26 красавiка 2024, Пятніца, 10:46
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Сапраўдныя дармаеды прывялі да таго, што справы ў эканоміцы - швах»

22
«Сапраўдныя дармаеды прывялі да таго, што справы ў эканоміцы - швах»

Берасцеец распавёў пра галоўных дармаедаў Беларусі.

Днямі стала вядома, што ў базе «дармаедаў» апынуліся 25 тысяч берасцейцаў. Выходзіць, што практычна кожнаму 14-аму жыхару горада будзе налічаная падвышаная ў разы «камуналка».

Адкуль у Берасці так шмат беспрацоўных? Як могуць адрэагаваць берасцейцы на касмічныя рахункі?

Па каментар сайт Charter97.org надумаў звярнуцца да вядомага берасцейскага блогера і актывісту Сяргея Пятрухіна:

- У нас у Берасці сапраўды вельмі шмат сапраўдных гультаёў. Мы ўсе з вамі іх ведаем. Я маю на ўвазе цяпер не гэтыя 25 тысяч берасцейцаў, а чыноўнікаў. На мой погляд, гарадскія і рэспубліканскія ўлады датычныя да таго, што справы ў нашай эканоміцы зусім «швах».

Падкрэслю, самыя галоўныя «дармаеды» - гэта чыноўнікі і сілавікі, якія высмоктваюць грошы з усіх астатніх беларусаў, якія сапраўды працуюць або іншым чынам удзельнічаюць у эканоміцы краіны.

Яны вінаватыя яшчэ і ў тым, што так шмат людзей з'язджае з Беларусі працаваць у суседнія краіны.

- Дарэчы, днямі з'явілася інфармацыя, што «дармаеды» пералічылі з-за мяжы ў Беларусь больш за мільярд даляраў. Ці справядліва, што людзей, якія з'ехалі працаваць за мяжу, беларускія ўлады называюць «незанятымі ў эканоміцы», «дармаедамі», а яны робяць такое велізарнае ўліванне ў эканоміку?

- Людзі хочуць годна жыць, мець нармальную працу. Ніхто не хоча працаваць бясплатна. У сітуацыі, якая склалася нармальна, што беларусы едуць працаваць, напрыклад, у Польшчу, дзе атрымліваюць добрыя грошы і вяртаюць іх у нашую эканоміку. Чаму ва ўладаў паварочваецца язык называць такіх людзей «дармаедамі» я не ведаю. Тут логіка не працуе.

Відавочна, што ўлады проста нямоглыя, яны не ведаюць, што ўжо выдумаць і зрабіць. Працаваць - гэта права чалавека, а не абавязак, а яны хочуць стварыць з краіны нейкі працоўны лагер. Хочуць, каб нехта гарбаціўся за шэлег, зарабляючы ім на салодкае жыццё, да якога яны звыклі. Мы бачым, што фінансаванне ад Расеі зніжаецца, «Рассельгаснагляд» пачаў закрываць дарогі нашаму экспарту, а сродкі ж аднекуль браць трэба. Натуральна, што апетыты свае яны змяншаць не хочуць. Не гатовыя адмовіцца ад шыкоўнага ладу жыцця. Ім пляваць на людзей, яны думаюць толькі пра сябе.

Вось і надумалі, маючы ўладу, забіраць у беларусаў апошняе: уводзяць новыя падаткі, вымантачваюць з людзей грошы.

- Як вы думаеце, а да чаго можа прывесці такая палітыка ўладаў?

- Напрыклад, у суседняй Польшчы становіцца ўсё больш беларусаў. З часам дойдзе да таго, што ў Польшчы будзе шмат кваліфікаваных кадраў з Беларусі, а ў нас абвострыцца нястача людзей у асноўных галінах, якая і так ужо існуе.

Балюча, што з нашай краіны з'язджаюць найразумнейшыя, ініцыятыўныя, прадпрымальныя людзі ды і проста прафесійныя працаўнікі. Многія сваіх дзяцей адпраўляюць або мараць адправіць вучыцца за мяжу. Вось мой сябар адправіў дачку ў Польшчу і моліцца, каб яна не вярнулася пасля вучобы.

- Скажыце, а што б вы параілі тым 25-ці тысячам берасцейцаў, якія атрымаюць «дармаедскія» рахункі?

- Я раю ўсім, напрыклад, ісці на прыём да Ліса (Анатоль Ліс - намеснік кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі, «губернатар» Берасцейскай вобласці - Charter97.org) і сказаць: «Таварыш, а што гэта наогул такое? Растлумачце, адкуль гэтыя лічбы? З чаго фармуецца рахунак? Чаму ён так вырас? Чаму наогул кошты растуць, а заробкі не? Дзе працоўныя месцы?»

Ускінуць на яго ўсе гэтыя пытанні і няхай тлумачыць! Чым больш людзей да яго адначасова прыйдзе на прыём, тым гэта будзе больш эфектыўна.

- У гэтую нядзелю Берасце ўразіла ўсю Беларусь. Нягледзячы ні на што, карміць галубоў выйшлі блізу 500 чалавек. Цяпер жа да існых праблем у горадзе дададуцца яшчэ і падвышаныя рахункі. Якой можа быць рэакцыя людзей?

- Калі казаць пра нашае кармленне галубоў, то людзі не маюць намер мірыцца з тым, што акумулятарны завод, які можа пачаць працу, прычыніць шкоду здароўю іх дзяцей. Яны зацята змагаюцца за здароўе сваё і блізкіх. Я перакананы, што гэты завод абсалютна бесперспектыўны. Нават калі яго і запусцяць, то потым закрыюць, таму што людзі не дадуць яму працаваць.

Вельмі вялікую працу правяла ініцыятыўная група, выявіўшы шматлікія парушэнні пры будаўніцтве. Яны сабралі процьму фактаў і данеслі іх да людзей. Хачу яшчэ адзначыць, не факт, што людзі, якія не выходзяць карміць галубоў, за завод. Яны яшчэ могуць далучыцца, бо абараняць сваіх дзяцей будзе кожны адэкватны чалавек. Гэтыя пратэсты ўжо не спыніць.

А падвышаныя рахункі таксама закранаюць інтарэсы сем'яў, чальцы якіх запісаны ў «дармаеды». Велізарная камуналка б'е па і так сціпламу бюджэту.

- Ці ўзмоцніць гэта пратэстныя настроі?

- Так. Рэч у тым, што цяпер завод адыходзіць на другі план. Дзякуючы гэтай барацьбе з заводам, людзі ўбачылі сапраўдны твар улады. Іх ужо хвалюе не толькі завод, але і іншыя праблемы: рахункі, дэкрэты, беззаконне сілавікоў. Людзі пытаюцца, а чаму мы дрэнна жывём, а ўлады, нічога не робячы, проста выдатна. Чаму на нас паразітуюць і пры гэтым абзываюць «дармаедамі», «народцем»? Гэтыя пытанні стаяць востра і чым у людзей будзе менш грошай, тым сітуацыя будзе яшчэ больш разгарацца.

Мы можам яшчэ ўбачыць і новы твар пратэстаў, да якіх далучацца і «дармаеды», і супраціўнікі завода, і незадаволеныя міліцэйскім беззаконнем. Рана ці позна гэта адбудзецца. Людзі трываць ужо не могуць. Гэта край.

Напісаць каментар 22

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках