18 жнiўня 2019, Нядзеля, 2:59
Мы ў адной лодцы
Рубрыкі

Падвойнае грамадзянства: Розныя краіны, розныя законы

9
Падвойнае грамадзянства: Розныя краіны, розныя законы

Пра некаторыя асаблівасці законаў аб грамадзянстве розных краінаў.

Ёсць дзяржавы, якія не хочуць страчваць сваіх грамадзянаў. Да прыкладу, Іран. Згодна з грамадзянскім кодэксам гэтай краіны, адмовіцца ад іранскага грамадзянства практычна немагчыма. І ягонае атрыманне ў многіх выпадках не залежыць ад волі чалавека: любы, у каго бацька – іранскі грамадзянін, аўтаматычна ўважаецца іранскім грамадзянінам. І не важна, дзе нарадзіўся і дзе жыве гэты чалавек – у Іране ці не, піша DW.

Асобным параграфам у кодэксе прапісаныя правілы для жанчынаў – ім адмовіцца ад грамадзянства Ірана яшчэ цяжэй, бо жанчына абавязаная мець такое самае грамадзянства, як і яе муж. І калі іранец, які жыве ў Нямеччыне, атрымлівае грамадзянства ФРГ, яму амаль ва ўсіх выпадках пакідаюць і іранскае. Паводле звестак Федэральнай статыстычнай установы ФРГ, у 2018 годзе 3080 іранцаў атрымалі нямецкае грамадзянства, пры гэтым ні аднаму з іх не давялося здаваць іранскі пашпарт.

Але Іран – далёка не адзіная дзяржава, якая перашкаджае выхаду са свайго грамадзянства. Іх блізу 40. Сярод іх і такія краіны, ад якіх падобнага, здавалася б, чакаць не варта, напрыклад Аргентына. У 2018 годзе ўсе 155 аргентынцаў, якія атрымалі грамадзянства ФРГ, таксама захавалі свае аргентынскія пашпарты. Сярод іншых дзяржаваў, якія вылучаюцца самымі строгімі правіламі ў дачыненні да прымання і адмовы ад грамадзянства, – Афганістан, Эрытрэя, Нігерыя і Сірыя.

Паходжанне або месца нараджэння

Існуюць два базавыя прынцыпы, якія вызначаюць права на атрыманне грамадзянства. У ЗША, напрыклад, прыняты тэрытарыяльны прынцып, вядомы як Jus soli (лац. – "права зямлі"): усе дзеці, якія нарадзіліся на тэрыторыі гэтай дзяржавы, маюць права на атрыманне амерыканскага грамадзянства. Іншага прынцыпу прытрымліваюцца Нямеччына і Кітай. Абедзве дзяржавы дзейнічаюць на аснове Jus sanguinis (лац. – "права крыві"), які бярэ пад увагу паходжанне дзіцяці: грамадзянства ФРГ атрымлівае не той, хто нарадзіўся на тэрыторыі адной з 16 федэральных земляў, а той, у каго прынамсі адзін з бацькоў мае нямецкае грамадзянства.

Але ў ФРГ у дадатак да гэтага існуе працэдура натуралізацыі – замежныя грамадзяне могуць атрымаць нямецкае падданства. Таксама дазволена – з абмежаваннямі – падвойнае грамадзянства. А вось у Кітаі этнічнаму некітайцу вельмі цяжка было б атрымаць грамадзянства, ды і падвойнае грамадзянства ў КНР заканадаўча забароненае.

Калi грамадзянства ФРГ хоча атрымаць грамадзянін РФ, які адпавядае крытэрам, што дазваляюць пачаць працэдуру натуралізацыі, ён павінен перад гэтым, як правіла, адмовіцца ад расейскага грамадзянства – два пашпарты мець цяпер не дазваляецца. Але тыя, хто ўжо мае падвойнае нямецка-расейскае грамадзянства, могуць захаваць яго.

Еўрапейскі пашпартны рай

З 2007 года Нямеччына дазваляе грамадзянам ЕЗ, а таксама Швэйцарыі, атрымаць нямецкае грамадзянства, захаваўшы ранейшае. І ў іншых еўрапейскіх дзяржавах узаконенае такое двайное еўрапейскае грамадзянства – альбо ў поўным аб'ёме, альбо з абмежаваннямі.

Як вынікае з перапісу насельніцтва 2011 года, у Нямеччыне жывуць амаль 4,3 мільёна чалавек, якія маюць акрамя нямецкага яшчэ адно грамадзянства. 690 тысячаў грамадзянаў ФРГ маюць польскі пашпарт, 570 тысячаў – расейскі, 530 тыс – турэцкі. Лікі грунтуюцца на звестках рэгіянальных аддзелаў рэгістрацыі грамадзянаў. Але многія людзі не паведамляюць пра сваё другое грамадзянства, таму прыведзеная статыстыка можа быць недакладная.

Выбар паміж двума грамадзянствамі

Да 2014 года народжаныя і выраслыя ў ФРГ дзеці бацькоў-замежнікаў цягам пяці гадоў пасля дасягнення паўналецця павінны былі выбраць, якое грамадзянства яны хочуць захаваць – сваіх бацькоў або краіны пражывання.

З канца 2014 года маладым людзям, якія пры дасягненні 21 года пражылі ў ФРГ мінімум восем гадоў або цягам шасці гадоў наведвалі нямецкую школу, скасавалі неабходнасць выбіраць грамадзянства. Няма яе цяпер і для тых, хто скончыў у Нямеччыне школу або атрымаў прафадукацыю. Ва ўсіх такіх выпадках дапускаецца захаванне двух грамадзянстваў.

Ізраільска-палестынскія асаблівасці

Складаныя стасункі паміж Ізраілем і Палестынскай нацыянальнай аўтаноміяй спарадзілі нямала асаблівасцяў, якія тычацца грамадзянства. Адна з іх закранае Нямеччыну.

Так, палестынцам, якія атрымалі грамадзянства ФРГ і адначасова лічыліся ў палестынскім рэестры асобаў, або тым, хто мае палестынскі ідэнтыфікацыйны нумар (ID), забаронены ўезд у Ізраіль. Між тым усе астатнія грамадзяне ФРГ могуць уязджаць у Ізраіль без візаў. Уезд на Заходні бераг ракі Ярдан даступны для такіх палестынцаў з нямецкім грамадзянствам толькі праз тэрыторыю Іарданіі.

У самім Ізраілі дзейнічае і яшчэ адно незвычайнае правіла, якое тычыцца грамадзянства. У 1950 годзе, праз два гады пасля ўтварэння ізраільскай дзяржавы, была прынятая пастанова, што дзе б ні жылі габрэі, усе яны маюць права эміграваць у Ізраіль і атрымаць ізраільскае грамадзянства. Гэты закон і сёння дае магчымасць тым габрэям, хто зазнае пераслед, у якой бы краіне гэта ні адбывалася, стаць грамадзянінам Ізраіля і жыць у бяспецы. У апошні час на фоне ўзрослай колькасці антысеміцкіх інцыдэнтаў у Францыі шматлікія французскія габрэі скарысталіся такой магчымасцю.