24 кастрычнiка 2020, Субота, 0:23
Сім сім, Хартыя 97!
Рубрыкі

Еўразвяз заняўся грашыма Лукашэнкі на Кіпры

176
Еўразвяз заняўся грашыма Лукашэнкі на Кіпры

Актывы, звязаныя з дыктатарам, рыхтуюць да замарозкі.

Узурпатар Лукашэнка мае сямейныя сувязі як мінімум з двума кіпрскім фірмамі, у той час як ЕЗ заяўляе аб падрыхтоўцы да замарожвання ягоных актываў, піша EUobserver.

Дзве кіпрскія кампаніі нерухомасці - Eastleigh Trading і Dana Holdings - маюць сувязі з нявесткай Аляксандра Лукашэнкі Ліліяй, жонкай ягонага старэйшага сына Віктара.

Краіны ЕЗ, уключаючы Кіпр, дамовіліся 12 кастрычніка замарозіць яго фінансавыя актывы, калі такія выявяцца. Акрамя таго, са слоў крыніцы ў ЕЗ, санкцыі Еўразвязу ў будучыні могуць быць пашыраныя, каб таксама ахапіць бізнэс-магнатаў, якія спрыялі ўзбагачэнню дыктатара.

«Санкцыі маюць вельмі шырокую прававую аснову, і мы маглі б дадаць даслоўна тысячы імёнаў», - адзначыла крыніца EUobserver.

Лілія Лукашэнка была названая дырэктарам Eastleigh Trading Вячаславам Дудкіным, былым супрацоўнікам управы МУС Беларусі ў барацьбе з карупцыяй, які ўцёк з краіны і даў інтэрв'ю Паўлу Шарамету для расейскага часопіса «Огонек» уў 2012 годзе.

У ім Дудкін сцвярджаў, што Лілія Лукашэнка і ўладальнік Eastleigh Trading, беларускі магнат Уладзімір Пефціеў выкарыстоўвалі фірму ў ашуканскіх схемах. Пефціева ж унеслі ў чорны спіс у рамках папярэдніх санкцый ЕЗ у 2011 годзе як «ключавога фінансавага спонсара рэжыму Лукашэнкі».

Лілія Лукашэнка цяпер кіруе мастацкай галерэяй ў гандлёвым цэнтры групы Dana Holdings ў Менску.

Паводле дакументаў, Eastleigh Trading працягвала працаваць у 2019 годзе. Зыходзячы з аўдытарскай праверкі 2013 года, яе асноўнымі тыпамі дзейнасці былі «холдынгавая кампанія і купля, рэканструкцыя і перадача нерухомасці ў Беларусі». Са звестак аўдыту, яе акцыі належалі «выключна нерэзідэнтам» Кіпра, а яго дырэктарамі былі кіпрскія фірмы фінансавых паслуг Centaur, якія не адказваюць на сваіх тэлефонах.

Група Dana Holdings мае штаб-кватэру ў Менску і кіруецца сербамі Баянам і Нябойшам Карычамі - нашчадкамі бялградскай бізнэс-дынастыі Карычаў, з якой Аляксандр Лукашэнка падтрымлівае сяброўскія стасункі цягам многіх гадоў.

У фінансавай справаздачы Беларусі ў 2017 годзе Лілія Лукашэнка была названая «старшай службовай асобай» даччынай кампаніі Dana Holdings, Dana Astra. Кіпрскае даччынае прадпрыемства групы апошнім часам не вяло вялікага бізнэсу, але Нябойша Карыч, які паказвае сваім адрасам востраў Пальма Джумейра ў Дубаі, куды часта прыязджае Аляксандр Лукашэнка, у 2019 годзе быў адным з яе асноўных акцыянераў.

Выданне таксама згадвае беларускія кампаніі Asbis і Wargaming Group, чые штаб-кватэры размешчаныя на Кіпры.

«Іншых беларускіх інвестараў у банкаўскай сістэме Кіпра няма», - паведамілі ў Міністэрстве фінансаў Кіпра.

Спампоўвайце і ўсталёўвайце мэсэнджар Telegram на свой смартфон або кампутар, падпісвайцеся (кнопка «Далучыцца») на канал «Хартыя-97».