26 красавiка 2024, Пятніца, 20:29
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Мянчук: Мне ад дзяржавы нічога не трэба, я хачу, каб ад мяне адсталі

48
Мянчук: Мне ад дзяржавы нічога не трэба, я хачу, каб ад мяне адсталі
Фота: bortnikau.livejournal.com

Жыхар сталіцы прынцыпова не мае намеру плаціць дзяржаве паборы.

Мянчук патрабуе выключыць яго з спісу "дармаедаў". Ён прынцыпова не мае намеру плаціць дзяржаве паборы.

Жыхар Менска Ігар Якшэвіч звярнуўся ў адміністрацыю Маскоўскага раёна з заявай наконт выключэння яго з базы "дармаедаў".

"Дзяржаўныя даброты, кажаце?.."

Камісія ў каардынацыі працы для спрыяння занятасці насельніцтва адміністрацыі Маскоўскага раёна даслала апавяшчэнне, што Ігар Якшэвіч не ўдзельнічае ў фінансаванні дзяржаўных выдаткаў, піша БП.

Такім чынам, з сакавіка 2019 года аплата за падагрэў вады з пачатку года будзе яму налічвацца паводле тарыфу, які забяспечвае так званае поўнае пакрыццё выдаткаў.

Абураны мянчук патрабуе выключыць яго з базы персанальных звестак.

– Прыйшоў ліст з адміністрацыі Маскоўскага раёна Менска, і ў апошняй жыроўцы (з адваротнага боку) мне паведамляюць, што вы "папярэдне аднесеныя да грамадзянаў, не занятых у эканоміцы". Я не згодны, што мяне запісалі ў "дармаеды", – абураецца Ігар Якшэвіч.

– Вы цяпер нідзе не працуеце?

– Скажам так: я ніколі не працаваў на дзяржаву, гэта справа прынцыпу.

– Вы жывяце адзін?

– Цяпер я жыву з маці-пенсіянеркай, дачка жыве асобна, яна дарослая.

– Колькі вы заплацілі паводле апошняй жыроўкі?

– Апошні раз (у суботу) я заплаціў 86 рублёў 44 капейкі за студзень. Мы жывем у трохпакаёвай кватэры, у панэльным доме. Сам я будаўнік, шабашнік, як нас называюць. Мне ад дзяржавы нічога не трэба, я хачу, каб ад мяне адсталі: я даўно забіў у сабе дзяржаву.

– Камісія ў каардынацыі працы для спрыяння занятасці насельніцтва Маскоўскага раёна відавочна прад'явіць вам контраргумент, што Вы карыстаецеся дзяржаўнымі выгодамі...

– Дзяржаўнымі выгодамі, кажаце?.. Дзяржаўныя выгоды – асобная тэма, асабліва медыцына. У мяне, напрыклад, праблемы з сэрцам. У паліклініцы мяне перакідваюць з чаргі ў чаргу; каб патрапіць на прыём да кардыёлага – трэба два месяцы бадзяцца ў чэргах. Так праз два месяцы я ўжо буду на Паўночных (могілках у Менску – заўв.)...

Таму я за свае грошы пайшоў у платны цэнтр "Сэрца" і па-хуткаму абследаваў сваё сэрца. Таму што паліклініка – не для мяне, я гэта ўжо зразумеў. Я разумею, што лекары, на жаль, – пешкі, ад іх нічога не залежыць.

– Калі камісія адмовіцца выключаць вас са спісу "дармаедаў", што будзеце рабіць?

– Ужо падрыхтаваны пазоў у суд. Я прашу няшмат: шануйце мае правы.

"Дэкрэт аб дармаедах" замахваецца на асабістую годнасць і недатыкальнасць прыватнага жыцця

Ігар Якшэвіч абгрунтаваў сваё патрабаванне пісьмова і накіраваў у адміністрацыю Маскоўскага раёна.

Дэкрэт "аб дармаедах" уводзіць новую форму прымусовай працы, што супярэчыць Канстытуцыі (арт. 41) арт. 13 ТК і міжнародным абавязальніцтвам краіны.

Беларусь, як і многія краіны свету, фармуе свой бюджэт і ажыццяўляе дзяржаўныя выдаткі ў асноўным за кошт падаткаў (наўпростых ці ўскосных), якія прадугледжаныя Падатковым кодэксам.

Такім чынам, удзел грамадзянаў у гэтых дамоўных і іншых стасунках напоўніцу адпавядае патрабаванням арт. 56 Канстытуцыі пра абавязак удзельнічаць у фінансаванні дзяржаўных выдаткаў "шляхам аплаты дзяржаўных падаткаў, мытаў і іншых плацяжоў".

Названыя супярэчнасці дэкрэта з Канстытуцыяй і заканадаўствам выкліканыя несістэмным характарам акта, выдадзеным з парушэннем асноўных прынцыпаў норматворчай дзейнасці (арт. 7, 9 Закона "Аб нарматыўных прававых актах Рэспублікі Беларусь").

Канстытуцыя замацавала абавязак дзяцей клапаціцца пра сваіх бацькоў, а Кодэкс аб шлюбе і сям'і дэталізаваў: утрыманне непрацаздольных, якія маюць патрэбу ў дапамозе бацькоў, з'яўляецца абавязкам іхніх няпоўнагадовых працаздольных дзяцей.

"Дэкрэт аб дармаедах" не вызваляе ад падатку дзяцей, якія выконваюць свой канстытуцыйны абавязак у клопаце пра сваіх бацькоў і ажыццяўляюць догляд за непрацаздольнымі бацькамі, што маюць патрэбу ў дапамозе, у тым ліку з інваліднасцю (за выключэннем інвалідаў 1 групы, асобаў ва ўзросце 80 гадоў і старэйшых).

Больш за тое, "дэкрэт аб дармаедах" замахваецца на асабістую годнасць і недатыкальнасць прыватнага жыцця, упэўнены Ігар Якшэвіч.

Паняцце "сацыяльнае ўтрыманства" ў дэкрэце набыло няўхвальную афарбоўку і фактычна малюе катэгорыю людзей, якія імкнуцца жыць за кошт іншых: працоўных, дзяржавы ў цэлым, якая размяркоўвае пэўныя паслугі бясплатна.

Фактычна ствараецца ўяўленне пра тое, што хто не працуе, той паводзіць сябе супрацьпраўна. Жыве за кошт іншых.

Прэзумпцыя невінаватасці ў Беларусі не працуе

– Абсалютна падтрымліваю пазіцыю Ігара Якшэвіча, таму што дзяржава – не адзін чалавек, які прымае аднаасобныя пастановы, а ўсе, хто жыве ў Рэспубліцы Беларусь. Калі адзін чалавек навязвае сваю волю ўсім, то, напэўна, яму варта зазірнуць у Канстытуцыю, у якой напісана: адзінай крыніцай улады ў краіне з'яўляецца народ.

Народ ужо выказаў сваё меркаванне пра дэкрэт №3 у 2017 годзе, думаю, што і пра дэкрэт №1 меркаванне народа не змянілася. Застаецца пытанне: чаму воля народа не выконваецца? – задаецца рытарычным пытаннем прававы інспектар прафзвязу РЭП Юры Белякоў. – Калі ў чыноўнікаў узнікаюць пытанні, прэтэнзіі да грамадзянаў, раю разгарнуць першую старонку Канстытуцыі.

– У жыроўцы пазначана: "вы папярэдне аднесеныя да грамадзянаў, незанятых у эканоміцы". Што значыць – папярэдне? Дзяржава павінна абараняць грамадзяніна, а не без суда і следства запісваць яго ў злачынцы. Прэзумпцыя невінаватасці ў Беларусі не працуе.

Ты не зрабіў ніякай правіны, а цябе ўжо караюць і караюць. А каб цябе не пакаралі, табе трэба ісці на паклон да дзядзькаў і цёткаў у выканкам, якія, падобна, не ведаюць, што такое правы чалавека, – падкрэсліў Юры Белякоў.

Напісаць каментар 48

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках