18 траўня 2024, Субота, 20:00
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Трыццаць тры палацы

25
Трыццаць тры палацы
ФОТА: TUT.BY

Колькі яшчэ лядовых арэн трэба дыктатару?

У Менску на праспекце Пераможцаў адкрылі новую лядовую пляцоўку. У снежні на ёй ужо гуляў Лукашэнка, таксама тут трэніруюцца каманды аматарскай лігі ягонага спартыўнага клуба і вучні хакейнай школы. Для астатніх наведвальнікаў уваход пакуль закрыты, паведамляе «Белсат».

У Беларусі, са звестак Федэрацыі хакея, без уліку новай арэны, існуе 32 лядовыя палацы. Гэта значыць на адзін палац прыпадае 296 тысяч чалавек, якія пражываюць у краіне. Для параўнання: у Канадзе на адную лядовую арэну прыпадае 10,8 тысяч жыхароў, у Фінляндыі - на 20,8 тысяч, а ў Швэцыі - на 27,4 тысяч.

Цяпер большасць лядовых арэн знаходзіцца ў Берасцейскай вобласці. На другім месцы - Менск з сямю арэнамі. У Менскай вобласці пяць лядовых палацаў, у Магілёўскай - чатыры. Па тры арэны ў Віцебскай і Гомельскай абласцях, у Гарадзенскай - дзве.

Таксама раней былі планы пабудаваць лядовыя арэны ў Асіповічах, Барысаве, Ваўкавыску, Глуску, Глыбокім, Гомелі, Драгічыне, Калінкавічах, Касцюковічах, Клічаве, Крычаве, Лепелі, Мазыры, Новалукомлі, Рэчыцы, Светлагорску, Слоніме і Чавусах. Усяго іх колькасць павінна была дасягнуць 50! Праўда, многія з іх праз непатрэбнасць ператварыліся ў даўгабуды і нават прадаюцца на аўкцыёнах.

Самыя старыя і самыя маладыя арэны

Самая старая лядовая арэна ў Беларусі - Палац спорту, размешчаны на праспекце Пераможцаў у Менску. Ён быў пабудаваны яшчэ ў 1966 годзе. У ТОП-3 самых старых арэн таксама ўваходзяць Палац спорту і культуры, які адчыніў свае дзверы ў 1974 годзе ў Наваполацку, і крыты каток хакейнага клуба «Юнацтва - Менск», які пачаў дзейнічаць у 1976 м.

Самымі маладымі ж з'яўляюцца лядовыя палацы, збудаваныя ў Горках (2012 год), Оршы (2013-ы) і менская «Чыжоўка - Арэна», якую адкрылі ў 2013 годзе да чэмпіянату свету ў хакеі 2014 года.

Самая маленькая і самая вялікая арэны

Не ўсе беларускія лядовыя арэны вялікія. Напрыклад, лядовы каток у Раўбічах (Менскі раён), месціць толькі 120 чалавек. Але ёсць у Беларусі і сапраўдныя гіганты. Самай вялікай лядовай пляцоўкай з'яўляецца «Менск - Арэна», якая змяшчае аж 15 086 чалавек. На другім месцы ўжо згаданая вышэй «Чыжоўка - Арэна» - на 8 800 чалавек. Замыкае тройку лідараў «Бабруйск - Арэна», на якую месціцца 7 191 чалавек.

Напісаць каментар 25

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках