзе пачыналася міжнародная канферэнцыя аб праблемах бяспекі ў Еўропе. Пікетоўцы пратэставалі супраць дыктатуры ў Беларусі і будаўніцтва Астравецкай АЭС, а таксама нагадалі пра палітычных вязняў. Тады нікога з удзельнікаў збору подпісаў за кандыдатаў у «дэпутаты» «палаты прадстаўнікоў» таксама не затрымлівалі.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках