Беларусаў выклікаюць на зборы ў падрыхтоўцы да незвычайнага параду
37- 1.02.2019, 21:22
- 43,475
З кожнага горада выклікаюць па 200 чалавек.
Жыхара Светлагорска Аляксандра нядаўна выклікалі ў ваенкамат. Яму паведамілі, што трэба адабраць 200 чалавек на парад, які будзе праходзіць у Менску ў Дзень незалежнасці. Знялі з мужчыны меркі, вымералі рост і ўручылі яшчэ дзве позвы. Tut.by папрасіў Міністэрства абароны пракаментаваць сітуацыю.
Аляксандр дэмабілізаваўся з войска роўна дваццаць гадоў таму, з тых часоў ваенкамат яго не турбаваў, а нядаўна прама на працу прыйшла позва, што яму неабходна з'явіцца на вайсковыя зборы.
- Схадзіў у ваенкамат некалькі дзён таму, а цяпер даведваюся, што выклікаюць усіх масава: і знаёмых, і аднакласнікаў. З горада адбіраюць 200 чалавек на парад у Менск, - распавядае Аляксандр (імя зменена на просьбу героя публікацыі).
Мужчыну 40 гадоў, ён ваеннаабавязаны.
- У ваенкамаце з нас знялі меркі - абхват стану, грудзей, сцёгнаў і акружнасць галавы. Я так разумею, будуць шыць спецыяльнае адзенне, вымералі рост, ён павінен быць не менш за 175 сантыметраў. Вага не абгаворвалася, - кажа Аляксандр.
Жыхару Светлагорска ўручылі яшчэ дзве позвы - на 14 траўня і 11 чэрвеня. Патлумачыўшы, што 14 траўня збяруць усіх у мясцовым Палацы культуры і там ужо абвесцяць, хто прайшоў адбор. Апошнія 11 чэрвеня з'язджаюць у Менск да 5 ліпеня.
- Нам сказалі, што на чале нібыта будзе ісці старшыня райвыканкама. Маўляў, будзе нейкі незвычайны парад, прысвечаны 75-годдзю вызвалення Беларусі. Як я стаўлюся да таго, што магу паехаць на парад? Адмоўна. У нас шмат вайскоўцаў, салдат, тэрміновай службы. Яны людзі падрыхтаваныя. Я дваццаць гадоў не крочыў, а цяпер давядзецца тры тыдні трэніравацца, каб там прыгожа прайсці. У мяне ёсць асабістае жыццё, ну што гэта такое? Прыйдзецца жыць у казарме, - абураецца Аляксандр.
Пры гэтым за 25 дзён адсутнасці на працы мужчыну абяцаюць выплаціць сярэдні заробак.
- Самая падрабязная інфармацыя пра парад войскаў менскага гарнізона ў гэтым годзе будзе даведзеная да грамадскасці па меры прапрацоўкі, узгаднення і зацвярджэння ўсіх пытанняў яго падрыхтоўкі і правядзення. У тым ліку складу войскаў, якія ўдзельнічаюць у парадзе, - пракаментавалі ў Міністэрстве абароны. – Цяпер ажыццяўляецца прапрацоўка ўсіх пытанняў падрыхтоўкі правядзення парада.