8 красавiка 2020, Серада, 10:38
Заставайся дома!
Рубрыкі

Эканаміст: У нафце Крэмль узяў Лукашэнку «на понт»

42
Эканаміст: У нафце Крэмль узяў Лукашэнку «на понт»
Леанід Заіка
Фота: onliner.by

Сечын у Менску разгледзеў, што дыктатар загнаны ў кут.

У пятніцу, 21 лютага, Лукашэнка заявіў, што Пуцін у тэлефоннай размове зрабіў яму «нечаканую прапанову ў нафце».

Які з бакоў бліжэйшы да праўды, а які – скажае рэальную сітуацыю? На пытанні Charter97.org адказвае эканаміст, кіраўнік аналітычнага цэнтра «Стратэгія» Леанід Заіка.

– Пяскоў звярнуў увагу на тое, што «кожны бок робіць свае ўласныя калькуляцыі». Якая з агучаных пазіцый бліжэйшая да ісціны: тое, што Расея дасць Лукашэнку $ 300 мільёнаў за кошт прэміі расейскіх кампаніі, ці ж тое, што ніякіх кампенсацый для Беларусі за кошт бюджэту РФ і яе фірмаў не будзе?

– Ды няма тут ніякай праблемы абсалютна. І нават тое, што муж унучкі Будзёнага (Дзмітрый Пяскоў – рэд.) разбіраецца ў тым, якія бараны свае, а якія дзяржаўныя, паказвае прастату гэтай сітуацыі.

Нафту – дакладней, нафтавы тавар – якую Беларусь набывала, яна набывала ў прыватных кампаній. Расейскі ўрад не з'яўляецца ўласнікам гэтага тавару, які здабываецца, праўда, як «агульнанацыянальны набытак», што само сабой смешная сітуацыя – таму кампенсацыі за кошт бюджэту РФ не будзе.

Гэтыя $ 300 мільёнаў Лукашэнка за кошт бюджэту Расеі не атрымае. Пяскоў павінен быў гэта сказаць, каб расейскі піпл ведаў, што ў яго гэтыя 300 мільёнаў не возьмуць – з грошай настаўнікаў, лекараў, а таксама чыноўнікаў. Хоць для расейскіх чыноўнікаў – гэта капейкі, яны пілуюць мільярды.

Гэта пункт першы. Тут выказаная такая, я б сказаў, тэарэтычна пісьменная пазіцыя.

Пункт другі. У тым, што Пуцін патэлефанаваў Лукашэнку, нічога дзіўнага няма. Каму ж яму яшчэ тэлефанаваць? Не Трампу ж... Сітуацыя тут – чыста расейская, «кадэбісцкая». Падазраванага ўзялі на понт (хто тут падазраваны, а хто следчы, думаю, усім зразумела), паглядзелі, як падазраваны раскрывае свае планы, мэты, яўкі, паролі – увогуле, вывелі «на чыстую ваду» ды ідэнтыфікавалі пісьменна. Гэта значыць, Пуцін убачыў, што Лукашэнка кідаецца, што ён прыдумляе схемы, што ўрэшце ён будзе набываць расейскую нафту – толькі праз літоўцаў, палякаў, фінаў, угра-фінаў і каго заўгодна.

Тут для спецыяліста нічога дзіўнага няма. Два беларускія НПЗ будаваліся пад расейскую нафту, іх эканамічнай мэтазгоднасці для Беларусі ніколі і не было. Іх будавалі, каб гнаць салярку і бензін для савецкай арміі і потым заваёўваць Еўропу. Уласна кажучы, гэтая мэта Крамлём да гэтага часу не ліквідаваная.

З нагоды коштаў на нафту для Беларусі: 300 мільёнаў – гэта кавалачак, які Пуцін можа аддаць у распараджэнне і Сечыну, і іншым алігархам. Бо чым добрыя ў Расеі алігархі? Яны беспярэчна выконваюць усе распараджэнні кіраўніка – свайго галоўнага «алігарха».

Вы можаце з апошніх падзеяў уявіць памеры і аб'ёмы, якімі яны аперуюць. Цяпер нашы добрыя сябры за мяжой ацанілі страты акцыянераў ЮКАСа на $ 50 мільярдаў. Калі гэта будзе праходзіць паводле ўсіх міжнародных канонаў, то на гэтую суму Расею змогуць і «прыціснуць». Пачынаючы з дробязяў – дзесьці карабель затрымаць, дзесьці нерухомасць арыштаваць.

На гэтым фоне перакласці $ 300 мільёнаў на плечы кампаній алігархаў – гэта дробязь. Дарэчы, і забруджванне нафты ў «Дружбе» хларыдамі – гэта справа прыватных кампаній, і яны самі будуць дамаўляцца з Лукашэнкам. Мяне больш здзіўляе, што Лукашэнка, як дырэктар саўгаса, усе гэтыя пытанні прамаўляў з Пуціным. Хтосьці яму сказаў, што галоўны гаспадар усіх расейскіх нетраў – гэта Пуцін. Ён працаваў у «канторы глыбокага свідравання» і так і застаўся гаспадаром нетраў.

Таму ўжытыя захады з боку Пуціна больш-менш пісьменныя: супакоіць хлопца на год, аддаць яму нейкія грошы... Дарэчы, я палічыў: уся аперацыя з укідам бруднай нафты абышлася Расеі ўсяго на 16 тысячаў даляраў. Калі б я працаваў у ЦРУ, то меркаваў бы поспехам – зрабіць за такія малыя грошы такую «эстэтычную» рэч для Лукашэнкі, які пагражаў, што спыніць на рамонт трубаправоды. Але расейскія выведнікі ў адказ спынілі ўсе ягоныя заводы, за кошт гэтага хлорыстага дадатку.

Цяпер яшчэ апошнія штрыхі паводле логікі таго, што адбываецца: шкоды бюджэту і насельніцтву Расеі не нанесена. Шкоды беларускаму насельніцтву, якое набывае дастаткова дарагі бензін, не нанесена. Шкоды свядомасці беларусаў пра тое, што Пуцін – мярзотнік, які хоча ставіць на калені беларуса з заробкам 200 даляраў, таксама не нанесена. Расейскія алігархі «парухаюцца» на невялікую колькасць нафты, блізу 20 мільёнаў тонаў – гэта глупства, капейкі, для сапраўдных Ігараў Дзмітрыевічаў Сечыных. Пуцін і Крэмль проста пераклалі пэўныя затраты на іх. Гэта ў ягоным стылі. Сапраўды гэтак сама ён мог аддаць распараджэнне, каб сабралі грошы на фінансаванне прыватнай арміі Вагнера. Гэта грошы сапраўды не з бюджэту РФ.

– Усім гэтым заявам папярэднічаў загадкавы візіт кіраўніка «Раснафты» Ігара Сечына ў Менск, пра дэталі якога не паведамлялі ні беларускія, ні расейскія СМІ. На вашу думку – што прывозіў Сечын Лукашэнку і як гэта магло паўплываць на далейшае развіццё нафтавай спрэчкі Масквы і Менска?

– Я ўжо гадоў 20 пра гэта кажу: таварыш Лукашэнка, таварышы прэм'ер-міністры, перастаньце валяць дурня! Вашыя два НПЗ не патрэбныя ўвогуле нікому. Не маючы ні грама нафты, вы займаецеся паляваннем на няіснага мядзведзя і седзіце ў залежнасці ад Расеі. Што вы седзіце і што далей думаеце? Што Пуцін такі дурань і будзе ўвесь час вас цярпець?

20 гадоў я гэта кажу: стварыце міжнародную карпарацыю, у якую ўключаюцца расейскія нафтаздабытчыкі, уключаюцца трубаправоднікі, уключаюцца нашы заводы. Гэта стане развязаннем усіх гэтых праблемаў на дзесяцігоддзі наперад. Расея за ўсе 30 гадоў «перабудовы» не пабудавала ніводнага НПЗ. Таму з кім дамаўляцца? Вядома, з Сечыным, ён галоўны нафтавік. Прычым ён нават дысертацыю абараніў на тэму транспартавання нафты. А хто з нашых дысертацыі абараняў на такія тэмы? Але гэта я парадыюю. Сечын на самай справе паводле спецыяльнасці – філолаг.

Вось і сустрэліся ў Менску філолаг з Масквы і настаўнік-педагог са Шклова. І што ж яны абмяркоўваюць? Сечын прыехаў даведацца – ці сапраўды можна будзе пайсці на больш цеснае інтэграцыйнае супрацоўніцтва хоць бы ў сферы нафты? Сечын прыехаў з гэтай позвай, ён паглядзеў, што Лукашэнка загнаны ў кут, што на сёння ён пакуль не дайшоў да думкі – стварыць міжнародную нафтавую карпарацыю. Вось ён прыехаў высветліць, наколькі можна Лукашэнку «пасунуць», дзе мяжа абмеркавальнасці гэтых пытанняў. І ўвогуле, Сечын убачыў, што трэба зрабіць «крок наперад».

У Лукашэнкі ёсць нейкая маніякальная ідэя завязанага на ім «суверэнітэту». Падобнае было ў Германа Герынга і Адольфа Алойзавіча... Ён не разумее, у чым складаюцца нацыянальныя інтарэсы Беларусі. Нашы нацыянальныя інтарэсы – зрабіць Расею сыравінным прыдаткам Беларусі. Калі б Лукашэнка гэта разумеў, ён шмат чаго рабіў бы па-іншаму.

– Як будуць развівацца далейшыя падзеі на «нафтавым фронце»?

– Калі Лукашэнка выявіць нейкае ўменне бачыць перспектыву, ён прыслухаецца да маіх парадаў. Калі будзе валяць дурня – зноў будзе падскокваць на вяровачках на пальчыках Пуціна.

Я яму не зайздрошчу: так валяць дурня, каб кожныя 31 снежня нешта вымучваць у нафце. Гэта выглядае жаласна.