«Карона» выкупіла ў «Еўрагандалю» буйны гандлёвы цэнтр за $50 мільёнаў
2- 17.06.2019, 21:21
- 17,345
«Еўрагандаль» плануе накіраваць сродкі ад продажу на зніжэнне пазыковай нагрузкі.
Кампанія «Тытунь-інвест» (аператар сеткі крам «Карона») у хуткім часе стане паўнапраўным уладальнікам гандлёвага цэнтра «Е-сіці» ў Менску.
Гэтую інфармацыю tut.by пацвердзілі ў самой кампаніі.
«Тытунь-інвест» набыла «Е-сіці» ў «Еўрагандаль» (аператар сеткі крам «Еўраопт»). Сума ўгоды склала 50,4 млн даляраў з ПДВ. Да канца чэрвеня будзе завершаная перадача права ўласнасці «Тытунь-Інвест» на ГЦ. Пасля гэтага гандлёвы цэнтр будзе называцца «Карона-сіці», сказалі ў кампаніі.
Найбліжэйшым часам на месцы гіпермаркета «Еўраопт» адкрыецца гіпермаркет «Карона». Цяпер адбываецца змена тавараў. Іншыя крамы «Е-Сіці», якія арандуюць у гандлёвым цэнтры плошчы, працягваюць працаваць.
Гандлёвы цэнтр на вул. Дзянісаўскай быў адным з найбуйнейшых у «Еўрагандаль». Агульная плошча ГЦ складае блізу 45 тыс кв м. Там праводзіліся здымкі тэлегульні «Удача ў прыдачу».
Упершыню інфармацыя пра тое, што «Еўрагандаль» выставіў на продаж некалькі гіпермаркетаў, з'явілася яшчэ ў красавіку. Найбуйнейшы рытэйлер краіны тлумачыў, што плануе накіраваць сродкі ад продажу на зніжэнне пазыковай нагрузкі.
Сетка «Карона» налічвае 39 крамаў, у тым ліку 12 гіпермаркетаў.