Чыноўнікам не ўдаецца «ўтаймаваць» інфляцыю
10- 13.12.2020, 14:57
- 24,999
Даражэе амаль усё - ад гарэлкі і лекаў да цукру і ЖКП.
У Беларусі прадаўжае разганяцца інфляцыя. Паводле звестак статыстыкі, даражэюць большасць тавараў і паслуг, нават тыя, на якія чыноўнікі стрымліваюць кошты. Для многіх пазіцый рост коштаў прыкметна вышэйшы, чым планавалася. Гадавая інфляцыя за апошнія 4 гады імкнецца да рэкорду. Да прыкладу, ЖКП у лістападзе ў гадавым лічэнні, паводле звестак Нацбанку, падаражэлі на 8,4%. У лістападзе з прадуктаў сярод лідараў падаражання - цукар, бульба, яйкі, ялавічына. Чыноўнікі патлумачылі, чаму растуць кошты. Спойлер: вінаватыя саслабелы беларускі рубель і неспрыяльная вонкавая кан'юнктура, праз што імкліва даражэе імпарт, піша tut.by.

Кошты якіх прадуктаў у лістападзе больш за ўсё выраслі
Сярод прадуктаў у лідарах падаражання ў лістападзе свежыя памідоры (+30,2%), свежыя агуркі (+20,1%), вінаград (+15,6%), салодкі перац (+8,5%).
«У параўнанні з папярэднім месяцам у лістападзе найбольшы рост коштаў сезонна адзначаецца для асобных тавараў сегмента плодаагародніннай прадукцыі. Так, кошты бульбы павялічаныя на 3,1%, - тлумачаць у МАРГ. - У агародніннай групе сезонна падаражэлі памідоры, агуркі і перац з прычыны заканчэння іх вырошчвання ў адкрытым грунце і пачатку вырошчвання ў абароненым. Кошты астатняй гародніны зніжаныя ад 1,1 да 3,8%. Садавіна патаннела ад 2,9 да 5,6%».
У лідарах росту коштаў у лістападзе таксама значацца цукар (+7,2%), алей, без аліўкавага (+6,9%), яйкі (+5,2%), ікра ласасёвых рыб (+4,2%), бульба (+3,1%), ялавічына, акрамя бескасцёвага мяса (+2,8%).
Апошнім разам бульба так прыкметна даражэла ў лістападзе ў 2016 годзе - на 3,7%. Да прыкладу, у лістападзе 2017-га патаннела на 0,6%, а ў мінулым годзе стала больш даступнай на 0,8%.
Гародніна ў лістападзе агулам падаражэла ў мінулым месяцы на 13,3%.
Ёсць прадукты (хай іх і трохі), якія ў лістападзе патаннелі. Сярод іх - яблыкі (-3,7%), грушы (-2,2%), аўсяныя шматкі (-2,7%), прасяныя крупы (-4,4%).
«У групе харчовых тавараў таксама адзначаецца рост коштаў мяса і мясапрадуктаў на 0,5%, фіксуецца падаражанне малака і малочных прадуктаў на 0,8%, алеяў і тлушчаў - на 2,8%», - удакладняюць у МАРГ.
Гарэлка ў лістападзе падаражэла на 0,2%.
Даражэюць лекі і паслугі сувязі. Што з коштамі нехарчовых тавараў і паслуг
У групе нехарчовых тавараў пры патанненні абутку на 2,5% і нязначным зьніжэнні коштаў парфумерна-касметычных тавараў агулам адзначаецца ўмераная дынаміка коштаў.
У сферы рэгуляванага цэнаўтварэння за месяц прырост цэн і тарыфаў у гадавым вылічэнні склаў 6,5%, удакладняюць у МАРГ. Гэта значыць, нават тавары і паслугі, кошты якіх рэгулюе дзяржава, даражэюць хутчэй, чым запланаваная інфляцыя на год (план - да 5%, снежань да снежня).
У лістападзе ў адносінах да папярэдняга месяца планава павялічаныя тарыфы на ацяпленне (на 7,1%) і паслугі сувязі (на 2,5%), дадаюць у МАРГ. Таксама адзначаецца рост коштаў тытунёвых вырабаў (на 0,6 адсотка). Акрамя таго, на фоне курсавых ваганняў кошты медыкаментаў павялічаныя на 1,7%.
У групе нехарчовых тавараў пры патанненні абутку на 2,5% і нязначным зніжэнні коштаў парфумерна-касметычных тавараў агулам адзначаецца сярэдняя дынаміка коштаў, адзначаюць у МАРГ.
Нацбанк і МАРГ - пра гадавую інфляцыю
Гадавая інфляцыя ў лістападзе разагналася да 6,6%. «Паскарэнне спажывецкіх коштаў у гадавым вылічэнні на 0,4 адсотка шмат у чым абумоўленае падаражаннем за апошнія 12 месяцаў асобных нехарчовых тавараў і харчовых тавараў крытычнага імпарту (перш за ўсё, за кошт паслаблення беларускага рубля і неспрыяльнай вонкавай кан'юнктуры)», - тлумачаць у МАРГ.
Ва ўстанове адзначаюць, што найбольшы рост коштаў у гадавым вылічэнні па-ранейшаму адзначаецца на імпартаваныя тавары (на фоне курсавых ваганняў). Алей, на ацэнку МАРГ, падаражэў на 24,2%, электратавары - на 13,4%, тэлевізары - на 7,1%, сінтэтычныя мыйныя сродкі - на 9,4%.
«Адначасова адзначаецца запаволенне росту коштаў круп (з 11,8% у кастрычніку да 9,9% у лістападзе), а таксама рыбы і рыбапрадуктаў (з 6,8% у кастрычніку да 6,6 адсотка ў лістападзе). Рост коштаў у гадавым вылічэнні плодаагародніннай прадукцыі нязначна паскорыўся да 10,5% (9,2% месяцам раней)» - расказваюць у МАРГ.
Ва ўстанове не ўдакладняюць, чаму мяркуюць, што паскарэнне росту коштаў плодаагародніннай прадукцыі на 1,3 адсотка нязначнае.
Паводле звестак Нацбанку, паслугі ЖКГ у лістападзе ў гадавым вылічэнні падаражэлі на 8,7%.
У лідарах росту коштаў у гадавым вылічэнні, паводле звестак рэгулятара, страхоўкі на асабісты аўтатранспарт (+33,3%).