26 красавiка 2024, Пятніца, 20:54
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Гендырэктар «Белавія»: Сёлета лаўкостаў не будзе, а налета паспрабуем

12
Гендырэктар «Белавія»: Сёлета лаўкостаў не будзе, а налета паспрабуем
ФОТА: CHARTER97.ORG/ІВАН МЯЖУЙ

Прадаўжэнне серыяла аб патанненні кошту авіяквіткоў у краіне.

Летась «Белавія» ўвяла безбагажныя тарыфы - стала крышку лягчэй. А яшчэ правяла зніжкавую акцыю. Неўзабаве ў кампаніі дзень нараджэння, але фестывалю нябачанай шчодрасці не плануецца. І наогул інфармацыі пра зніжкі на гэты год няма. У гэтай сітуацыі актывізуюцца размовы пра лаўкосты ў РБ. Першапачаткова ўсе ўспрымалі іх як з'яўленне ў нашым небе лідараў сегмента накшталт RyanAir і WizzAir. Праўда, потым пачаліся размовы пра перафарматаванне «Белавія», піша onliner.by. Гендырэктар нацвозніка Анатоль Гусараў распавёў, як вядуцца перамовы ў гэтым кірунку.

- Мы сапраўды працуем у гэтым кірунку. Каб сёння ўвесці гэтую мадэль у працу, нам бракуе самалётаў. Зразумела, ёсць запыты грамадства, але адкрываць не зусім стратныя, але нізкарэнтабельныя рэйсы не надта правільна. Аднак мы вельмі спадзяемся калі не сёлета, то налета рэалізаваць на бартах Embraer 195 E1 адзін або два кірункі згодна са схемай лаўкост.

Спрабавалі зрабіць нешта падобнае на рэйсе Менск - Брусэль. Яно сапраўды набліжанае да гібрыднай мадэлі і лаўкост-тарыфаў. Але пасля ўбачылі, што з'явіўся попыт, у тым ліку на транзіт, і трошкі кошт паднялі. Аднак у якасці напрацоўкі схемы і атрымання досведу будзем спрабаваць асобныя кірункі. Але сёлета не атрымаецца. Нам проста бракуе самалётаў і лётчыкаў. Аднак налета адназначна вызначым некалькі кірункаў. Магчыма, з'явіцца кірунак у Тэль-Авіў. Не з Менска, а з абласнога цэнтра.

- Наколькі гэта жорсткае патрабаванне з боку кіраўніцтва краіны?

- Жорсткіх патрабаванняў няма. Мы проста разумеем, што гэта запатрабавана ў краіне і грамадстве. І ведаем, як на гэта рэагаваць, разумеючы ўстройства лаўкост-мадэлі. Праўда, чаканні многіх людзей і рэакцыя на іх асобных чыноўнікаў зыходзіць не з механізму працы такіх кампаній.

Гэтая мадэль патрабуе рэсурсаў і пастаноў ад мясцовых уладаў і ўрада краіны з пункту гледжання розных кампенсацый і падаткаў. Вось моманты, якія дазваляюць рабіць гэты бізнэс прыбытковым. Ніводная авіякампанія, у тым ліку лаўкосты, не займаецца дабрачыннасцю.

Увогуле, усё залежыць не толькі ад нашых жаданняў і магчымасцяў. Патрэбныя пастановы на ўзроўні ўрада: падатковая база, адлічэнні ад заробкаў, кампенсацыі і цэлы шэраг іншых пытанняў. Без развязання гэтых праблем цалкам лаўкост не ўбачыць магчымасці зарабляць грошы.

- Вы кажаце пра кампенсацыі і датацыі. Тая ж Гарадзенская вобласць летась вельмі актыўнічала з нагоды лаўкостаў.

- Мы гутарылі з кіраўнікамі. Не хачу гэта каментаваць. Гэта не столькі наша тэма. Усе хочуць лаўкосты, але плаціць ніхто не мае жадання ці не можа. Далей прадаўжаць не хачу. Вось адміністрацыя вобласці хоча, каб да іх стаў лётаць лаўкост. Для чаго? Каб мясцовыя жыхары мелі магчымасць танней перамяшчацца. І калі адміністрацыі вобласці гэта трэба, людзі павінны разумець, што трэба ўдзельнічаць не проста подпісам, які пацвярджае ваша жаданне, а фінансамі, каб сапраўды рэалізаваць праект. Так вядуцца справы ва ўсім свеце.

- Для лаўкост-мадэлі вы прапрацоўвалі Брусэль і Тэль-Авіў.

- Так.

- Што яшчэ?

- Глядзелі Парыж. Хацелі лётаць у Бавэ. Але атрымлівалася не вельмі выгадна, нават у параўнанні з асноўным парыжскім аэрапортам. І тут няма кампенсацыйнага механізму, які б дазволіў не звяртаць увагі на фінансавыя паказчыкі.

Разумееце, у нас і сёння ёсць стратныя рэйсы. Гэта камерцыйная палітыка авіякампаніі. Мы ўсведамляем, што лінія з часам раскатаецца. Так, напрыклад, адбылося з Растовам. Больш за паўтары гады былі толькі страты. Паступова людзі рассмакавалі. Рэйс выйшаў на добрыя паказчыкі. Спатрэбілася цярпенне.

Лаўкост-мадэль - іншая размова. Таннымі квіткамі эканоміка рэйса не закрыецца. Трэба разумець, для чаго кампаніі такі бізнэс. Чыста жаданне? Жаданне людзей? Мы хочам паказаць сваю здольнасць адкрываць новыя мадэлі, але не забываемся пралічваць фінансавыя паказчыкі. І нікому не патрэбныя страты. Так што ў адсутнасць кампенсацыйнага механізму ўсім павінна быць зразумела, чаму лаўкосты да нас не ідуць.

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках