21 жнiўня 2026, Пятніца, 21:32
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Памежнік стрэліў яму ў спіну каля бацькоўскага дома»

27
«Памежнік стрэліў яму ў спіну каля бацькоўскага дома»
УЛАДЗІМІР З СЫНАМ

Што вядома пра затрыманне парушальніка ў Пастаўскім раёне?

Смаргонскія памежнікі заўважылі парушальніка мяжы. Мужчына спрабаваў збегчы. Пагоня завяршылася стральбой, цяпер парушальнік у бальніцы. Гэта афіцыйная версія таго, што адбылося 27 красавіка на беларуска-літоўскай мяжы.

Але мясцовыя жыхары сцвярджаюць, што ў гэтай гісторыі не ўсё так проста. І стралялі ў мужчыну не ў лесе ля мяжы, а прама ў яго вёсцы.

Вядома, што параненага клічуць Уладзімір Зінкевіч. Яму 31 год. Уладзімір родам з вёскі Муляры Пастаўскага раёна. Пражывае ў Паставах разам з «грамадзянскай жонкай». Гадуюць трохгадовага сына, піша nn.by.

Чым займаецца Уладзімір, дакладна невядома. Адны яго знаёмыя ўхіляюцца ад прамога адказу.

Іншыя кажуць, што афіцыйна Уладзімір нідзе не працуе:

«Ён пасля школы пайшоў у тэхнікум. А потым ездзіў на Маскву. Прыехаў, пабудаваў вялікі дом. Рабіў унутры рамонт. Афіцыйна нідзе не працаваў. Чым мог зарабіць грошы на нерухомасць, таксама невядома».

Сястра Уладзіміра, Ірына, распавяла, што яе брат працаваў на будаўніцтве ў Расеі, займаўся ўсім чым можна.

А ў той дзень Уладзімір з памочнікам ездзіў па палях на машыне і збіраў металалом. Памочнік Міхаіл, мясцовы жыхар, на гэты час затрыманы.

«Ён алкаголік, бомж, жыў на будоўлі як вартаўнік, дапамагаў Валодзю», - коратка ахарактарызавалі Міхаіла мясцовыя жыхары.

Машыну, у якой знаходзіліся Уладзімір і Міхаіл, спынілі памежнікі, запатрабавалі падаць дакументы. Але ў кіроўцы не было з сабой пашпарта.

Сваякі настойваюць - Уладзіміра спынілі не на мяжы, а на дарозе каля вёскі Чычэлі. З іх слоў, гэта за 6-7 кіламетраў ад мяжы. Але мець пры сабе пашпарт - абавязковае патрабаванне ў гэтай зоне.

Уладзімір патэлефанаваў Андрэю, свайму сябру з Муляроў. Папрасіў, каб той забраў яго на машыне.

«Наша Ніва» звязалася з Андрэем.

«Я як раз быў за стырном у суседняй вёсцы. Валодзя патэлефанаваў мне, кажа, патрэбна дапамога, хутка пад'язджай ў Чычэлі. Па дарозе я сустрэў яшчэ аднаго знаёмага, ён сеў да мяне.

Я пад'ехаў у Чычэлі. Было два «ўазікі» і восем памежнікаў. Вова стаяў з імі, са сваім сабакам гуляў, - распавёў Андрэй. - Валодзя спакойна падышоў да мяне, пасадзіў сабаку ў аўто. Сеў сам і сказаў: паехалі. Кажа, трэба за пашпартам ехаць. Ні пра які канфлікт ён не казаў.

Я паехаў хутка, мы па дарозе нават не казалі пра памежнікаў - ну патрэбны пашпарт і патрэбны. Я не бачыў, каб за намі ехалі памежнікі».

Андрэй кажа, што на машыне яны спакойна прыехалі ў Муляры, гэта менш за 2 км шляху.

«Я выйшаў з машыны і пайшоў да сябе ў дом, а Валодзя пабег у свой. Чую, віск тармазоў, гляджу: пад'ехаў «УАЗ» з мігцелкамі, - кажа Андрэй. - Узнікла нейкая бойка, прагучалі стрэлы. Пачуліся крыкі, я пабег туды. Гляджу - Валодзя на зямлі, побач з ім сястра, яго сын маленькі, яго маці... Людзі стаяць вакол...

Я спытаў: хто страляў? Памежнік кажа: «Я».

Ірына, сястра Уладзіміра, распавяла «Нашай Ніве» сваю версію падзей. У той дзень яна была ў двары бацькоўскага дома разам з пляменнікам - трохгадовым сынам Уладзіміра.

«Валодзю стралялі ў спіну, гэта было метраў за 50 ад бацькоўскага дома. Прама на вуліцы.

Я была ў двары з пляменнікам. Кажуць, спачатку памежнік страляў у паветра. Я чула два стрэлы. Адзін, і праз секунд дзесяць - другі.

Я ўбачыла: памежнік пабег з крыкам: «На калені!». Я пабегла на шум, а за мной пабег трохгадовы сын Валодзі.

Вова ўжо ляжаў на зямлі з дзіркай у грудзях: куля трапіла ў спіну і прайшла навылёт. Ішла кроў, - распавядае Ірына. - Памежнік збялеў і стаў тэлефанаваць па тэлефоне.

Я кажу: ты хуткую выклікаеш? А ён кажа там камусьці ў тэлефон, каб хуткую выклікалі - гэта значыць сам тэлефанаваў не лекарам.

Падбег другі памежнік. Я кажу: зрабіце што-небудзь! Але адзін памежнік стаіць і па тэлефоне размаўляе. Іншы стаіць і крычыць на мяне: маўляў, чаго гэта я крычу на іх?!

У выніку, тыя памежнікі ўсё ж дасталі санітарны пакет, зрабілі марлевую павязку Валодзю на грудзі. А потым я сама выклікала хуткую. Прайшло на той момант недзе ўжо чатыры-пяць хвілін.

Я набрала хуткую, паведаміла, што стралялі ў мужчыну, вёска Муляры - быў ужо выклік? Мне адказваў аператар, што мой выклік першы.

Падбег знаёмы хлопец, таксама набраў лекараў, прапанаваў, каб мы паклалі Уладзіміра ў машыну і павезлі насустрач хуткай. Так і зрабілі. Праз 20 кіламетраў сустрэлі хуткую.

Калі б мы заставаліся чакаць «хуткую» на месцы яшчэ 20 хвілін, я не ведаю, ці выжыў бы ён».

Ірына запэўнівае, што памежнікі стаялі і не ведалі, што рабіць.

«Памежнік, які страляў, паехаў з намі - мы сказалі яму, каб сеў у машыну, ды і трэба было заціскаць рану. Гэты памежнік - нам так і не сказаў нават, як яго завуць, - увесь час быў на сувязі з кімсьці, увесь час быў на тэлефоне.

Потым я паехала ў хуткай з братам. Памежнік таксама прыехаў у бальніцу з нашым кіроўцам, - кажа Ірына. - І пасля гэтага прыехала куча памежнікаў - чалавек сем. Ніхто не прадстаўляўся. З намі спрабаваў размаўляць нейкі маёр. Імя сваё не назваў.

Затым прыехала нейкая цывільная машына з вайскоўцам за стырном. На ёй павезлі памежніка, які страляў».

Са слоў Ірыны, пастаўскія лекары выклікалі хірурга з Віцебска, самі сталі рабіць пераліванне крыві і дрэнаж лёгкага. Прыехала і брыгада лекараў з Менска.

«У тую ж ноч пасля здарэння да мяне ўначы прыехалі людзі. Тыпу з «памежнай КДБ», я там не асабліва разбіраюся. Карацей, тыя, якія займаюцца вайскоўцамі. Былі ў цывільным. Сказалі, што калі на нас будзе ціск з боку міліцыі, памежнікаў, то каб адразу звярталася наўпрост да іх», - распавяла Ірына.

Што цяпер з тым памежнікам, які страляў, і ў якім ён статусе, Ірына не ведае.

Уладзімір жывы, у рэанімацыі ў Менску. Цяжкі, але стабільны стан, прастрэленае лёгкае.

Афіцыйны прадстаўнік Дзяржаўнага памежнага камітэта Антон Бычкоўскі пракаментаваў гэтую гісторыю журналістам БелТА.

«Затрыманы знаходзіцца ў 432-м галоўным ваенным клінічным медыцынскім цэнтры, пагрозы жыццю няма. Пры затрыманні памежным нарадам яму была аказаная неадкладная медыцынская дапамога, а таксама арганізавана яго аператыўная дастаўка ў раённую бальніцу, - сказаў Бычкоўскі. - Гэты грамадзянін раней неаднаразова трапляў у поле зроку памежнікаў і іншых праваахоўных органаў у сувязі з яго супрацьпраўнай дзейнасцю. Між іншым, прыцягваўся да крымінальнай адказнасці і амаль 50 разоў - да адміністрацыйнай.

Акрамя таго, у групе з ім знаходзіліся раней судзімыя за незаконны абарот наркотыкаў і прыцягваліся да адміністрацыйнай адказнасці, у тым ліку за парушэнне памежнага заканадаўства. Пры затрыманні мужчына з дапамогай супольніка паспрабаваў схавацца і аказаў непадпарадкаванне законным патрабаванням супрацоўнікаў органаў памежнай службы, якія знаходзіліся пры выкананні службовых абавязкаў».

Напісаць каментар 27

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках