20 траўня 2019, панядзелак, 14:52
За нашу і вашу свабоду!
Рубрыкі

Лукашэнка хоча, каб беларусы працавалі без заробку?

69

Рабочыя ў Гомелі праводзяць паралелі з Венесуэлай.

На працягу студзеня сайт Charter97.org публікаваў інфармацыю аб рэальных заробках беларусаў. Агучаныя людзьмі лічбы ашаламляльна адрозніваюцца ад афіцыйнай статыстыкі.

Так, актывіст з Воршы Раман Кузьмянкоў сцвярджае, што заробкі ў буйным прамысловым райцэнтры «як заварожаныя, круцяцца ля лічбы 400 рублёў»

Былы рабочы «Белшыны», які з'ехаў на заробкі за мяжу, сцвярджае, што прапанаваны ў Беларусі заробак з'яўляецца зневажальным для «мужыка з галавой і рукамі».

Але нават і такі заробак не ўсюды выдаюць грашыма. Напрыклад, на вядомай гомельскай трыкатажнай фабрыцы «8 сакавіка» частку палучкі рэгулярна выдаюць прадукцыяй: панчохамі, шкарпэткамі і ніжняй бялізнай.

Ці сапраўды заробкі большасці людзей у рэгіёнах з'яўляюцца зневажальнымі для людзей? На пытанні Charter97.org адказвае прадстаўнік Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу ў Гомелі Алесь Яўсеенка.

- Што кажуць у вас у рэгіёне людзі пра свае даходы?

- Дазволю сабе пагадзіцца з былым работнікам «Белшыны»: такія заробкі зневажальныя для чалавека.

Побач з заводам «8 сакавіка», што праславіўся заробкамі ў выглядзе панчох, у нас у Гомелі ёсць абутковая фабрыка «Труд», якая выпускае рабочы абутак. Туды ўладкавалася на працу мая суседка. Чалавек увесь тыдзень, не разгінаючыся, выточваў падэшвы. І ў яе заробак - увага - 220 рублёў. Не даляраў - беларускіх рублёў!

Кожны раз, калі афіцыёз піша пра сярэднія заробкі ў $500 па краіне, я спрабую сабе ўявіць, колькі ж насамрэч зарабляюць чыноўнікі і іншыя прыслужнікі Лукашэнкі. Бо калі гомельскія рабочыя атрымліваюць па сто даляраў, то для «сярэдняга па пяцьсот» заробак у чыноўніка павінны быць у некалькі разоў вышэйшы за тыя самыя $500.

Пры гэтым Гомель - найбуйнейшы абласны цэнтр у Беларусі. А калі ўзяць раёны і навакольныя вёскі, то там заробак наогул вымяраецца лічбай «нуль». Таму што часта зусім няма працы.

Казаць пра тое, што сярэдні заробак у раёнах 200 даляраў - гэта ўжо перабольшанне. Добры спецыяліст у буйным абласным цэнтры зарабляе 400 рублёў. Столькі, напрыклад, атрымлівае мая жонка - настаўніца са стажам, якая пасля асноўнай працы яшчэ і працуе дома за кампутарам, так што яе практычна не відаць.

У рэальнасці сярэдні заробак у рэгіёнах значна менш за 200 даляраў. 100 даляраў - вось рэальная лічба. Беларусаў вярнулі да заробку ў 100 даляраў, як гэта было ў 90-я. Сітуацыя, без перабольшання, катастрафічная.

- Хто зарабляе менш за ўсё? Якія прафесіі не дазваляюць карміць сябе і сям'ю?

- На жаль, самае цяжкае становішча - у кваліфікаваных інжынераў і інжынерна-тэхнічных работнікаў. Каб падрыхтаваць такога спецыяліста, патрэбныя сродкі і час. А атрымліваюць яны ў нашым рэгіёне блізу 300 рублёў.

Вядома, ёсць заробкі і ніжэйшыя, але я кажу пра суадносіны кваліфікацыі, часу, выдаткаванага на навучанне і рэальныя даходы. Мерчэндайзер у краме, праца якога не патрабуе спецыяльнай адукацыі, часта атрымлівае больш, чым дыпламаваны інжынер. Гэта зневажальна для людзей і небяспечна для краіны: тэхнічныя кадры бягуць з Беларусі.

Другая незапатрабаваная прафесія - гэта настаўнікі. Фактычна людзі гэтай спецыяльнасці працуюць больш, чым належыць, за мізэрныя грошы. У школах застаюцца ў асноўным тыя, хто сканчаў універсітэт яшчэ ў савецкі час, да 90-х. Маладыя імкнуцца пазбегнуць як мага хутчэй - адразу пасля размеркавання.

Спецыялісты бягуць з гэтых сфер, куды толькі атрымліваецца. Людзі гатовыя стаяць у мароз на рынку - абы не працаваць на дзяржпрадпрыемствах і ў адукацыі. Я знаёмы з гомельскімі ІП: палова з тых, што гандлююць на рынку - людзі з вышэйшай адукацыяй.

- Якімі могуць быць наступствы таго, што гэтыя прафесіі не запатрабаваныя?

- Беларусь да прыходу да ўлады Лукашэнкі славілася сваім узроўнем адукацыі і інжынерна-тэхнічнай базай. Цяпер мы ўсе гэта імкліва губляем, «мазгі» з'язджаюць з краіны. Адсутнасць такіх спецыялістаў у краіне пазбаўляе яе перспектыў у будучыні.

- Давайце вернемся да сітуацыі на фабрыцы «8 сакавіка». Пра што кажа тое, што ў 21-м стагоддзі заробак у буйным абласным цэнтры выдаюць не грашыма, а калготкамі?

- Гэта вяртанне ў першабытна-абшчынны лад, да натуральнай гаспадаркі. У нармальнага чалавека гэта ў галаве не ўкладваецца.

У нас у Гомелі да нядаўняга часу была фабрыка гумовых вырабаў, якая ўжо паспяхова «загнулася». На ёй рабілі галёшы. Прадукцыя ішла на экспарт у Туркменістан. Там апошнім часам перад развалам фабрыкі заробак выдавалі галёшамі. І вось людзі станавіліся на рынку і прадавалі іх за капейкі. Ці аддавалі рэалізатарам за бесцань, таму што самім трэба было ісці на змену на фабрыку.

Гэта метафара да таго, што цяпер робіцца на прадпрыемствах. Беларусаў замест заробкаў адпраўляюць гандляваць галёшамі - вось такая ў нас сітуацыя.

Так што фабрыка «8 сакавіка» не самотная. На тым жа Гомельскім малаказаводзе яшчэ да нядаўняга часу частку заробку аддавалі малочнай прадукцыяй.

Што тут дзіўнага? Лукашэнка пераводзіць краіну на натуральную гаспадарку, прапануе беларусам замест заробкаў збіраць бульбу. Паглядзіце, колькі ўвагі надае прапаганда яго бульбе і кавунам, вырашчаным у Драздах. Або чатыром мяшкам бульбы, якія ён прывёз у падарунак Пуціну.

Ён бы хацеў, каб уся краіна жыла без заробкаў, на адной бульбе. Толькі тут ёсць адзін момант: звычайны гараджанін, калі ў яго ёсць дачны ўчастак або дом у вёсцы, плаціць у 2-3 разы больш за ўсе паслугі, якія туды падведзены. Так што хай Лукашэнка будзе паслядоўным да канца і абкладзе сваю зямлю ў Драздах патройнымі тарыфамі. Вось і паглядзім, якая тады будзе «камуналка» ў жыхароў элітнага пасёлка.

- Які «дыягназ» можна паставіць беларускай эканоміцы - з улікам рэальнага ўзроўню даходаў нашых грамадзян?

- Сёння эканамісты кажуць пра нафтавы праклён для краін са здабыўнай эканомікай. Прыклад - Венесуэла, нафтаносная краіна, дзе лютуе крызіс і рэжым хутка можа быць скінуты народам.

Экспэрты кажуць пра нафтавы праклён і для Беларусі. Хоць у нас і няма сваёй нафты, але ўлада стварыла ПАРАЗІТЫЧНУЮ мадэль, каб жыць за кошт перапродажу расейскай нафты і «растваральнікаў» з яе замест развіцця эканомікі.

Таму крызіс у нас будзе паглыбляцца, а ўзровень жыцця працягне падаць. У нас сталі непрэстыжнымі інжынерныя спецыяльнасці, практычна няма каму ўжо мадэрнізаваць прамысловасць. Наша прадукцыя будзе заставацца энэргаёмістай і не здольнай да канкурэнцыі, а эканоміка - сыравіннай.

Я кожны дзень бачу, як праз Гомель ідуць фуры з беларускім лесам на экспарт. Улада жыве па прынцыпе: схапі сёння, колькі можаш, а заўтра - хоць трава не расці.

Людзі глядзяць тэлевізар, чытаюць незалежныя СМІ, праводзяць паралелі. Рабочыя каля прахадных лаюць уладу апошнімі словамі, плююцца. Кажуць: у нас ужо амаль тое ж самае, што і ў Венесуэле. Кідаюць у адрас Лукашэнкі: дачакаешся, што будзе, як у Каракасе.

Усе разумеюць: рэжым раскрадае краіну, кідае велізарныя сродкі на ўтрыманне міліцыі, а людзі сухары сушаць. Да канца месяца ў многіх грошай не стае. Перад святамі апошняе здаюць у абменнікі. Скончыцца гэтая «падушка» - і потым будзе, як у Венесуэле.