10 верасня 2026, Чацвер, 18:05
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Пачалася праца па стварэнні Сусветнага беларускага кангрэсу

1
Пачалася праца па стварэнні Сусветнага беларускага кангрэсу
Ілона Карпюк побач з Івонкай Сурвіллай

Беларусам патрэбны сталый механізм камунікацыі і каардынацыі.

З 5 па 7 верасня 2026 года ў Нью-Ёрку праходзіла 36-я Сустрэча беларусаў Паўночнай Амерыкі — найстарэйшы рэгулярны форум беларускай дыяспары ў ЗША і Канадзе. Адзін з ключавых вынікаў мерапрыемства — зварот да беларускіх арганізацый і супольнасцяў розных краін з прапановай аб’яднаць намаганні для стварэння Сусветнага беларускага кангрэсу, перадае «Радыё Рацыя».

«Сустрэча адбылася ў парафіяльнай зале сабора святога Кірыла Тураўскага Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы ў Брукліне, — распавялі арганізатары форуму. — У ёй узялі ўдзел каля ста чалавек.

Акрамя беларусаў з ЗША і Канады, на сустрэчы прысутнічалі прадстаўнікі беларускай дыяспары з Вялікабрытаніі і Польшчы. Злучаныя Штаты прадстаўлялі ўдзельнікі з Нью-Ёрка, Вашынгтона, Мінесоты, Фларыды, Пэнсільваніі і іншых рэгіёнаў, а Канаду — дэлегаты з Таронта, Атавы і іншых гарадоў. У злёце таксама ўзяло ўдзел кіраўніцтва Аб’яднання беларусаў Вялікабрытаніі. Такая шырокая геаграфія ўдзельнікаў дазволіла пачуць розныя меркаванні пра стан беларускай дыяспары і магчымыя шляхі яе далейшага супрацоўніцтва».

Традыцыя правядзення злётаў беларусаў Паўночнай Амерыкі была закладзеная ў 1952 годзе прадстаўнікамі пасляваеннай хвалі эміграцыі ў ЗША і Канаду. На працягу больш як сямі дзесяцігоддзяў гэты форум застаецца адной з найстарэйшых формаў арганізаванага супрацоўніцтва беларусаў, што жывуць за мяжою.

Форум сёлетні меў выразна грамадска-палітычны і нацыянальны накірунак. Падзеі ў Беларусі і свеце, пагрозы беларускай дзяржаўнасці, новая хваля эміграцыі і значнае пашырэнне беларускай прысутнасці ў розных краінах паставілі перад удзельнікамі пытанні не толькі пра захаванне традыцыйных супольнасцяў, але і пра новыя формы сумесных дзеянняў і агульнай адказнасці за будучыню Беларусі.

Праграма мерапрыемства будавалася вакол двух асноўных тэм: актуальны стан і перспектывы арганізаванай беларускай дыяспары ў Паўночнай Амерыцы, а таксама яе супрацоўніцтва з беларусамі ў іншых частках свету. Падчас абмеркавання закраналіся пытанні міжарганізацыйнага ўзаемадзеяння, фінансавання сумесных праектаў, прасоўвання інтарэсаў Беларусі на міжнароднай арэне, інфармацыйнага асяроддзя, незалежных беларускіх СМІ, культуры, кнігавыдавецкай справы, акадэмічнай дзейнасці і захавання нацыянальнай ідэнтычнасці. Удзельнікі цёпла віталі Івонку Сурвіллу, старшыню Рады Беларускай Народнай Рэспублікі, якая спецыяльна прыбыла для ўдзелу ў гэтым сходзе. Вітанне ад Зянона Пазьняка, лідара нацыянальна-вызваленчага руху «Вольная Беларусь», зачытаў Юры Беленькі — дэпутат Вярхоўнага Савета Беларусі 12-га склікання і ўдзельнік гістарычных падзей 1991 года. Прысутныя таксама пагледзелі відэазварот Паўла Севярынца і выслухалі выступ Паўла Шурмея, былога камандзіра палка імя Кастуся Каліноўскага.

Асабліва моцнае ўражанне зрабіў відэазварот архіепіскапа Святаслава, прадстаяцеля Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы, запісаны ва Украіне. У той момант ён знаходзіўся ў Чарнігаве, нядаўна атрымаўшы раненне ў выніку атакі расійскага беспілотніка. Ягонае пасланне з ахопленай вайной Украіны знайшло глыбокі водгук у прысутных.

У нядзелю ў саборы адбыліся набажэнства і малітвы за Беларусь. Па абодва бакі ад бела-чырвона-белага сцяга былі ўсталяваныя сцягі ЗША і Канады — краін, дзе пакаленні беларусаў паспяхова сфармавалі і захавалі свае нацыянальныя супольнасці.

Цэнтральнай тэмай стала кансалідацыя беларускай дыяспары і стварэнне сталага механізму ўзаемадзеяння паміж беларускімі арганізацыямі ў розных краінах. Гэтай тэме быў прысвечаны круглы стол пад назвай «Кансалідацыя і каардынацыя дзейнасці беларускай дыяспары для забеспячэння эфектыўнай прысутнасці Беларусі ў свеце і падтрымкі незалежнасці і дэмакратычнага развіцця краіны».

Удзельнікі адзначылі, што сусветная беларуская супольнасць валодае значным чалавечым, прафесійным і арганізацыйным патэнцыялам, аднак рэгулярныя сувязі і абмен інфармацыяй паміж яе рознымі цэнтрамі застаюцца недастатковымі.

У выніковых высновах круглага стала было сказана: «Эпізадычнае супрацоўніцтва больш не адказвае сучасным патрэбам. Патрэбны сталый механізм камунікацыі і каардынацыі».

У гэтым кантэксце быў сфармуляваны ключавы прынцып: каардынацыя не азначае падпарадкавання. Існыя беларускія арганізацыі павінны захоўваць поўную аўтаномію, у той час як супольная структура закліканая спрыяць калектыўным дзеянням для дасягнення мэтаў, якія цяжка рэалізаваць паасобку.

Прапанову аб стварэнні Сусветнага беларускага кангрэсу сустрэлі дыскусіяй. Падчас абмеркавання выказваліся розныя меркаванні: адны ставілі пад сумнеў патрэбу адзінай структуры на гэтым этапе, іншыя сцвярджалі, што прыярытэтам павінна стаць развіццё гарызантальных сувязяў паміж ужо існымі арганізацыямі. Прыхільнікі больш сістэмнага падыходу адзначалі, што гарызантальнае супрацоўніцтва неабходнае, але само па сабе не вырашае задач, якія патрабуюць адзінага прадстаўніцтва, каардынацыі і аб’яднання рэсурсаў.

Абмяркоўвалася таксама пытанне міжнароднага прадстаўніцтва. Зварот да дзяржавы або міжнароднай арганізацыі з боку адной структуры, якая прадстаўляе сотні ці тысячы людзей, мае пэўную вагу, аднак голас прадстаўнічага органа, што абапіраецца на шырокую глабальную беларускую супольнасць, можа гучаць на якасна іншым узроўні.

Пры гэтым няма намеру ствараць нейкае «кіраўніцтва над дыяспарай». Прапанаваны механізм павінен быць міжнародным, інклюзіўным і плюралістычным, аб’ядноўваючы аўтарытэтных прадстаўнікоў розных асяродкаў і захоўваючы пры гэтым аўтаномію асобных арганізацый.

Сучасныя тэхналогіі дазваляюць стварыць такую пастаянна дзеючую платформу без неабходнасці частых і дарагіх асабістых сустрэч.

У сувязі з гэтым удзельнікі круглага стала палічылі мэтазгодным вынесці ідэю стварэння Сусветнага беларускага кангрэсу на шырокае абмеркаванне беларусаў усяго свету.

Пытанне аб неабходнасці больш шырокай глабальнай каардынацыі было ўзнята два гады таму падчас 35-й Сустрэчы беларусаў Паўночнай Амерыкі ў Канадзе. Аднак тады гэта ў асноўным засталося толькі ідэяй. На працягу наступных двух гадоў вывучаўся як папярэдні досвед, так і мадэлі глабальнай самарганізацыі іншых народаў — украінцаў, палякаў, эстонцаў, чэхаў. Праводзіліся кансультацыі і сустрэчы з беларускімі грамадскімі і палітычнымі дзеячамі.

36-я Сустрэча азнаменавала наступны этап: пераход ад абмеркавання самой неабходнасці такой структуры да прапановы запусціць адкрыты працэс яе сумеснага фармавання.

«Гэта не азначае, што мадэль Кангрэсу ўжо вызначаная. Наадварот, прынцыпы прадстаўніцтва, структура, мандат і формы дзейнасці павінны стаць прадметам шырокага абмеркавання сярод беларускіх арганізацый і супольнасцяў у розных краінах», — заявілі арганізатары сустрэчы.

У дакуменце адзначаецца, што ў сітуацыі, калі мільёны беларусаў пазбаўленыя магчымасці вольна ўдзельнічаць у грамадска-палітычным жыцці сваёй краіны, беларуская дыяспара набывае асаблівае значэнне як неад’емная частка беларускай нацыі. Удзельнікі зыходзяць з таго, што дэмакратычныя перамены ў Беларусі непазбежныя, і лічаць важным захоўваць і развіваць чалавечы, інтэлектуальны, прафесійны і арганізацыйны патэнцыял беларусаў за мяжой, разглядаючы яго як нацыянальны рэсурс для будучай дэмакратычнай беларускай дзяржавы.

Веды, прафесійны досвед і міжнародныя сувязі, набытыя беларусамі ў дэмакратычных краінах, павінны служыць аднаўленню вяршэнства права і развіццю грамадзянскай супольнасці, навукі, адукацыі, культуры, нацыянальнай эканомікі і мясцовага самакіравання.

Практычным вынікам дыскусіі стаў канкрэтны зварот, прыняты ад імя ўдзельнікаў 36-й Сустрэчы беларусаў Паўночнай Амерыкі.

У яго аснове ляжыць гістарычная рэальнасць: войны, імперскія акупацыі, палітычныя рэпрэсіі і новыя хвалі вымушанай эміграцыі раскідалі мільёны беларусаў па розных краінах і кантынентах. Аднак месца жыхарства не скасовуе прыналежнасці да адной нацыі:

«Дзе б мы ні жылі, мы застаёмся адзінай беларускай нацыяй. Ніводная беларуская супольнасць за мяжой не здолее замяніць Беларусь».

Адзін з інструментаў такога аб’яднання прапануецца зрабіць Сусветны беларускі кангрэс — прадстаўнічы і каардынацыйны орган, здольны аб’яднаць беларускія арганізацыі і беларусаў розных краін, забяспечыць міжнароднае прадстаўніцтва беларускай нацыі і каардынаваць сумесныя дзеянні ў яе інтарэсах.

Канцэпцыя Сусветнага беларускага кангрэсу абапіраецца на пераемнасць беларускай традыцыі дзяржаўнасці — ад Полацкага княства і Вялікага Княства Літоўскага, праз нацыянальна-вызваленчыя паўстанні XVIII і XIX стагоддзяў, нацыянальнае адраджэнне і Беларускую Народную Рэспубліку — да аднаўлення дзяржаўнай незалежнасці Беларусі 25 жніўня 1991 года.

«Беларуская дыяспара была і застаецца неад’емнай часткай гэтай гісторыі, — кажуць арганізатары сустрэчы. — На працягу дзесяцігоддзяў яна захоўвала беларускую ідэю дзяржаўнасці, мову і культуру, стварала грамадскія, рэлігійныя, навуковыя і культурныя інстытуты, а таксама падтрымлівала міжнародную прысутнасць Беларусі.

Новая хваля вымушанай эміграцыі ў XXI стагоддзі значна пашырыла прысутнасць беларусаў за мяжой, адначасова павялічыўшы адказнасць тых, хто жыве па-за краінай, за захаванне нацыянальнага патэнцыялу».

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках