26 красавiка 2024, Пятніца, 6:38
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Раман Кісляк: Нават калі завод пад Берасцем пачне працаваць, мы не спынім наш пратэст

5
Раман Кісляк: Нават калі завод пад Берасцем пачне працаваць, мы не спынім наш пратэст
РАМАН КІСЛЯК

Сёння пратэстоўцы зноў прайшлі калонай цэнтральнымі вуліцамі Берасця.

На гэты раз на традыцыйнае кармленне галубоў прыйшло больш за 150 удзельнікаў. Людзі сабраліся на галоўнай плошчы горада, а потым прайшлі калонай цэнтральнымі вуліцамі Берасця.

Першы раз на плошчы Леніна берасцейцы сабраліся 25 лютага мінулага года. З тых часоў мінуў год, людзі выходзяць на плошчу кожную нядзелю, пішуць скаргі і звароты, сабралі 40 тысяч подпісаў, а ўлады робяць выгляд, што нічога не адбываецца.

ШЭСЦЕ ПРАЦІЎНІКАЎ АКУМУЛЯТАРНАГА ЗАВОДА
ШЭСЦЕ ПРАЦІЎНІКАЎ АКУМУЛЯТАРНАГА ЗАВОДА

Акумулятарны завод пад Берасцем ужо фактычна пабудаваны, на мінулым тыдні на яго запрасілі журналістаў, але толькі тых, хто быў у спісах «АйПаўэра». Пасля гэтай сустрэчы стала вядома, што запуск завода плануюць ужо ў сакавіку, у наступным месяцы запланавана зрабіць першы акумулятар.

ЛЮДЗІ ПРЫХОДЗЯЦЬ ПРАТЭСТАВАЦЬ СЕМ'ЯМІ

- Нават калі завод пачне працаваць, мы не спынім наш пратэст, мы прадоўжым дзейнічаць, і зробім усё, каб закрыць гэту шкодную вытворчасць, - кажа «Белсату» праваабаронца Раман Кісляк.

АПОШНІЯ ТРЫ РАЗЫ КАРМЛЕННЕ ГАЛУБОЎ ПЕРАРАСТАЕ Ў ШЭСЦЕ ЦЭНТРАЛЬНЫМІ ВУЛІЦАМІ БЕРАСЦЯ

На гэты раз перад самым пачаткам «кармлення галубоў» быў затрыманы АМАПам актывіст Аляксандр Кабанаў, пазней яго адпусцілі без складання пратаколу. Адзначым, што 24 лютага знізілася колькасць удзельнікаў пратэсту: калі ў мінулыя разы на плошчы збіралася блізу 240 чалавек, то на гэты раз на розныя ацэнкі на акцыю прыйшло 150-180 удзельнікаў. Абмеркаваўшы сітуацыю, людзі ўжо трэцім разам прайшліся цэнтральнымі вуліцамі Берасця.

БЕРАСЦЕЙЦЫ ЎЖО ГОД ЗБІРАЮЦЦА НА ПЛОШЧЫ І КОРМЯЦЬ ГАЛУБОЎ

Нагадаем, жыхары Берасця і Берасцейскага раёна пратэстуюць супраць акумулятарнага завода недалёка ад горада. За год пратэсту было забаронена 57 мітынгаў, 8 дэманстрацый і 12 пікетаў, а таксама мясцовы рэферэндум. Таму людзі збіраюцца на цэнтральнай плошчы Берасця і кормяць галубоў, але і пры такім фармаце ўлады ўжываюць рэпрэсіі. Многіх удзельнікаў кармленняў галубоў затрымлівала міліцыя, людзей штрафавалі і трымалі ў ізалятары.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках