Расейка, якая пераехала ў Беларусь: Дзякую Богу, што гэты народ стаў маім народам
17- 4.07.2019, 21:04
- 27,993
Ганна Харланчук вывучыла нашу мову і адкрыла прыватную беларускамоўную школу пад Менскам.
Маладая прадпрымальніца Ганна Харланчук распавяла блогеру Сяргей Ціханоўскаму на YouTube канале «Краіна для жыцця» распавяла, як змяніла расейскае грамадзянства на беларускае, вывучыла беларускую мову і адкрыла прыватную беларускамоўную школу ў Менску.

«Я дзякую Богу, што гэты народ стаў маім народам, што гэтая зямля стала маёй зямлёй, што гэтая мова стала маёй мовай» - кажа Ганна.
У школе Ганны, якая размешчана ў аграгарадку Ратамка за 6 км на захад ад Менска, выкладае 23 педагогі, а вучацца ў асноўным школьнікі з Менска, якіх прывозяць бацькі або яны прыязджаюць на электрычцы самі. У сярэднім у кожным класе восем чалавек, а навучанне абыходзіцца бацькам прыкладна 500 рублёў на месяц.
Дзяржава не надае ніякай падтрымкі і не субсідуе такія прыватныя школы на беларускай мове, хоць фактычна, такія прадпрымальнікі забяспечваюць гарантаваную Канстытуцыяй бясплатную сярэднюю адукацыю ў Беларусі. Пакуль Ганна не можа назваць школу «бізнэсам», хутчэй важнай і патрэбнай працай, бо ў Менску ўсяго тры беларускамоўныя школы (з ейных слоў). Тое, што ў краіне так мала беларускамоўных школ - гэта трагедыя, мяркуе Ганна. У правільным навучанні дзяцей і ў навучанні на беларускай мове Ганна бачыць сваё прызначэнне.
У школе акрамя агульнай адукацыі ёсць і розныя майстэрні, дзе школьнікі 1-9 класаў развіваюць свае творчыя здольнасці: музычная майстэрня, дзе можна навучыцца граць на музычных інструментах або стаць бітбаксёрам; тэатральная майстэрня, мастацкая майстэрня, ганчарная майстэрня і IT-майстэрня.
Ганна - маці пяці дзяцей, дваіх з якіх яны з мужам усынавілі. Усе ейныя дзеці вучаць родную беларускую мову. Яна ўпэўненая ў тым, што каб жыць у Краіне Для Жыцця трэба кожнаму беларусу пачаць менавіта з сябе, перастаць ныць, перастаць баяцца і пачаць марыць!