29 сакавiка 2024, Пятніца, 0:30
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Чым заняцца падчас карантыну: пяць раскошных віртуальных музеяў

Чым заняцца падчас карантыну: пяць раскошных віртуальных музеяў

Наведваць улюбёныя музеі, не выходзячы з дому, цалкам рэальна.

Google праводзіць віртуальныя туры па Луўры і музею прыродазнаўства ў Бэрліне, а амэрыканскі Метраполітан-музей аблічбаваў дзясяткі тысяч твораў з сваёй калекцыі. Шмат каму з нас давялося скасаваць запланаваныя выправы праз пандэмію каранавіруса, але vogue.ua прапануе не панікаваць - а занурыцца ў віртуальны свет мастацтва.

Google Arts & Culture

Раскошны падарунак усім нам у 2011 годзе зрабіў Google – увёў у дзеянне лічбавую платформу Google Arts&Culture. Усё пачалося з супрацоўніцтва з 17 музеямі, цяпер жа на платформе ёсць доступ да больш за 1200 калекцый з усяго свету. Google Arts&Culture - дакладна першы прыпынак у вашым віртуальным арт-падарожжы, і затрымацца тут давядзецца мінімум гадзіны на 3-4. Вы можаце шукаць цікавыя вам творы паводле перыядаў, тэхнік, кірункаў або мастакоў; можаце вывучаць канкрэтныя музеі - напрыклад, галерэю Уфіцы ў Фларэнцыі або музей Ван Гога ў Амстэрдаме. Або арыентавацца на тэндэнцыі тыдня - напрыклад, на гэтым тыдні ў цэнтры ўвагі Ван Гог, гарлачыкі Манэ і кветкі. Самае цудоўнае ў Google Arts&Culture тое, што яны даюць доступ да твораў у высокім разрозненні - нават у музеі вы наўрад так падрабязна разгледзіце жывапіс, як на сайце. Менавіта таму Google Arts&Culture вельмі паважаюць музейныя работнікі з усяго свету.

Брытанскі музей, Лондан

Брытанскі музей у Лондане – абавязковая рэч для ўсіх фанатаў археалогіі: гэта найлепшы археалагічны музей у свеце і другі паводле наведнасці ў свеце сярод мастацкіх музеяў, пасля Луўра. Пару гадоў таму супольна з Google яны адкрылі доступ да сваёй раскошнай калекцыі, і цяпер праз інтэрнэт можна ўбачыць больш за 5 тысяч экспанатаў. Прычым супрацоўнікі не проста аблічбавалі, а зрабілі цэлую лічбавую экскурсію. Ад яе не адарвацца: выбіраеш перыяд, краіну або кантынент, і перад табой адкрываецца паўнавартасны музей з апісаннем экспаната, звязаныя з ім іншыя аб’екты ў музеі і таксама невялікі аўдыягід. Дарэчы, інфармацыяй за адзін націск зручна падзяліцца з сябрамі ў сацыяльных сетках або захаваць сабе ў закладкі.

Луўр

Самы папулярны музей у свеце штогод прымае да 10 мільёнаў чалавек. Цалкам лагічна, што на каранцін праз пандэмію каранавіруса Луўр замкнуўся адным з першых, яшчэ на пачатку сакавіка. Але Луўр мае выдатныя віртуальныя экскурсіі: можна «прайсціся» па старажытным егіпецкім крыле і яго сутарэнні, таксама ёсць тур па Galerie d'Apollon. Звярніце ўвагу, што на сайце таксама ёсць сімпатычная рубрыка "экспанат дня", яго супрацоўнікі музея выбіраюць штодзень і прысвячаюць яму цікавы агляд. Напрыклад, сёння, 15 сакавіка, экспанат дня ў Луўры - галава каласальнай статуі Аменхатэпа III (1550-1069 гады да нашай эры).

Музей Ватыкана

Здзейсніць віртуальны тур па Сікстынскай капэле і ўбачыць твор вялікага Мікеланджэла - гэта цалкам рэальна нават цяпер, калі Італію ахапіла пандэмія каранавірусу і жыццё ў адной з самых каларытных і жыццярадасных краін свету фактычна занікла. Музеі Ватыкана яшчэ некалькі гадоў таму распрацавалі выдатны віртуальны тур па Сікстынскай капэле, якія выявіліся вельмі дарэчнымі цяпер. Акрамя гэтага, на сайце ёсць доступ яшчэ мінімум да пяці залаў музея Ватыкана. Прыемнага падарожжа!

Музей Тысэна-Барнэмісы ў Мадрыдзе

З 12 сакавіка ключавыя музеі Гішпаніі, як і іхнія калегі ў Аўстрыі, Францыі ды Італіі, замкнуліся на карантын меркавана да 3 красавіка. Сярод іх і мадрыдскі музей Тысэна-Барнэмісы. У сярэдзіне лютага тут адкрылася вялікая выстава Рэмбрандта, якая не прапрацавала паўнавартасна і месяца. Каб гледачы ва ўсім свеце маглі з ёй азнаёміцца, нягледзячы на карантын, у музеі пільна падрыхтавалі віртуальны тур па выставе. Можна прайсціся па ўсіх пяці залах і, седзячы на канапе, у драбніцах разгледзець жывапіс вялікага галандскага мастака.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках