18 чэрвеня 2019, aўторак, 6:56
Мы ў адной лодцы
Рубрыкі

Валерый Карбалевіч: Інтэграцыйныя перамовы паміж Беларуссю і РФ нагадваюць Сярэднявечча

12
Валер Карбалевіч

Інфармацыя трымаецца ў таямніцы ад грамадзян.

Апошні тыдзень быў багатыя на заявы расейскіх і беларускіх чыноўнікаў аб інтэграцыі дзвюх дзяржаў. Спачатку кіраўнік Мінэканамразвіцця РФ Максім Арэшкін пасля сустрэчы з беларускім калегам Дзмітрыем Крутым загаварыў пра тое, што стараны «абмяркоўваюць магчымасць стварэння адзінай валюты ў рамках саюзнай дамовы».

Следам за ім адзначыўся беларускі амбасадар у Расеі Уладзімір Сямашка, які заявіў, што «Беларусь і Расея павінны выйсці на новы этап інтэграцыі».

І, нарэшце, Уладзімір Пуцін, «супакоіць» беларусаў сцвярджэннем, што «сёння няма ніякіх падстаў для дзяржаўнага аб'яднання». Прагучала гэта так, што хвалявацца нам трэба з патроенай сілай.

Гучныя заявы «Салідарнасці» пракаментаваў палітолаг Валер Карбалевіч:

- Прычына для хвалявання ёсць. Яна з'явілася ў мінулым годзе, калі стала зразумела, што Расея сур'ёзна імкнецца да аб'яднання з Беларуссю. Цяпер мы бачым пэўныя інфармацыйныя рыскі, якія вымалёўваюць гэтую карціну.

Ці ёсць шанцы ў Масквы менавіта цяпер прасунуць пытанне адзінай валюты? Палітолаг звяртае ўвагу на тое, што перамовы бакоў праходзяць у таямніцы:

- Сітуацыя нагадвае Сярэднявечча, калі князі і каралі дзяліліся і аб'ядноўваліся сваімі княствамі і каралеўствамі пад маўчанне сваіх падданых. Праблема ў тым, што грамадства - і беларускае, і расейскія - ніяк не ўдзельнічае ў гэтым працэсе.

Суразмоўца «Салідарнасці» уважае за патрэбнае пачакаць больш канкрэтных заяў афіцыйных асоб, праграмы дзеянняў.

Словы беларускага пасла Валерый Карбалевіч інтэрпрэтаваў наступным чынам:

- Сапраўды, тая рыторыка, якую выкарыстаў Уладзімір Сямашка, характэрная для расейскіх уладаў. Беларускія афіцыйныя асобы дагэтуль ухіляліся ад такой рыторыкі. Я магу выказаць гіпотэзу: Сямашка - гаспадарнік, ён не вельмі дасведчаны ў такіх дыпламатычных пытаннях. Не вядома, хто пісаў яму гэтыя словы, ён іх проста прачытаў. Цяжка на аснове ягонага выказванняў рабіць высновы, што за гэтымі словамі стаіць пазіцыя беларускага кіраўніцтва.