26 красавiка 2024, Пятніца, 17:29
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Ірына Халіп: Калі патраплю ў «парламент», зладжу імпічмент Лукашэнку

37
Ірына Халіп: Калі патраплю ў «парламент», зладжу імпічмент Лукашэнку
Фота: «Наша Ніва»

Вядомая журналістка апавяла пра галоўныя мэты восеньскай палітычнай кампаніі.

Вядомая беларуская журналістка Ірына Халіп прыняла пастанову вылучацца на будучых «парламенцкіх выбарах» у Партызанскай акрузе №110. Учора каля Трактарнага завода ў Менску прайшоў пікет для збору подпісаў у яе падтрымку.

Журналісты «Нашай Нівы» пагутарылі з Ірынай Халіп.

– Ірына, навошта Вам гэта?

– Простае пытанне, але і складанае. Навошта мне гэта трэба? А на ўсё! Для таго каб потым, праз некалькі гадоў, калі спатрэбіцца падводзіць нейкія вынікі, я сказала сабе: «Я зрабіла ўсё што магла». І гэта я не пра радок у некралогу, а для самой сябе.

Апроч усяго, я да пэўнай ступені чалавек кансерватыўны, і была б рада, калі б існавалі такія метады і падыходы, якія можна было б выбраць адзін раз і назаўжды. Вось пастанавіла я: мая стратэгія – байкот. І я за байкот назаўжды, і больш ніколі нічога. Але я зразумела, што не існуе ўніверсальнай стратэгіі. Сёлета трэба рабіць так, у наступным годзе інакш, праз год – яшчэ па-іншаму, а праз дзесяць гадоў – зусім па-іншаму.

Вядома, мне гэта не зусім падабаецца. Але я павінна разумець, што змяняецца свет, змяняецца сітуацыя ў Беларусі, прычым не ў лепшы бок. Такім чынам, трэба мяняцца і мне.

– Фактычна Вы адказалі і на наступнае пытанне: чаму раней былі за байкот, а цяпер за ўдзел.

– Тры гады таму не было такой безнадзейнай сітуацыі, калі праз месяц завязуць у Астравец паліва для АЭС, 8 снежня Лукашэнка паабяцаў падпісанне новых пагадненняў у інтэграцыі, і мы не ведаем, што там будзе. Сёння беларускай зямлі пагражае ўсё: і ўсходні сусед, і ядзернае паліва, і ўвогуле людзі страчваюць надзею. Таму трэба паспрабаваць змяніць хоць нешта ў такіх цяжкіх умовах.

– Ці доўга ў Вас спела такая пастанова?

– Не, пяць хвілінаў.

– Сур'ёзна?

– Абсалютна. Села, падумала і пастанавіла: «Добра, я паспрабую». Але я скажу шчыра, што ўся «Еўрапейская Беларусь» з вялікай працай ішла да гэтай пастановы.

У кожнага з тых, хто ўдзельнічае ў выбарах ад «Еўрапейскай Беларусі», ёсць палітычны бэкграўнд, ёсць свае жорсткія падыходы, таму кожнаму з іх гэтая пастанова давалася з цяжкасцю. Мне лягчэй за ўсіх, таму што я люблю рух.

– Калі не сакрэт, хто Вам прапанаваў паўдзельнічаць?

– Ніхто. Нават мой муж [былы кандыдат на пасаду прэзідэнта Андрэй Саннікаў – «НН»] быў катэгарычна супраць. Потым ён, мабыць, усё ўзважыў і ўжо не быў супраць. У нас з Андрэем прынята так, што, нягледзячы на плюралізм і рознасць у меркаваннях, важныя пастановы мы прымаем разам. Не бывае так, што адзін кажа «я зраблю так», а другі на гэта адказвае: «добра, рабі, але я не падтрымліваю». Мы заўсёды шукаем кампраміс, які задавальняў бы абаіх.

– Усё ж ён падтрымаў Вашу пастанову?

– Так, хоць у душы ён, можа быць, і супраць, я не ведаю (смяецца).

– Партал «Хартыя-97» будзе падтрымліваць вашу кампанію?

– Вядома, будзе. І маю кампанію, і кампаніі тых кандыдатаў, якія ідуць ад «Еўрапейскай Беларусі» і Беларускага нацыянальнага кангрэса.

– З якімі прапановамі і лозунгамі Вы пойдзеце на гэтыя «выбары»?

– Галоўны лозунг вельмі просты: «Лукашэнка павінен сысці». Што яшчэ? Астравецкая АЭС не павінна быць запушчаная, мы павінны вярнуць краіне выбары.

Разумееце, я не ўдзельнічаю ў «выбарах», іх у нас няма, я ўдзельнічаю ў палітычнай кампаніі, і адна з яе мэтаў – вярнуць выбары. Я нядаўна падумала, што нават пры Лукашэнку, калі б у нас былі справядлівыя парламенцкія выбары, гэта вельмі шмат змяніла б. Я ведаю, што нічога такога пры Лукашэнку не будзе, але цяпер у нас такая сітуацыя, што ў гэтай кампаніі ўдзельнічаць трэба. Але гэта толькі на мой погляд, я не ведаю ісціны.

– У апазіцыянераў часта пытаюцца, які іхні план, калі іх не выберуць у «парламент». А які ў Вас план, калі Вас выберуць, ці, дакладней, прызначаць?

– Гэта не тая парадыгма, у якой мы сёння можам размаўляць. «Парламента» – няма, «выбараў» – няма. Ну добра, уявім, што Лукашэнку стала вельмі-вельмі сумна, і ён надумаў, што ў гэтай «палатцы» няма нічога вясёлага, а, маўляў, давайце жартам туды запусцім Халіп, паглядзім, што яна зладзіць. Калі так будзе, то я зладжу імпічмент Лукашэнку.

Напісаць каментар 37

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках