25 кастрычнiка 2021, панядзелак, 11:35
Сім сім, Хартыя 97!
Рубрыкі

Расея «разагравае» Арктыку

8
Расея «разагравае» Арктыку
Фота: Reuters

Крэмль актывізуе намаганні для пашырэння прысутнасці ў Арктыцы.

Прадстаўнікі амерыканскай выведкі папярэджваюць, што вайсковая і эканамічная актыўнасць Масквы ў гэтым рэгіёне дасягнула небывалага ўзроўню з часоў «халоднай вайны», паведамляе «Голас Амерыкі».

Прэзідэнт Уладзімір Пуцін раней сёлета заявіў, што Расея значна пашырыць арктычныя грузавыя шляхі, якія злучаюць расейскія парты з Кітаем. Сведчаннем гэтых намаганняў з'яўляецца імкненне Расеі будаваць сучасныя ледаколы.

На верфі ў Санкт-Пецярбургу свята. Рабочыя і іх сямейнікі прыйшлі развітацца з вялікім праектам, над якім яны працавалі больш за два гады. Гэта новы атамны ледакол «Урал», авангард намаганняў Расеі для ўстанаўлення кантролю над арктычнымі марскімі маршрутамі.

«Паўночны марскі шлях, засваенне Арктыкі - для Расеі вельмі важная задача. Дзякуючы гэтым ледаколам мы яе зможам ажыццяўляць яшчэ больш паспяхова», - заявіла Валерыя Дзіткоўская, якая працуе на Балтыйскім заводзе.

Да 2035 года Расея хоча пабудаваць флот з 13 цяжкіх ледаколаў, у тым ліку дзевяць з іх будуць атамнымі. Яны будуць стварацца «Расатамам» - дзяржаўным манапалістам у галіне ядзернай энэргетыкі.

Расея пачала марыць аб дамінаванні ў Арктыцы яшчэ за Пятром Першым, але толькі за савецкім часам стварэнне марскіх шляхоў і засваенне яе рэсурсаў сталі нацыянальным прыярытэтам.

Пасля распаду Савецкага Саюза ад гэтых планаў адмовіліся, але за прэзідэнтам Уладзімірам Пуціным яны былі зноў уключаныя ў палітычную павестку Масквы.

«Арктыка зноў стала цікавай, - адзначыла Марыя Дукальская, прадстаўніца Музея Арктыкі і Антарктыкі. - Цікавай даследчыкам, цікавай ураду. Калі раней нас цікавілі рыба і магчымасць кароткага паходу з захаду на ўсход, то цяпер гэта яшчэ і газ.

Паводле ацэнак Геалагічнай службы ЗША, 22 адсоткі неразведаных радовішчаў нафты і газу схаваныя пад арктычнымі льдамі.

Некаторыя экспэрты мяркуюць, што глабальнае пацяпленне павінна палегчыць іх здабычу.

«Арктыка вельмі адчувальная да зменаў прыроднага асяроддзя, і самы яскравы індыкатар - гэта плошча ледзянога покрыва, - указаў Аляксандр Макараў, іншы прадстаўнік Музея Арктыкі і Антарктыкі. - Яна значна паменшылася ў 2007-2012 гадах, дасягнуўшы гістарычнага мінімуму».

Кантроль над водамі Арктыкі таксама з'яўляецца вайсковым прыярытэтам для Масквы. Расея ўцягнулася ў марскія спрэчкі з ЗША, Канадай і Нарвегіяй.

«Там заўсёды былі вайсковыя базы ў часы Савецкага Саюза. Тое, што мы цяпер бачым, рост вайсковай прысутнасці, гэта проста аднаўленне», - падкрэсліла Надзея Харламп’ева, рэдактарка часопісу «Арктычная ідэя».

Новы атамны ледакол быў асвечаны праваслаўным святаром, і першы ўдар па яго корпусе нанёс не лёд, а бутэлька шампанскага, калі ён пачаў доўгі шлях з Балтыйскага мора ў парты Усходняй Азіі.