26 красавiка 2024, Пятніца, 22:56
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Беларуськалій» скаланула?

37
«Беларуськалій» скаланула?
ІЛЮСТРАЦЫЙНАЕ ФОТА

На адным з найбуйнейшых прадпрыемстваў краіны адбываюцца дзіўныя рэчы.

Працаўнікам «Беларуськалія», аднаго з галоўных бюджэтаўтваральных прадпрыемстваў краіны, прапанавалі сысці «на вакацыі» за свой кошт. Вымушаны адпачынак ахопіць 95% супрацоўнікаў прамысловага гіганта.

Як адзначаюць старажылы прадпрыемствы, такая пастанова – адправіць супрацоўнікаў у «адпачынак» за свой кошт – прымаецца на «Беларуськаліі» ўпершыню.

Што характэрна, «калядныя вакацыі» супалі з звесткамі на канец года пра рэзкае падзенне вытворчасці і экспарту калійных угнаенняў у Беларусі. Так, толькі за кастрычнік аб'ёмы вытворчасці знізіліся на 27,4%.

Што адбываецца на адным з найбуйнейшых прадпрыемстваў краіны? Сайт Charter97.org пагутарыў са старшынёй Незалежнага прафесійнага звязу гарнякоў Сяргеем Чаркасавым і эканамістам Львом Марголіным.

Сяргей Чаркасаў: Калі ёсць сур'ёзная праблема, «адпачынкі» працоўных не дапамогуць

– Ці сапраўды супрацоўнікаў «Беларуськалія» адпраўляюць у вымушаныя адпачынкі? Самі працаўнікі заяўляюць, што гэтая інфармацыя 100%-я. Адміністрацыя ў зносінах са СМІ кажа нешта цьмянае пра «навагоднія і калядныя святы» на просьбу працаўнікоў. Што адбываецца на самай справе?

– Па-першае, ёсць працоўнае заканадаўства, і ўсе падобныя дзеянні павінны адбывацца ў адпаведнасці з заканадаўствам. Гэта значыць, гэта той выпадак, калі павінна быць атрыманая абавязковая згода працаўніка.

Таму, у любым выпадку, захацеў наймальнік адправіць у вымушаны «адпачынак» некага ці не захацеў, у такой сітуацыі самае галоўнае – гэта пісьмовая згода працаўніка. Калі ж кагосьці адпраўляюць у «адпачынак» без ягонай згоды – хай звяртаюцца ў наш прафзвяз, мы будзем з гэтым разбірацца. Пакуль мы, як незалежны прафзвяз, такіх заяваў не атрымлівалі: ёсць толькі агульнае абурэнне працоўных, якое ў асноўным выплюхваецца ў сацсеткі.

– Працоўныя кажуць, што такі захад ужываецца на прадпрыемстве ўпершыню. Нават калі быў (канфлікт з «Уралкаліем»), плацілі 2/3 акладу. Няўжо цяпер усё так на самай справе дрэнна?

– Разумееце, гэта дзве вялікія розніцы: поўнае прыпыненне вытворчасці, калі людзі фактычна не могуць працаваць, і адпраўка людзей у «адпачынак».

У гісторыі з «Уралкаліем» мела месца спыненне вытворчасці, таму што не было збыту прадукцыі – адпаведна, немагчыма было яе здабываць, яна нікуды не магла сысці, адбывалася затарванне складоў.

Цяпер як такога прыпынення вытворчасці няма. Таму не зусім зразумела, чаму працоўным прапануюць ісці ў «адпачынак». Кіраўніцтва «Белкалія» заяўляе, што гэтыя адпачынкі «добраахвотныя». Што ж, мы назіраем за сітуацыяй: калі да нас звернецца хоць бы адзін супрацоўнік, якога выправілі ў адпачынак без ягонай згоды – будзем з гэтым змагацца, таму што гэта – прамое парушэнне заканадаўства. Думаю, бліжэй да святаў, калі пачнуцца гэтыя самыя «адпачынкі», сітуацыя праясніцца.

– Працоўныя апавялі журналістам, што такім чынам за іх кошт спрабуюць развязаць праблему сарваных кантрактаў у збыце руды. У эканамічных навінах сапраўды з'явілася інфармацыя пра перапоўненыя склады «Беларуськалія» і пра скарачэнне вытворчасці ўгнаенняў на 27%. Як Вы гэта пракаментуеце?

– Так, на сёння ёсць істотнае памяншэнне паказнікаў у вытворчасці прадукцыі. Ёсць таксама памяншэнне аб'ёмаў збыту.

Але мне незразумела, як можна развязаць гэта, даслаўшы людзей на неаплатныя «выходныя»? Калі праблема сапраўды сур'ёзная, то гэта не дапаможа і не ўратуе прадпрыемства, так бы мовіць, на ўсё астатняе жыццё.

Думаю, што гэтае пытанне трэба задаць топ-мэнэджарам кампаніі – што на самай справе адбываецца са збытам і якія сапраўдныя памеры праблемы.

Леў Марголін: Гэта закране не толькі «Беларуськалій», але і ўсю галіну

– Калій разам з прадуктамі нафтаперапрацоўкі даюць асноўную частку валютных прыбыткаў у дзяржбюджэт. Пра што могуць сведчыць праблемы на такім важным для дзяржавы прадпрыемстве?

– З эканамічнага пункту гледжання, зніжэнне экспарту на «Беларуськаліі» і зніжэнне ўвогуле экспарту ў цэлым у краіне – гэта разнапланавыя падзеі, таму што экспарт калійных угнаенняў – гэта пытанне такое сітуацыйнае.

Памяншаецца попыт у свеце – экспарт калію памяншаецца. Я не вялікі спецыяліст у калійных угнаеннях, але я думаю, што мяркуючы з усяго, гаворка ідзе пра скарачэнне спажывання ў цэлым на сусветным рынку. І гэта павінна закрануць не толькі «Беларуськалій», але і іншыя прадпрыемствы гэтай галіны.

Што тычыцца скарачэння экспарту беларускай прамысловасці, перш за ўсё апрацоўчай, то тут праблема ў тым, што гэтая галіна не развіваецца, яна стаіць практычна на месцы. А тое, што стаіць на месцы – тое заўсёды адстае.

Таму, пакуль там не будзе інвестыцый, перш за ўсё замежных інвестыцый, пакуль там не будзе прыватнага інвестара, прыватнай уласнасці – весці гаворку пра сур'ёзнае павелічэнне экспарту не выпадае.

Што ж тычыцца «Беларуськалія», то тут, як той казаў, усё залежыць ад кіраўніцтва прадпрыемства: часам можна абысціся проста вымушаным прастоем і аплачваць 2/3 акладу, а часам з сітуацыі відаць, што яна досыць надоўга – і тады нейкім паліятыўным спосабам нічога не даб'ешся і даводзіцца адпраўляць лішніх людзей у «адпачынак» за свой кошт.

На мой погляд, гэта можа быць нязвыкла для працаўнікоў «Беларуськалія», але для супрацоўнікаў іншых беларускіх прадпрыемстваў гэта даволі звыклая з'ява, яна перыядычна паўтараецца ў розных галінах: гэта было і ў 90-я гады, у «нулявыя» гады і доўжыцца цяпер у 2010-я гады.

Напісаць каментар 37

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках