11 снежня 2019, Серада, 14:29
Засталося зусім крыху
Рубрыкі

У Галандыі знайшлі сям'ю, якая дзевяць гадоў чакала «канца свету» ў склепе

13
У Галандыі знайшлі сям'ю, якая дзевяць гадоў чакала «канца свету» ў склепе
Фота: EPA

Іх знайшлі пасля таго, як старэйшы сын з'явіўся ў мясцовы бар.

Паліцыя Галандыі выявіла сям'ю, якая сама менш дзевяць гадоў пражыла ў склепе свайго дома ў чаканні канца свету. Іх знайшлі пасля таго, як старэйшы сын з'явіўся ў мясцовы бар, паведамляе ВВС.

58-гадовы мужчына з шасцю дзецьмі ва ўзросце ад 16 да 25 гадоў жылі ў поўнай ізаляцыі на ферме ў паўночна-ўсходняй правінцыі Нідэрландаў Дрэнтэ, паведаміў галандскі тэлеканал RTV. Іх знайшлі дзякуючы таму, што старэйшы з дзяцей выйшаў на вуліцу, прыйшоў у бар і папрасіў дапамогі ў супрацоўніка ўстановы.

Знешні выгляд і паводзіны маладога чалавека выклікалі непакой ва ўладальніка бара Крыса Вестэрбека. «Ён замовіў пяць кубкаў піва і выпіў іх усе. Потым я з ім загаварыў, і ён расказаў, што ўцёк і што яму патрэбна дапамога. Мы патэлефанавалі ў паліцыю», – сказаў Вестэрбек журналістам RTV.

«У яго былі доўгія валасы і брудная барада, апрануты ён быў у старую вопратку і выглядаў так, як быццам не разумее, што адбываецца. Ён сказаў, што ніколі не вучыўся ў школе і не быў у цырульніка дзевяць гадоў», – дадаў уладальнік бара.

Паводле словаў Вестэрбека, мужчына апавёў, што жыў з малодшымі братамі і сёстрамі ў ізаляцыі на ферме і ўсвядоміў, што яны павінны выбрацца адтуль.

Пасля гутаркі з маладым чалавекам паліцыянты зайшлі ў дом і за шафай у гасцёўні выявілі лесвіцу, якая вяла ўніз, у склеп, дзе жыла сям'я.

Суседзі не заўважалі

Дом знаходзіцца недалёка ад вёскі Рунерволд з насельніцтвам блізу трох тысячаў чалавек, але ён малапрыкметны праз дрэвы, якія растуць перад ім. Ферма знаходзіцца ўбаку ад вёскі, і каб туды патрапіць, трэба прайсці па мастку праз канал.

Там ёсць невялікая гаспадарка – агарод і каза. Паводле словаў аднаго з суседзяў, там раней былі гусі і сабака, але ён ніколі не бачыў там дзяцей – толькі аднаго мужчыну.

Мясцовы паштар адзначыў, што ніколі не дастаўляў туды лістоў. «Сапраўды, цяпер мне гэта здаецца дзіўным», – прызнаўся ён мясцовай газеце Algemeen Dagblad.

Рэпарцёр аднаго з мясцовых выданняў напісаў у «Твітэр»: «Мяркуючы з усяго, тут хавалася сям'я ў чаканні канца свету. Дом ля канала за некалькіх кіламетраў ад вёскі. Ідзе інтэнсіўнае абследаванне тэрыторыі. Нас не дапускаюць».

Паліцыя Дрэнтэ пацвердзіла, што 58-гадовы мужчына адмовіўся супрацоўнічаць са следчымі. Ён быў арыштаваны, і цяпер праводзіцца расследаванне.

«У нас па-ранейшаму шмат пытанняў без адказаў», – напісалі паліцыянты ў «Твітэры», дадаўшы, што дэтэктывы вывучаюць некалькіх магчымых версій здарэння.

Невядома, сярод іншага, як доўга сям'я жыла ў склепе і што адбылося з маці дзяцей. Аднак, паводле словаў мэра, жанчына памерла некаторы час таму.

Вакол дома і прылеглай да яго тэрыторыі ўстаноўленая паліцэйская загарода.

Паводле некаторых паведамленняў, 58-гадовы мужчына перажыў інсульт і быў прыкаваны да ложка.