27 красавiка 2024, Субота, 0:33
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Прадпрымальнікі сыходзяць з рынкаў

57
Прадпрымальнікі сыходзяць з рынкаў
ФОТА: BYMEDIA

Пустуючых месцаў у гандлёвых цэнтрах становіцца больш.

Ва ўладаў з ІП - асаблівыя стасункі. Цяжка назваць групу насельніцтва, якой бы так моцна перакрывалі кісларод новымі пастановамі і ўказамі. Колькасць дробных прадпрымальнікаў скарацілася прыкладна на пяць тысяч за год, а ў бізнэс уваходзіць усё менш людзей.

У якіх умовах сёння прыходзіцца працаваць прадпрымальнікам? Чаму беларускія ўлады працягваюць вайну супраць ІП? Сайт Charter97.org задаў гэтыя пытанні віцебскай прадпрымальніцы, старшыні аргкамітэту ў стварэнні прафсаюза «Разам» Ірыне Яскевіч.

- 18 сакавіка Нацбанк заявіў, што ён забараняе ІП наяўныя разлікі за мяжой. Як развіваецца сітуацыя?

- Нас запэўнілі ў тым, што да 2021 года гэтая пастанова не ўвойдзе ў дзеянне. Аднак улады цвёрдыя ў сваё жаданне перавесці ІП на безнаяўныя разлікі. Больш за тое, не так шмат часу засталося да 2021 года. Калі гэтая забарона ўвойдзе ў дзеянне, то 85% прадпрымальнікаў проста не змогуць працаваць. У многіх ІП няма элементарных рэчаў: тэрмінала, банкаўскіх рахункаў. Бо нам трэба дакументальнае пацвярджэнне куплі тавару. Усе гэтыя дзеянні прывядуць да падаражання прадукцыі. А пакупніцкая здольнасць насельніцтва, як вы ведаеце, вельмі малая.

Сёння вельмі моцная канкурэнцыя з боку «сецявікоў», так званых «гасцей з Сярэдняй Азіі». Гэта адкладае свой адбітак на вядзенне бізнэсу.

Думаю, што вы заўважылі, што пустых месцаў у гандлёвых цэнтрах і на рынках стала больш. Іх бы было яшчэ больш, але адкрыю вам сакрэт - людзям проста няма куды сыходзіць.

Многія за гады вядзення бізнесу страцілі сваю кваліфікацыю і не могуць знайсці працу па сваёй спецыяльнасці. Ім вельмі цяжка канкураваць на рынку працы. Па-другое, вы самі ведаеце, што заробкі ў нас у краіне так сабе.

Для многіх гэта было б выхадам, калі б у іх была магчымасць зачыніць ІП і сысці працаваць на звычайную працу за добрыя грошы. Але такога варыянту ў людзей проста няма. Акрамя таго, сыход з прадпрымальніцтва азначае тое, што ты аўтаматычна становішся «дармаедам».

- У ІП вялікія праблемы праз сертыфікацыю тавараў. Як гэта адбіваецца на вядзенні бізнэсу?

- Так, гэта праблема захавалася. Анлайн-чэкі, аплата безнаяўным разлікам - снежны ком толькі нарастае. Я б сказала ўладам: ды адчапіцеся вы ўжо ад гэтых прадпрымальнікаў! Займіцеся заводамі, дарогамі, бальніцамі, працоўнымі месцамі. Скажу больш, калі ўлады так не любяць прадпрымальнікаў, то хай дадуць магчымасць зарабляць па-за бізнэсам. Людзі будуць толькі рады.

- Яшчэ адзін галаўны боль для прадпрымальнікаў - гандляры з Сярэдняй Азіі, якія працуюць на звышльготных умовах. Як вы змагайцеся з несумленнай канкурэнцыяй, на якую ўлады заплюшчваюць вочы?

- Там, дзе ІП самаарганізуюцца і трымаюць улады ў тонусе - там менш праблем. Я спадзяюся, што нам удасца перамагчы гэтую навалу.

У нас сёння вялікія пытанні да «табакерак», якія належаць набліжаным да беларускіх уладаў бізнэсоўцаў.

Калі анансаваўся іх прыход, то ўсё думалі, што яны будуць рэалізоўваць выключна тытунёвую прадукцыю. А сёння мы бачым, што «табакеркі» займаюцца раздробным гандлем: прадаюць печыва, шакалад і іншае.

Людзі, якіх прымусілі разбурыць свае шапікі, сёння не разумеюць. Атрымліваецца, што такі род дзейнасці для кагосьці дазволены, а для кагосьці не. Выходзіць, што ўсе роўныя перад законам, але ёсць «больш роўныя».

Улады ўвесь час кажуць пра тое, што такі від прадпрымальніцкай дзейнасці сябе зжывае, што шапікі неактуальныя. Я бывала ў іншых краінах і скажу, што гэта не так. Яны існуюць за мяжой. Больш за тое, людзі займаюцца яшчэ больш дробным гандлем. Стаяць за латкамі, прадаюць ягады, гародніну. Гэта мае месца быць. Нельга секчы пад корань ужо створаныя традыцыі. Створаны прававую базу і дайце людзям працаваць. Пачніце глядзець на ІП як на грамадзян. Дайце зарабіць капейчыну.

Паўтаруся, што людзям проста няма куды сыходзіць. Калісьці я набралася смеласці і сказала, што калі ў кагосьці ёсць магчымасць - хай яны сыходзяць з ІП. Нехта пайшоў і потым мне распавядаў, што на першым часе яны адпачывалі, пачалі спакойна спаць. Бо ў ІП велізарны галаўны боль з бюракратыяй і папяровай працай. Людзі не спяць начамі, баяцца, што дзесьці дапусцілі памылку. Але як толькі прыйшоў час плаціць за вучобу дзяцей, аплачваць крэдыты - гэтыя людзі вярнуліся ў бізнэс. ІП - гэта апошняя магчымасць зарабіць у нашай краіне.

- Зусім нядаўна Лукашэнка заявіў пра ўнікальную свабоду, якая ёсць у беларускіх ІП. Ці адчулі вы гэтую свабоду на сабе?

- Нам далі волю. У нас ёсць права бясплатна дыхаць паветрам. У нас ёсць права перайсці на танныя прадукты, якія цяжка нават назваць прадуктамі. У нас ёсць права глядзець у вочы пенсіянерам, але хочацца адвесці вочы ад сораму. У нас вельмі шмат правоў, але хочацца ўжо, каб пачаў працаваць закон. Ды і свабоду не даюць, яе бяруць.

Пастаянна баяцца - гэта ненатуральна, гэта супраць чалавечай прыроды. Калі чалавек напалоханы - ён становіцца непрадказальным. Нагадаю уладам аб тым, што загнаны ў кут звер становіцца небяспечным.

Напісаць каментар 57

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках