30 сакавiка 2020, панядзелак, 16:27
Народны карантын
Рубрыкі

Генадзь Фядыніч ды Ігар Комлік год на «хатняй хіміі»

1
Генадзь Фядыніч ды Ігар Комлік год на «хатняй хіміі»
ГЕНАДЗЬ ФЯДЫНІЧ ДЫ ІГАР КОМЛІК
ФОТА: SPRING96.ORG

Міжнародная супольнасць стала на абарону лідараў прафзвязу РЭП.

Год таму - 24 жніўня 2018 - суд Савецкага раёна вынес прысуд паводле крымінальнай справы старшыні Беларускага незалежнага прафзвязу работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП) Генадзя Фядыніча і галоўнага бухгалтара прафзвязу РЭП Ігара Комліка, піша праваабарончы цэнтр «Вясна».

Абодвух прызналі вінаватымі ва «ўхіленні ад выплаты падаткаў» (ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэкса) і пакаралі абмежаваннем волі тэрмінам на 4 гады без накіравання ва ўстановы адкрытага тыпу, без канфіскацыі маёмасці і з забаронай займаць кіроўныя пасады на 5 гадоў.

Акрамя таго суд пастанавіў спагнаць з абвінавачаных 47 560 рублёў, а таксама судовыя выдаткі сумай 1 400 рублёў.

Пасля абвяшчэння прысуду беларуская праваабарончая супольнасць выступіла з заявай, у якой заклікала ўлады перагледзець прысуд і спыніць крымінальны пераслед Фядыніча і Комлік, а таксама спыніць ціск на незалежны прафзвязны рух і адмовіцца ад неправамернага ўмяшання ў яго дзейнасць.

Міжнародная супольнасць стала на абарону лідараў прафзвязу РЭП. Так Абсерваторыя абароны праваабаронцаў разгледзела дзеянні ўладаў як тыя, што парушаюць міжнародныя абавязанні Беларусі ў галіне правоў чалавека і сваю ўласную Канстытуцыю, і таму абвінаваўчы прысуд павінен быць скасаваны ў выніку апеляцыі.

На думку міжнароднай праваабарончай арганізацыі Front Line Defenders пераслед прафзвязных лідараў звязаны выключна з іх мірнай і законнай працай у галіне абароны правоў чалавека. Таму ўлады Беларусі павінны неадкладна скасаваць прысуды супраць кіраўнікоў прафзвязу РЭП Генадзя Фядыніча ды Ігара Комлік і цалкам аднавіць іх свабоду.

З патрабаваннем скасаваць пакаранне лідарам незалежнага прафзвязу РЭП звярнуліся да прэзідэнта Беларусі Глабальны саюз IndustriALL і Міжнародная канфедэрацыя прафзвязаў (МКП).

Аднак Менскі гарадскі суд 9 лістапада пакінуў прысуд Генадзю Фядынічу і Ігару Комлік без змен, а апеляцыйную скаргу без задавальнення.

Зараз праваабаронцы падрыхтавалі дакументальны фільм «Адзін дзень «хіміка» Фядыніча», які будзе прадстаўлены на наступным тыдні.

Нагадаем, Генадзя Фядыніча затрымалі 2 жніўня 2017 года. На ягонай кватэры і на месцы працы прайшлі ператрусы, былі канфіскаваныя носьбіты інфармацыі, дакументы. На офіс арганізацыі быў накладзены арышт. Пазней Фядыніч быў адпушчаны пад падпіску аб нявыездзе за межы краіны.

Крымінальная справа таксама была распачатая ў дачыненні да Ігара Комлік, галоўнага бухгалтара прафзвязу РЭП. Супрацоўнікі Дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь правялі ператрусы дома ў Ігара Комлік, Генадзя Фядыніча і Наталлі Пічужкінай, а таксама ў офісе прафзвязу РЭП і цэнтральным офісе Беларускага незалежнага прафзвязу ў Салігорску. Канфіскаваныя кампутарная тэхніка і фінансавыя дакументы.

Паводле афіцыйнай інфармацыі Камітэта дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь падчас праверкі ў рамках распачатай крымінальнай справы было ўстаноўлена, што «старшыня і галоўны бухгалтар прафзвязнай арганізацыі з мэтай асабістага ўзбагачэння адкрылі ад імя прафзвязу рахункі ў замежных банках, на якія пастаянна паступалі вялікія сумы грашовых сродкаў». У 2011 годзе ад нерэзідэнтаў Беларусі на рахунак у Літве паступалі грошы ў замежнай валюце агульнай сумай 140 тысяч еўраў. Паводле разліку Дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю, сума нявыплачаных падаткаў складзе 22 867 рубля 10 капеек.

Ігар Комлік утрымліваўся пад вартай з 2 жніўня 2017 года да 2 кастрычніка 2017 года. Яго таксама вызвалілі з СІЗА пад падпіску аб нявыездзе.