26 красавiка 2024, Пятніца, 11:39
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Блогер: Прадавайце свае «Майбахі», самалёты і перасаджвайцеся на «Шкоды»

66
Блогер: Прадавайце свае «Майбахі», самалёты і перасаджвайцеся на «Шкоды»
ФОТА: ІРЫНА АРАХОЎСКАЯ, BELSAT.EU

Кіроўцы-пратэстоўцы вылучылі выразныя патрабаванні.

У Менску 25 лютага ля офіса дзяржаўнага канцэрна «Белнафтахім» некалькі дзясяткаў чалавек патрабавалі тлумачэння прычын росту кошту паліва. Ініцыятарам акцыі выступіў YouTube-блогер Уладзімір Цыгановіч (МозгON).

Сайт Charter97.org паразмаўляў з блогерам.

- Чаму вы надумалі заклікаць людзей прыйсці і пагутарыць з «Белнафтахімам» пра кошт бензіну?

- У нас у краіне гэтая сітуацыя не першы год трывае. Людзям, з якімі я камунікую, гэта не падабаецца. З траўня 2019 года мы пачалі прадметна размаўляць: былі адпраўленыя лісты ў розныя органы ўлады. Мы спыталі іх: хлопцы, вы ж Канстытуцыю выконваеце? Як вы сябе паводзіце? Дзяржава абавязвалася «паляпшаць сітуацыю» для сваіх грамадзян, «ствараць умовы», каб рос асабісты дабрабыт, падтрымка. А напраўду дзяржава займаецца тым, што ўвяла такі своеасаблівы падатак на лаяльнасць, падатак на талерантнасць. І яны глядзяць, падвышаючы кошты кожны раз на капейчыну, дзе мяжа гэтай талерантнасці?

Калі я пачаў разбірацца ў сітуацыі з коштам бензіну, то падману выявіў вельмі шмат. Напрыклад, у 2014-2015, калі нафта стала таннейшай удвая, кошт паліва зусім не змяніліся. У траўні 2019 ён ужо вырас у дачыненні да 1 студзені 2018 года на 35% - пры тым, што курс рубля быў такі ж. Мы ўжо тады звярнуліся ў «Белнафтахім» і сказалі: годзе.

Я прапанаваў людзям адправіць зварот, даў ім бланк і сказаў: «Няхай яны адкажуць». У нейкі момант я зрабіў відэаролік, дзе данёс інфармацыю да «Белнафтахіма» аб тым, што яны не бачаць і не разумеюць важных рэчаў. Кожны раз, калі яны падвышаюць кошт на капейку, яны павялічваюць кошты на тавары ў крамах, на лагістыку, на вываз смецця. У людзей проста не застаецца грошай. Акрамя кошту паліва, пастаянна падвышаецца яшчэ камуналка і кошт прадуктаў харчавання. Бізнэс проста памірае, на яго ўжо не застаецца грошай.

Першая акцыя была праведзена 5 лютага. Я проста сказаў: вы як хочаце, а я паеду па Менскай колавай з 17.00 да 19.00 на знак пратэсту супраць таго, што кошт бензіну расце. Мы стварылі рух, каб сябе абазначыць. Мы прымацавалі чырвоную стужачку на аўтамабіль, каб мы маглі бачыць адзін аднаго, а ўлады - колькі незадаволеных такімі коштамі паліва.

Бо ў Беларусі падвышаюць кошт бензіну пры тым, што кошт нафты ідзе ў адваротны бок (у пачатку студзеня яна была 68 даляраў, а ў цяпер 58). У выніку я надумаў пайсці асабіста да офіса «Белнафтахіму» і прапанаваў людзям далучыцца.

- Якія ў вас уражанні ад акцыі?

- Як высветлілася, людзей прыйшло даволі шмат. Ды і «Белнафтахім» павёў сябе нечакана. Звычайна яны агароджвалі нейкімі турнікетамі - але тут яны выйшлі на сустрэчу. З аднаго боку, атрымалася добра, а з другога - не вельмі. Бо я ж прапанаваў нармальна пагутарыць, прыйшоў з дакументамі і нават з прапановай аб паляпшэнні іх сайта, але на свае пытанні мы адказу так і не атрымалі.

Мая просьба была такая: пакажыце, колькі пры кошце закупкі каштуе 92-і, 95-ы, 98-ы бензін і дызельнае паліва. Каб вы нас не падманвалі. У вас жа павінна быць нейкая арыфметыка. Напрыклад, вы купілі нафту па 400 даляраў за тону, значыць, бензін каштуе 60 цэнтаў, купілі за 500, значыць - 70 цэнтаў. Я прынёс раздрукоўкі коштаў нафты па гадах, разлікі за 2018 і 2019 год. З улікам росту коштаў на капейчыну атрымалася, што пераплата склала 1 000 рублёў за два гады. Пры тым, курс беларускага рубля за 2019 год застаўся да даляра такім жа. Пры гэтым кожны раз яны нам кажуць, што «кошты не растуць, проста рубель туды-сюды мяняецца». Аднак нармальнай размовы з «Белнафтахімам» не атрымалася, бо яны спрабавалі звесці да нейкіх дзіўных прапаноў: маўляў, давай, я табе на вуха пра кошты на бензін раскажу.

Мы прапанавалі намесніку кіраўніка «Белнафтахіма» Уладзіміру Сізову, які да нас выйшаў, сесці разам са спецыялістамі ад нас і пагаварыць, як зрабіць так, каб кошты паліва зніжаліся. Мы гатовыя знайсці 5 чалавек, якія разбіраюцца ў коштаўтварэнні, каб яны сустрэліся з кампаніяй, і яны пераказалі нам, народу, як фармуюцца кошты на бензін. Неаднаразова было зададзенае пытанне, ці ёсць у краіне чалавек, які адказвае за кошт паліва на запраўках. Такога чалавека няма. Мы прапаноўвалі яго прызначыць.

- Як вы ацэньваеце тое, што на акцыю супраць «Белнафтахіму» прыйшло столькі людзей?

- Вы ведаеце, людзі ў нас выдатныя: кожны чалавек, які прыйшоў, у нейкім сэнсе перамог свой страх. Бо эканоміка Беларусі вісіць на валаску, і для таго, каб адцягнуць увагу людзей ад эканамічных праблем, улада можа зрабіць нейкую правакацыю. Таму я вельмі акуратна падыходжу да гэтага пытання і людзям тлумачу, каб не вяліся на правакацыі. Таму мы ўсё робім удзень і ў грамадскіх месцах.

- Прадстаўнік Белнафтахіма сказаў фразу, якая ўжо стала мэмам: «Кошт бензіну не расце, кошт змяняецца». Як вы гэта пракаментуеце?

- Калі вы паглядзіце, змяненне кошту бензіну за апошні год, на маю думку, гэта было шчыльна звязана з двума чыннікамі рэагавання на палітыку ўладаў.

Першы відэаролік пра кошт бензіну, які выйшаў у першых датах чэрвеня, стаў трэндавы, пасля гэтага яны пачалі «на капейку» зніжаць кошты.

Другі раз - у верасні, калі я проста выступіў і звярнуў увагу на тое, што яны робяць. Тады таксама кошт знізілі.

Можа, гэта супадзенне, але і што да аўтамабільнага газу мы таксама даціскалі, калі паказвалі, дзе яны хібяць. Яны зніжалі кошт паліва толькі пад націскам людзей. А калі не рэагаваць - то і будуць такія адказы: маўляў, «кошт не расце».

- Адзін з удзельнікаў акцыі сказаў прадстаўніку «Белнафтахіма»: «Калі вы даведаецеся, колькі я выдаткоўваю грошай на бензін - так вы ачмурэеце!». Сапраўды, ці стаў бензін для беларускага кіроўцы такім цяжарам?

- Тыя, хто жыве за горадам, падаюць канкрэтныя прыклады: яны выдаткоўваюць на бензін блізу 400 рублёў на месяц. Часам і па 1 000 рублёў. Калі паўзаробку і нават больш сыходзіць на паліва - гэта вельмі адчувальна. Трэба ўлічыць, што дзяржава паралельна спрабуе яшчэ і дарожны збор атрымліваць, і разнастайныя штрафы за хуткасць. Я сам бачыў прыклады, калі стаяў знак на 70 км/г, потым камера, потым знак на 100 км/г - выявілася, гэта спецыяльна там стаяла, каб проста здымаць грошы на трасе. Аўтаўладальнікі ператварыліся ў дойных кароў. Банальная замена дакументаў каштуе 50 рублёў. Людзі вельмі незадаволеныя. Кошт паліва - гэта як катаванне з бесперапынным паданнем кроплі на галаву.

- Якой, на вашую думку, павінна быць справядлівая цана бензіну ў Беларусі?

- Я мяркую, што гэта павінна быць цана на 1 студзеня 2018 года. Гэта - мінус 35% ад сённяшняга кошту. Гэта дакладна і з пункту гледжання даходаў беларусаў, якія не моцна памяняліся, а менавіта з гэтай даты кошт бензіну пастаянна пачаў павялічвацца.

З іншага боку, мы прапаноўвалі дзяржаве шчыра прызнацца: паглядзіце, колькі ва Украіне каштуе паліва, колькі ў іншых краінах, параўнайце гэта з узроўнем даходаў там. Пры гэтым Расея пастаўляла нам нафту са зніжкай 20% ад сусветнай.

У нас яшчэ ёсць 1,6 мільёнаў тон сваёй нафты, якую мы прадаем. З агульнай патрэбы на 7 мільёнаў тон мы гэтай нафтай яшчэ маглі б даць мінус 10-15% да кошту бензіну.

Улады ж самі кажуць, што «Белнафтахім» - гэта дзяржаўнае прадпрыемства, а не камерцыйная фірма. Значыць - гэта наш бензін, нашы грошы, і мы маем права паляпшаць працу гэтага прадпрыемства, каб кошт яго прадукцыі быў ніжэйшы.

Акрамя таго, яны манапалісты, не даюць магчымасці ўсталяваць рынкавы кошт. А каб была такая магчымасць - цяпер бы ўжо людзі паехалі з цыстэрнамі і закупілі ў Расеі гатовы бензін, і быў бы кошт ужо ніжэйшы.

Калі ў дзяржавы ўсё так дрэнна, то прадавайце тады свае самалёты, свае «Майбахі», перасядзьце на «Шкоды» і паказваеце, што вы таксама эканоміце, што вы разам з намі.

Мы прапанавалі іншы варыянт: калі вы хочаце быць незалежнай дзяржавай, то перасаджвайце людзей на больш эканамічныя аўтамабілі. У мяне была «Таёта Ланд Крузэр», яна з'ядала ўмоўна 13 літраў бензіну, з улікам таго, што я газ паставіў. Я перасеў на метанавы аўтамабіль «Пасат», у мяне там спажыванне ледзь не па 5 рублёў на 100 км. Гэта значна танней, але каб кіраваць такім аўто, трэба заплаціць мыту - 2,5 ці 3 тысячы даляраў. Мы адпраўлялі ліст дзяржаве: калі вы хочаце знізіць залежнасць ад Расеі, то дайце магчымасць сваім кіроўцам перасесці на больш эканамічныя аўтамабілі, зрабіце нулявую размытнёўку на гібрыдныя аўтамабілі, на аўтамабілі з невялікімі аб'ёмамі рухавікоў. Яны не хочуць рабіць. Метанавыя запраўкі пабудуйце ў краіне. Яны ж будуюць толькі бензінавыя.

Атрымліваецца, улады рабіць нічога не хочуць, прапановы людзей успрымаць не хочуць, самі не хочуць пачынаць эканоміць, а нам прапаноўваюць за ўсё плаціць.

- Што б вы хацелі сказаць беларускім кіроўцам на будучыню?

- Цяпер вельмі важна выносіць гэтую праблему на абмеркаванне.

Каб усе нашы, як іх называюць, «канапныя войскі», уключыліся, каб яны хаця б, як мінімум пакінулі свой каментар і тым самым паказалі, што гэта важна, што гэта іх хвалюе. Калі людзей нешта абурае, ёсць шанец змяніць сітуацыю. Калі яны трываюць, значыць - згодны плаціць такі кошт. Падатак на талерантнасць - гэта бесперапынны рост цаны паліва. Скасаваць гэты падатак можна толькі дзейнічаючы, яны даюць «задні ход» толькі ў адказ на нашы дзеянні.

Напісаць каментар 66

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках