26 красавiка 2024, Пятніца, 9:21
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Юры Хашчавацкі: Відаць, што для Лукашэнкі ўсё ідзе да фіналу

10
Юры Хашчавацкі: Відаць, што для Лукашэнкі ўсё ідзе да фіналу
ЮРЫ ХАШЧАВАЦКІ
ФОТА: CHARTER97.ORG

І пра гэта таксама варта зняць фільм.

Фільм блогера NEXTA, журналіста Сцяпана Святлова «Лукашэнка. Крымінальныя матэрыялы» за пяць дзён набраў мільён праглядаў на YouTube.

«БелГазета» разбіралася разам з вядомым кінарэжысёрам Юрыем Хашчавацкім, які яшчэ ў далёкім 1996 г. зняў фільм «Звычайны прэзідэнт».

– Дакументальнае кіно валодае велізарнай сілай, нават прадбачання. Прывяду прыклад. Калі я ў 2009 г. сканчаў мантаж фільма «Лабатамія» (фільм пра расейскую агрэсію ў Грузіі), кадры, на якіх Рэвалюцыя ружаў (нібы нешта мяне падштурхнула), я назваў рэвалюцыяй годнасці. Рэч не ў тым, што я такі разумны (я разумны, вядома, але не настолькі), а ў тым, што дакументальнае кіно выяўляе самыя важныя струны, імпульсы жыцця, даследуючы спружыны, матывы, якія рухаюць грамадства. Сёння, у тым ліку і на постсавецкай прасторы, пачалася бітва людзей за сваю годнасць. Не выпадкова і ўкраінская рэвалюцыя названая рэвалюцыяй годнасці. Магу прывесці дзясяткі, сотні прадбачанняў, якія не я зрабіў у сваім дакументальным кіно, а дакументальнае кіно зрабіла для мяне. Калі, вядома, рабіць кіно прафесійна.

Сёння назіраецца іншы падыход, таму што да мастацтва дакументальнага кіно далучылася шмат маладых, таленавітых, энэргічных блогераў. Тым не менш яны яшчэ не навучаныя кіно, іх гарачнасць, іх тэмпература вышэйшыя за іх магчымасці. Хоць гэта вельмі добры працэс: малады чалавек 25-гадовага ўзросту мае перада мной перавагу гадоў у 50, каб здабыць сувязь з светам ідэй, які лунае над намі (паводле Платона) і навучыцца адтуль чэрпаць натхненне. Рэч не ў тым, што ты малады, энэргічны, таленавіты або бяздарны, а ў тым, што ўсе чалавечыя прасвятленні, як стыхія, прыходзяць аднекуль зверху, і мы нават не ведаем іх крыніцу.

«МАЁ ПАКАЛЕННЕ ВЕДАЕ ПРА ЛУКАШЭНКУ ЎСЁ»

– Але нас сапсавала тэлевізія, назваўшы дакументальнымі фільмамі вельмі цікавыя праграмы, якія былі дакументальнымі фільмамі толькі паводле бухгалтарскіх ведамасцяў. І гэтая тэндэнцыя прадаўжаецца. Выдатная праца Навальнага, якая сабрала каласальную колькасць праглядаў, якую называюць фільмам, на самай справе не фільм: вельмі цікавае даследаванне таго, што адбываецца ў Расеі.

Тое можна сказаць і пра працу блогера NEXTA «Лукашэнка. Крымінальныя матэрыялы», якая супастаўная з працай Навальнага. Гэта вельмі важная канстатацыя фактаў, пра якія вялікая колькасць людзей нават не ведае. Да гэтага часу ўсе гэтыя факты не збіралі разам, за што перад выдатным хлопцам трэба зняць капялюш.

Многія проста не разумеюць, што з моманту прыходу Лукашэнкі да ўлады прайшло цэлых 25 гадоў, вырасла новае магутнае пакаленне – больш адукаванае, больш энэргічнае, больш абсталяванае тэхнічна. Калі Лукашэнка разганяў Цэнтрвыбаркам на чале з Ганчаром, людзям новага пакалення было два-тры гады, яны яшчэ пад стол пешшу не хадзілі, а поўзалі.

Але ў такой падачы матэрыялу схаваныя свае рыфы. Я не хацеў бы крытыкаваць працу NEXTA, але хацеў бы растлумачыць маладому хлопцу адну рэч. Фільм зроблены не проста злосна – з нянавісцю, а нянавісць робіць нас слабымі. Адна справа, калі мы ненавідзім на кухнях (дома, у прыватным жыцці, мы расслабленыя, дазваляем сабе больш: смаркаемся, ходзім у прыбіральню, але не выносім гэта на публіку). А калі мы выходзім на аўдыторыю, мы паводзім сябе крыху інакш; у гэтым няма двудушнасці. Думаю, менавіта праз пагарду да крывадушнасці хлапчук і выліў столькі нянавісці, ён не хацеў яе хаваць. Сапраўды, нянавісць хаваць не трэба, яе трэба стрымліваць, таму што нянавісць робіць нас слабым.

Маё пакаленне ведае пра Лукашэнку ўсё, апазіцыя ведае ўсё дасканала. Шмат хто так і адгукаўся пра фільм: мы ўсё ўжо ведаем. А мне ўжо нецікава пра Лукашэнку рабіць кіно, таму што мне з ім ужо ўсё ясна. Ён як дадзенасць: напрыклад – мы сядзім, глядзім праз акно і бачым дрэннае надвор'е. І мы ведаем: на дварэ дрэннае надвор'е. 25 гадоў мы расказваем, якое на вуліцы дрэннае надвор'е.

Усе 25 гадоў менавіта так і адбываецца. Кожны мяркуе сябе адзіна слушным, кожны (пачытайце форумы) ведае, як трэба змагацца з рэжымам. Колькі разоў я чуў: апазіцыя не прапаноўвае прывабныя праграмы. Ды столькі праграмаў ужо папанапісана, што вы спакутуеце ўсё чытаць, проста вы не знайшлі час іх прачытаць. І я ведаю чаму. Беларускае грамадства вельмі сур'ёзна адрозніваецца ад заходняга. Заходняя, атлантычная цывілізацыя вырасла з прыватнай уласнасці, з павагі да прыватнай уласнасці, з закона, які гэтую прыватную ўласнасць абараняе, адсюль і ўсё астатняе: і дэмакратыя, і законапаслухмянасць. А мы, наша цывілізацыя, вырасла з уласнасці на людзей – ніякай іншай уласнасці няма.

«ДАКУМЕНТАЛЬНАЕ КІНО – УСЁ Ж ТАКІ МАСТАЦТВА»

– Але ці не гэтая нянавісць, што працінае фільм «Лукашэнка. Крымінальныя матэрыялы», і манетызуе яго ў мільённыя прагляды?

– Так, і гэта вельмі цікавы і шматзначны факт. Усё гэта сведчыць, як сёння ў Беларусі ставяцца да ўлады: з нянавісцю, якая цалкам супала з цяперашнім станам большасці беларусаў. І ў гэтым прысутнічае велізарны мінус. Ведаеце чаму? Я даведаўся прычыну праз некалькі гадоў пасля «Звычайнага прэзідэнта».

Я заўважыў адзін адмоўны феномен: людзі, якія хочуць праявіць апазіцыйнасць, глядзелі «Звычайнага прэзідэнта» пад коўдрай, груба кажучы, і на тым меркавалі сваю апазіцыйнасць вычарпанай. Так і тут: паглядзяць фільм блогера, вываляць энэргію нянавісці, паненавідяць разам з кіно нашу ўладу, але на выбары не пойдуць і за апазіцыйнага кандыдата не прагаласуюць.

Вось таму я і кажу: нянавісць робіць нас слабым. Галоўны вынік – не атрымаць зарад нянавісці ад гэтага кіно, а выплюхнуць сваю нянавісць. А выплюхнуўшы яе, табе ўжо няма з чым ісці на вуліцу. Але гэта не папрок выдатнаму хлопцу, які зрабіў вельмі важнае і патрэбнае кіно.

– Але гэта не дакументальны фільм у класічным разуменні.

– Вядома ж, не. Дакументальнае кіно – усё ж мастацтва. Фільм NEXTA я назваў бы крымінальнай хронікай панавання Лукашэнкі. Гэта навукова-папулярны, асветніцкі фільм. У ім прысутнічае адна з прыкметаў дакументальнага кіно, але нейкая перакуленая. Адной з самых істотных асаблівасцяў дакументальнага кіно (вы не паверыце!) з'яўляецца суб'ектыўнасць. Больш за тое, любы мастак заўсёды суб'ектыўны. Сапраўдная аб'ектыўнасць немагчымая і не патрэбная ў адным асобным творы. Галоўная прыкмета любога мастацкага твора – суб'ектывізм. Шэкспір быў суб'ектыўны, Пушкін быў суб'ектыўны – усе вялікія былі суб'ектыўныя, усе пісалі пра сваё. Чаму? Чалавек не можа быць аб'ектыўным, таму што не ведае ўсёй шматграннасці падзей. Але ў яго ёсць адна аб'ектыўная зброя – уласныя суб'ектыўныя адчуванні. Калі чалавек не хлусіць самому сабе, апавядае праўду пра тое, што ён адчувае, – гэта ўжо аб'ектыўна.

– Давайце вернемся да вашага фільма «Звычайны прэзідэнт». Азіраючыся назад, можаце сказаць, што больш змянілася за гады, якія прайшлі з прэм'еры фільма – галоўны герой? Краіна? Аўтар? Ці нічога?

– Мала што змянілася – у тым жа ўся праблема. Усе падыходзілі да мяне і пыталіся: калі будзе прадаўжэнне? А я разводзіў рукамі, таму што бачыў: ніякага прадаўжэння не будзе. У 2006 г. мы ўбачылі «Плошчу», паводле якой я зрабіў аднайменны фільм. Тады адбыўся пэўны паварот – у краіне з'явілася новае пакаленне, маладое, адукаванае, цікавае, цывілізаванае, якое павінна было павесці краіну наперад. «Плошчу» я рабіў з велізарнай асалодай, таму што адчуў: у краіне шмат што змянілася. Але пасля 2006-га жыццё зноў спынілася, замерла.

«ПАСТКА ЎНУТРЫ КОЖНАГА З НАС»

– Мне часта пярэчаць: паглядзі, колькі вакол панабудавалі! Не, хлопцы, гэта шалёныя расейскія бабкі, якія пілавалі паміж сваімі, а на самай справе краіна спынілася. І ўжо 25 гадоў стаіць на адным месцы! Я не зайздрошчу таму, хто прыйдзе пасля Лукашэнкі і захоча нешта змяніць – гэта будзе неверагодна складана.

Сёння грамадства павінна зразумець: мы падышлі да такога краю, з якога проста так, без вялікіх эканамічных узрушэнняў, ужо не выбрацца. Альбо свая краіна, свой дом, альбо трэба наймацца за служанку да «вялікага брата».

Лукашэнка практычна ўсё ўжо аддаў Расеі. Я не заклікаю лаяцца з ёй – з усімі суседзямі трэба жыць роўна. Але пры гэтым трэба разумець, што мы жывем побач з імперскім мядзведзем, гатовым праглынуць усё. А паколькі ў яго мядзведжая хвароба, ён усё вельмі хутка перастравуе і вывальвае вонкі ў выглядзе самі ведаеце чаго.

– Але ж Лукашэнка пакуль і не збіраецца саступаць сваё месца нікому.

– На жаль так. І зноў-такі звярніце ўвагу на вашу фармулёўку: ён не збіраецца саступаць. Адзін чалавек не збіраецца перастаць перашкаджаць жыць дзевяці з паловай мільёнам чалавек. Значыць, гэта залежыць менавіта ад яго, а не ад нас.

– Так, краіна трапіла ў пастку.

– Але пастка не вонкавая, а ўнутраная – яна ўнутры кожнага з нас. Страх, зайздрасць у дачыненні да іншых, крывадушнасць, ханжаства, жаданне падлізацца да ўладаў, жаданне стукаць, жаданне атрымаць перавагу за кошт паслушэнства сядзіць унутры многіх, у грамадстве.

– Сённяшняе становішча Лукашэнкі, гульні ў «саюзную інтэграцыю» з Расеяй не выклікаюць у Вас жадання зняць прадаўжэння «Звычайнага прэзідэнта»?

– Відаць, што ўжо ідзе фінал, але незразумела, колькі будзе доўжыцца крызіс, які абавязкова прывядзе да фіналу. Цяжка сказаць, чым усё скончыцца. Але калі я дажыву да фіналу, матэрыялаў для фільма пра фінал колькі заўгодна. Я калісьці марыў зняць фільм «Звычайны фінал».

– Ці не ўзнікала ў вас калі-небудзь жаданне зняць сіквел і прыквел «Звычайнага прэзідэнта»? Ці, наадварот, перарабіць карціну ў модны цяпер серыял – «Звычайны прэзідэнт. Першы сезон», «Звычайны прэзідэнт-1, 2, 3»?

– Вы ведаеце, два разы ўвайсці ў адну раку нельга. Фільм «Звычайны прэзідэнт» заснаваны на вечнай гісторыі – як чалавек ідзе ва ўладу і як ён мяняецца ва ўладзе. Пра тое «Рычард Трэці» ў Шэкспіра – я не параўноўваю, проста тэма сапраўды вечная. Лукашэнка прыйшоў, а што рабіць далей – не ведае. Як здымаць фільм пра тое, што хтосьці не ведае, што яму далей рабіць? Атрымліваецца ўжо «У чаканні Гадо» ў Бэкета – п'еса абсурду. Ён нешта мяняе, перастаўляе кагосьці, стварае для сябе бачнасць дзейнасці, а на самай справе нічога не адбываецца. Таму сіквел я не хацеў бы здымаць, а фінал я зняў бы. Бо «Плошча» – у сутнасці таксама прадаўжэнне «Звычайнага прэзідэнта».

А фінал – зраблю, калі дажыву.

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках