У расійскім Геленджыку знік бензін
- 21.08.2026, 20:43
Паспяховыя ўдары ЗСУ пакінулі расіян без паліва.
На большасці заправаў Геленджыка ў пятніцу, 21 жніўня, знік бензін. Аб гэтым паведаміла прэс-служба гарадской адміністрацыі расійскага горада. Паводле даных уладаў, амаль на ўсіх дзеючых АЗС курорта прадаецца толькі дызельнае паліва, прычым частка станцый адпускае яго толькі па паліўных картках. Адзінае выключэнне — заправа ў вёсцы Архіпа‑Асіпаўка, дзе па-ранейшаму даступныя АІ‑92, АІ‑95 і дызель, піша The Moscow Times.
Днём раней абмежаванні на продаж бензіну ўвялі ў Санкт-Пецярбургу. «Газпром нефть» вярнула ліміт у 60 літраў на чэк (адменены 4 жніўня) і забараніла заліваць больш за адну каністру. «Татнефть» усталявала планку ў 50 літраў на АІ‑95 і АІ‑92. Паводле карты «Газпром нефти», на многіх заправах кампаніі адсутнічаў АІ‑95, а сэрвіс «ГдеБЕНЗ» фіксаваў нястачу і на станцыях «Лукойла». Напярэдадні абмежаванні з'явіліся і ў Маскве. Там «Газпром нефть» абмежавала адпуск бензіну і дызеля да 40 літраў на аўтамабіль, «Татнефть» — да 50 і 60 літраў адпаведна. АІ‑95 быў толькі на адной АЗС «Нефтьмагистрали», АІ‑92 і салярка — толькі на двух заправах «Лукойла».
Супрацоўнік гарачай лініі «Роснефти» паведаміў, што на ўсіх сталічных АЗС кампаніі абмежаванне на бензін складае 30 літраў на аўтамабіль, для дызеля лімітаў няма, а час чакання вырас з-за ажыятажнага попыту. Пры гэтым у Маскве і вобласці збоі фіксаваліся яшчэ на мінулым тыдні — чэргі і нястача ўзнікалі пасля чарговай серыі ўдараў па НПЗ, у выніку якіх толькі ў жніўні выйшлі з ладу не менш за чатыры буйныя заводы.
Другая хваля дэфіцыту паліва фіксуецца і ў іншых гарадах. Паводле дадзеных «ГдеБЕНЗ», на 16 жніўня бензін або дызель былі даступныя толькі на 28,1% запраў па краіне (тыднем раней — 41%). За апошнія дні нястача адзначалася ў Астраханскай, Валгаградскай, Іркуцкай, Чалябінскай, Арынбургскай, Варонежскай, Самарскай, Пензенскай, Саратаўскай, Ліпецкай і Растоўскай абласцях, а таксама ў Татарстане.