Гарадзенскага гісторыка аштрафавалі за расцяжку над Нёманам
4- 10.07.2019, 13:44
- 10,781
ФОТА "ГРОДНЕНСКОЙ ВЕСНЫ"
Каб падтрымаць Мечыслава Супрона, у суд прыйшлі ягоныя сябры, праваабаронцы і журналісты.
Суд Кастрычніцкага раёна Гародні не стаў на бок гарадзенскага гісторыка Мечыслава Супрона, які 18-га чэрвеня выйшаў на мост праз Нёман і вывесіў расцяжку з надпісам "Нёман атручаны лідскім ЖКГ". На пасяджэнні 10 ліпеня ён атрымаў штраф за парушэнне часткі 1 артыкула 23.34 КоАП (правядзенне несанкцыянаванага масавага мерапрыемства), паведамляе "Гродненская весна".
Каб падтрымаць Мечыслава, у суд прыйшлі яго сябры, праваабаронцы і журналісты.
Вёў працэс суддзя Руслан Хіхол.
На судзе Мечыслаў Супрон прадставіў медыцынскія даведкі са скурвендыспансера Гародні і з паліклінікі, якія сведчылі пра тое, што пасля купання ў Дзітве і ён, і ягоны сын вымушаныя былі звярнуцца да медыкаў.
Таксама Мечыслаў прадставіў дакументы, якія сведчаць, што падчас праверкі ў Лідскім ЖКГ было выяўлена, што ачышчальныя прылады знасіліся і састарэлі, і ў рэчку сапраўды пайшлі выкіды з павышаным утрыманнем калію, азоту і фосфару.

Але ўсё гэта было пазней, пасля таго, як актывісты Бярозаўкі былі вымушаныя пайсці на публічную акцыю і былі пакараныя за гэта. І сам Мечыслаў Супрон быў вымушаны пайсці на такую акцыю, каб звярнуць увагу грамадства і ўладаў на гэтую экалагічную праблему. Да гэтага ж атручэнне вады і лідскімі ўладамі, і дзяржаўнымі структурамі, якія павінны сачыць за экалогіяй, не толькі замоўчвалася, але і зняпраўджвалася. Так, масавы мор рыбы ў Дзітве, на які звярнулі ўвагу мясцовыя жыхары, папросту тлумачыўся анамальнай спякотай.
"Я хацеў папярэдзіць людзей, што купацца ў рацэ Нёман і Дзітве небяспечна для здароўя, а можа, і для жыцця. Бо я сам і мой сын пацярпелі ад такога купання, пра што ёсць медыцынскія паказанні", - заявіў у судзе сам Мечыслаў Супрон.
"Я не падаваў заяўкі на пікет у выканкам таму, што адказу давялося б чакаць больш за два тыдні. А тут кожная хвіліна дарагая. Бо маглі пацярпець людзі, якія не ведалі пра небяспеку і ў гэтыя гарачыя дні ішлі купацца", - адказаў гісторык на пытанне суддзі аб тым, чаму ён не звярнуўся ў выканкам па дазвол на правядзенне мерапрыемства.
Мечыслаў патлумачыў, што разумее, што парушыў заканадаўства, але не шкадуе з гэтай нагоды. Бо рабіў гэта, каб выратаваць здароўе, а можа, і жыццё іншых.
Прысутныя ў зале, якія прыйшлі сачыць за працэсам, сталі казаць, што ў іншых краінах за такія дзеянні героям выдаюцца ўзнагароды. Аднак суддзя Хіхол расцаніў учынак Мечыслава па-іншаму.
У выніку Мечыслаў Супрон быў прызнаны вінаватым і атрымаў штраф пяць базавых адзінак (127,5 рублёў).