23 траўня 2026, Субота, 13:59
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Пуцін рыхтуе для Лукашэнкі кыргызстанскі сцэнар 2010 года?

26
Пуцін рыхтуе для Лукашэнкі кыргызстанскі сцэнар 2010 года?

Брусэль, Вашынгтон і Масква сыходзяцца ў ацэнках статусу ўзурпатара.

Дырэктар Цэнтра стратэгічных і знешнепалітычных даследаванняў Арсень Сівіцкі напісаў у «Фэйсбуку» пра тое, як Захад і Расея могуць развязаць беларускае пытанне.

– Дзеянні беларускіх уладаў імкліва ператвараюць Беларусь у агульнаеўрапейскую праблему, развязанне якой прадугледжвае скаардынаваныя дзеянні паміж Захадам і Расеяй, – піша Арсень Сівіцкі.

Калі заходнія краіны адказваюць за міжнародную ізаляцыю і эканамічныя санкцыі, то задача Расеі – зрабіць палітычны, а калі трэба – і сілавы ціск на Аляксандра Лукашэнку.

Пры гэтым праблема набывае такі маштаб, што нават фармальны стратэгічны хаўруснік (Крэмль) вымушаны каментаваць беларускае пытанне ў штотыднёвым рэжыме, нагадваючы Менску пра недапушчальнасць эскалацыі сітуацыі да «грамадзянскай вайны» і пра абавязальніцтвы ў запуску канстытуцыйнай рэформы.

Афіцыйны Менск чакана адказвае на гэтыя напамінкі яшчэ большай эскалацыяй бязладнага і непрапарцыйнага гвалту, у тым ліку – з смяротным зыходам.

У гэтых умовах Крэмль вымушаны пачаць пераацэнку геапалітычных рызык, звязаных з падтрымкай «таксічнага» актыву, бо далейшае пашырэнне санкцый ЕЗ і ЗША прывядзе да ўдару па расейскіх эканамічных інтарэсах.

У той час, калі Масква рыхтуецца да вялікай кадравай ратацыі, магчымага транзіту ўлады і новай «перазагрузкі» з ЗША ў 2021–2022 гг., трапіць пад «драконаўскія санкцыі» праз Беларусь відавочна не ўваходзіць у яе планы.

У цэлым і ў Брусэлі, і ў Вашынгтоне, і ў Маскве сыходзяцца ў ацэнках таго, што Лукашэнка канчаткова страціў статус дамоваздольнага палітыка на міжнароднай арэне, ягоная легітымнасць унутры краіны незваротна падарваная, а дзеянні ягонай адміністрацыі фактычна штодня даюць дадатковыя падставы для пацверджання гэтага «таксічнага» статусу і ўвядзення новых санкцый.

У гэтых умовах знешнія гульцы разумеюць немагчымасць кардынальнага змянення сітуацыі вакол Беларусі да лепшага і схіляюцца да таго, каб выкарыстоўваць менавіта негатыўнае яе развіццё для развязання сваіх палітычных і іншых задачаў. Напрыклад, для амерыканскага істэблішменту беларускі кейс прапануе бліскучую магчымасць аднавіць імідж ЗША як абаронцы дэмакратыі і правоў чалавека ва ўсім свеце.

У сувязі з гэтым Палата прадстаўнікоў амерыканскага Кангрэса хутка ўхваліла новую рэдакцыю Акту аб свабодзе, дэмакратыі і суверэнітэце Беларусі, накіраваўшы яго на разгляд у Сенат. Цалкам верагодна, што падпіша гэты дакумент і ўвядзе яго ў дзеянне ўжо новы прэзідэнт ЗША Джозэф Байдэн.

У аналагічным ключы дзейнічае і еўрапейская дыпламатыя. Расея ж атрымлівае магчымасць прадэманстраваць усяму свету, што яна можа выступаць не толькі ў ролі trouble maker, але problem solver, асабліва калі пра гэта яе папросяць заходнія краіны і беларускае грамадства / новая апазіцыя.

Абмяняць свой уклад у змену рэжыму ў Менску на геапалітычныя, палітычныя і эканамічныя дывідэнды ад Захаду і новай улады ў Беларусі – самая рацыянальная стратэгія для Крамля ў гэтай сітуацыі паводле той самай мадэлі, паводле якой Масква згуляла «Карабахскую» карту.

І ЗША, і ЕЗ разумеюць і прымаюць тое, што галоўным бенефіцыярам разбурэння беларускай дзяржаўнасці з'яўляецца менавіта Масква. Аднак ва ўмовах няздольнасці Менска і немагчымасці пазітыўна паўплываць на развіццё падзей яны робяць выбар на карысць прымання новай рэальнасці і свайго пазіцыянавання ўжо ў новых умовах.

Сепаратная ўгода з Расеяй датычна Беларусі да таго ж абяцае Захаду значна больш знешнепалітычных і эканамічных дывідэндаў, чым якая-небудзь іншая стратэгія дзеянняў у беларускім пытанні. Тым больш, што менавіта такую калектыўную пастанову прасоўвае новая апазіцыя, якая ўзнікла ў 2020 годзе на фоне перадвыбарнай кампаніі і пратэстаў пасля выбараў (Віктар Бабарыка, Валерый Цапкала і Сяргей і Святлана Ціханоўскія і інш.).

Адмова Лукашэнкі выконваць «план Патрушава-Пуціна», ягоная міжнародная і ўнутрыпалітычная таксічнасць, рэзка павышае стаўкі ў гульні, а новы ўльтыматум Святланы Ціханоўскай (народны трыбунал), які прыраўноўвае рэжым Лукашэнкі да тэрарыстычнай арганізацыі, стварае ідэальныя ўмовы для Крамля, каб развязаць беларускае пытанне паводле «кыргызстанскага сцэнара» 2010 года...

Напісаць каментар 26

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках