Адзін з лідараў грузінскай апазіцыі: Мы патрабуем датэрміновых выбараў
1- 22.06.2019, 17:14
- 8,936
Ці можа ў Грузіі паўтарыцца ўкраінскі Майдан?
У ноч на пятніцу, 21 чэрвеня, на вуліцы Тбілісі выйшлі не менш за 8 тысячаў чалавек. Яны пратэставалі супраць выступу ў парламенце Грузіі дэпутата Дзярждумы, прэзідэнта Міжпарламенцкай асамблеі праваслаўя Сяргея Гаўрылава. Улады разагналі мітынгоўцаў слезацечным газам, гумовымі кулямі і вадамётамі. Чаго цяпер патрабуе апазіцыя, дзе знаходзяцца пацярпелыя ўдзельнікі акцыі і што будзе далей – у бліц-інтэрв'ю theБабель з адным з лідараў грузінскай апазіцыі, лідарам партыі «Новая Грузія» Георгіем Вашадзэ.
– Колькі цяпер траўмаваных людзей? Дзе яны знаходзяцца?
– Я зараз еду ў лякарню, дзе ляжаць 10–15 чалавек. Хтосьці страціў вока ўчора, у некаторых сур'ёзныя траўмы. Мы высвятляем агульную колькасць пацярпелых. Вельмі складана сказаць, але гэта больш за сто чалавек. На пратэст выйшла шмат маладых людзей. Яны сказалі, што расейскі дэпутат на месцы спікера грузінскага парламента – недапушчальна для краіны, частка якой акупаваная Расеяй. Людзі патрабавалі адстаўкі спікера парламента, які загадзя ведаў, што Гаўрылаў збіраўся сядзець у крэсле спікера. Замест таго каб пайсці на саступкі, улада пакарала людзей.
– Чаму ўлада адрэагавала так радыкальна?
– Для нас абсалютная загадка, чаму яны пачалі страляць у людзей, чаму выкарыстоўвалі слезацечны газ. Адзінае тлумачэнне – яны баяцца расейскай улады і хацелі паказаць, што пакараюць усіх, хто выступіў супраць. Гэта адзінае тлумачэнне, якое можна знайсці, таму што ўсё, што адбылося ўчора, неадэкватна.
– Ці былі нейкія правакацыі з боку актывістаў?
– Нічога асаблівага не было. Былі патрабаванні, некаторыя актывісты сказалі, што хочуць зайсці ў будынак парламента. Перш чым ужываць сілу, улада павінна была папярэдзіць, але не зрабіла гэтага. Усё гэта незаконна.
– Цяпер усе пацярпелыя ў бяспецы? У вас ёсць інфармацыя пра пераслед удзельнікаў учорашняй акцыі?
– Такая інфармацыя ёсць. Затрыманыя блізу 500 чалавек. Учора ўначы і сёння раніцай да актывістаў прыходзілі дадому і затрымлівалі. Шмат людзей прывезлі ў гарадскі суд Тбілісі, дзе ім хочуць абраць захад стрымання. Складана сказаць, у чым менавіта іх абвінавачваюць. Напэўна, ва ўдзеле ў акцыі пратэсту. Судовая сістэма Грузіі цяпер на нулявым узроўні – суддзі будуць падпісваць усё, што скажуць пракуроры. Гэта самая вялікая праблема.
– Што будзеце рабіць сёння? Якія вашы патрабаванні?
– Цяпер у Грузіі змяшаная выбарчая сістэма: 50 адсоткаў – мажарытарка, 50 адсоткаў – спісы партый. Без выбараў паводле прапарцыйнай сістэмы немагчыма дэмакратызаваць краіну.
Мы патрабуем датэрміновых выбараў, таму што пасля таго, як улада ўжыла сілу, яна страціла легітымнасць. А загад на выкарыстанне сілы даў кіраўнік МУС, і ён павінен сысці.
Калі гэтыя патрабаванні не выканаюць, які план дзеянняў? Ці можа ў Грузіі паўтарыцца ўкраінскі Майдан?
Мы хочам мірным шляхам прадоўжыць пратэст у Тбілісі і, магчыма, у іншых гарадах. Пакуль чакаем пастановы ўладаў. Праз некалькі гадзінаў мы збіраемся з апазіцыйнымі лідарамі – будзем абмяркоўваць далейшыя крокі. Мы разумеем, што гэта не кароткая барацьба.
– Ваш былы паплечнік Міхаіл Саакашвілі асабіста Вас падтрымаў? Ён прыедзе ў Грузію?
– Гэта лепш запытацца ў яго. Якія ў яго планы – я не ведаю. Але ў Facebook ён нас падтрымаў.
– Вы спадзеяцеся на міжнародную падтрымку? Ці прапаноўвалі Вам дапамогу лідары іншых краінаў?
Так, у нас ёсць камунікацыя з дыпламатычным корпусам, і мы даем міжнароднай супольнасці інфармацыю пра тое, што ў нас адбываецца. Сёння будзе сустрэча з некаторымі амбасадарамі, будзем абмяркоўваць далейшыя крокі.