Турцыя падрыхтавала сваіх вайскоўцаў для адпраўкі ў Азербайджан
6- 21.11.2020, 13:25
- 11,660
Сухапутныя войскі прайшлі спецыяльную падрыхтоўку.
Міністр абароны Турцыі Хулусі Акар заявіў, што вайскоўцы краіны гатовыя для адпраўкі ў Азербайджан.
Пра гэта паведамляе прэс-служба Міністэрства абароны Турцыі.
«У найбліжэйшы час нашы салдаты адправяцца ў Азербайджан выконваць свой абавязак. Сухапутныя войскі скончылі падрыхтоўку», – адзначыў Акар.
Нагадаем, 17 лістапада парламент Турцыі ўхваліў прапанову прэзідэнта краіны Рэджэпа Таіпа Эрдагана пра адпраўку турэцкіх вайскоўцаў у Азербайджан.
Рамкі місіі, колькасць персаналу і тэрміны дзеяння будуць вызначацца Адміністрацыяй прэзідэнта Турцыі.
У адпаведнасці з Канстытуцыяй Турцыі тэрмін дзеяння місіі вызначаны адным годам.
У ноч на аўторак, 10 лістапада, прэм'ер-міністр Арменіі Нікол Пашынян заявіў, што падпісаў з Азербайджанам і Расеяй пагадненне пра спыненне вайны ў Нагорным Карабаху.
Прэзідэнт Азербайджана Ільхам Аліеў паведаміў, што сітуацыю ў рэгіёне будуць кантраляваць міратворчыя войскі з Расеі і Турцыі. Пры гэтым у апублікаваным Крамлём дакуменце гаворка пра турэцкіх міратворцаў не ідзе.
У той самы час міністры абароны Расеі і Турцыі падпісалі мемарандум пра стварэнне Супольнага цэнтра маніторынгу сітуацыі са спыненнем агню ў Нагорным Карабаху.
Паводле звестак Мінабароны РФ, супольны цэнтр размесцяць на тэрыторыі Азербайджана. У ім будуць «збіраць, абагульняць і правяраць інфармацыю» пра захаванне перамір'я ў Нагорным Карабаху.