11 траўня 2024, Субота, 2:17
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Зміцер Бандарэнка: У Беларусі адбываецца спланаванае масавае забойства людзей праз заражэнне каранавірусам

59
Зміцер Бандарэнка: У Беларусі адбываецца спланаванае масавае забойства людзей праз заражэнне каранавірусам
СУД У ГААЗЕ
ФОТА: DW.COM

У сілавікоў ёсць выбар - стаць выратавальнікамі нацыі ці сесці побач з Лукашэнкам на лаву падсудных.

Пра гэта ў інтэрв'ю Charter97.org заявіў каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Зміцер Бандарэнка, каментуючы актуальную сітуацыю з эпідэміяй COVID-19 у нашай краіне.

- Лукашэнка надоечы заявіў, што ў Беларусі ад каранавіруса нібыта не памёр ніводзін чалавек. А як вы ацэньваеце сітуацыю ў краіне - колькі напраўду можа быць заражаных і памерлых?

- Ёсць дзве асноўныя стратэгіі, якія выкарыстоўваюць урады краін у барацьбе з эпідэміяй каранавіруса.

Першая стратэгія - гэта максімальна мінімізаваць колькасць ахвяр, мінімізаваць заражэнне насельніцтва праз комплекс жорсткіх карантынных захадаў. Гэта дапамагае сістэме аховы здароўя паступова быць гатовай да прыняцця вялікай колькасці тых, хто захварэў на каранавірус і выратаваць максімальную колькасць жыццяў у першыя некалькі месяцаў эпідэміі.

Іншая стратэгія - гэта не рабіць нічога для абмежавання распаўсюджвання каранавіруса: каб заразілася максімальная колькасць людзей і выпрацаваўся так званы «калектыўны імунітэт».

Абсалютная большасць краін ідзе першым шляхам, а беларускі ўрад пайшоў іншым.

Лукашэнка не хавае, што ягоная стратэгія - гэта менавіта выпрацоўка «калектыўнага імунітэту». У сувязі з гэтым мы памятаем ягоныя цытаты: «60% захварэюць і тады ўжо хварэць не будзем», «вы ўсё ўжо перанеслі каранавірус на нагах», «дзеці не хварэюць, у іх лёгкая форма і моцны імунітэт» і гэтак далей.

Вядома таксама, што простыя карантынныя захады зніжаюць колькасць тых, хто заразіўся і памерлых у 10 разоў. Менавіта таму Расейская Федэрацыя, улады якой звычайна не вельмі клапоцяцца пра сваіх грамадзян, усё ж вымушана была ўвесці карантын - менавіта праз разуменне таго, што інакш людскія страты будуць проста катастрафічнымі.

Мы ведаем сусветную статыстыку: у такіх перадавых краінах, як Італія, Гішпанія, Бэльгія, Швэцыя, смяротнасць ад каранавіруса складае прыкладна 10%. Калі ў Беларусі заражаныя ўжо дзясяткі, а магчыма, і сотні тысяч, то можна, адпаведна, гаварыць, колькі людзей ужо памерла або памрэ цягам найбліжэйшых двух тыдняў. І гэта будуць тысячы.

А Лукашэнка - адзін з арганізатараў гэтага вар'яцкага плану.

- І ўсё ж, ягоныя дзеянні ва ўмовах эпідэміі - гэта больш неадэкватнасць або свядомае знішчэнне беларускага народа?

- Я мяркую, што ідзе спланаванае масавае забойства людзей. Калі ўлады кажуць, што 60% насельніцтва захварэе, то яны не дагаворваюць другую частку: 10-15% папуляцыі памрэ. І яшчэ прыкладна столькі ж застануцца цяжкімі інвалідамі. Лекары сцвярджаюць, што нават у перахварэлых каранавірусам лёгка (ці ўвогуле перанеслі яго на нагах) адбываюцца змены ў лёгкіх. Каранавірус за некалькі дзён робіць тое ж, што сухоты ў сучасных умовах - за 10-15 гадоў.

А мы ведаем, што клімат Беларусі - не самы спрыяльны для лячэння лёгачных захворванняў. Нездарма ва ўсе часы хворыя на сухоты жылі ў сухім клімаце: у Крыме, як Антон Чэхаў або Максім Багдановіч, або на Мальёрцы ў Міжземным моры, як Фрэдэрык Шапэн. У багатых людзей была магчымасць з паўночных краін пераехаць у паўднёвыя, дзе быў сухі клімат.

Зараз ідзе спланаванае заражэнне каранавірусам беларускага насельніцтва, улады ўжо адмаўляюцца нават ад таго, каб кантакты першага ўзроўню знаходзіліся ў шпіталях. Гэтых пацыентаў, многія з якіх заразіліся каранавірусам ужо пасля шпіталізацыі, зараз распускаюць па дамах.

Ніякіх захадаў карантыннага характару ў Беларусі не робіцца, паслядоўна рэалізуецца ідэя: заразіць як мага больш людзей, каб выпрацаваўся «калектыўны імунітэт». Але ж няма яшчэ выразных навуковых звестак аб тым, што гэты імунітэт у прынцыпе выпрацоўваецца, на які перыяд ён выпрацоўваецца і ў каго ён узнікае. Шэраг звестак з Паўднёвай Карэі сведчаць аб тым, што многія так званыя ачунялыя ад каранавіруса потым паўторна заражаліся і захворвалі.

Стратэгія многіх урадаў разлічаная яшчэ і на тое, што каранавірус, можа быць, усё ж такі мае сезонны характар або з часам адбудзецца яго мутацыя, якая зробіць яго менш агрэсіўным і заразным - як адбылося з двума першымі версіямі каранавіруса, якія спачатку працякалі з вельмі высокай смяротнасцю, але затым мутавалі і сталі менш агрэсіўнымі.

У нармальных краінах улады робяць усё, каб у гэты перыяд, калі няма лекаў, няма вакцыны, калі медыцына яшчэ не гатовая працаваць у складаных умовах, калі лекары яшчэ не гатовыя дзейнічаць у «скафандрах», здабыць час. Яны разлічваюць на тое, што з часам знойдзецца развязанне праблемы, а таксама прымаюць жорсткія карантынныя захады для выратавання людзей.

- Кожны дзень мы бачым, як Лукашэнка ўпарта заражае каранавірусам і войска. Рэпетыцыі параду праходзяць у шчыльным шыхце, сярод сілавікоў нават паводле афіцыйнай інфармацыі ёсць хворыя COVID-19. Ці могуць вайскоўцы або нейкія яшчэ адэкватныя сілы спыніць дыктатара?

- У сённяшніх генералаў і кіраўнікоў сілавых ведамстваў ёсць выбар: або сесці на лаву падсудных разам з Лукашэнкам (а такі суд або трыбунал адбудзецца абавязкова, ніхто не даруе смерці тысяч і тысяч людзей, якія маглі выжыць), або стаць выратавальнікамі нацыі і дзяржавы - арыштаваўшы Лукашэнку і адхіліўшы яго ад улады, увёўшы карантын у краіне, стварыўшы Урад нацыянальнага выратавання, каб правесці праз некалькі месяцаў свабодныя выбары.

- Юрысты кажуць аб парушэнні ўладай ва ўмовах эпідэміі як мінімум 3-х артыкулаў Крымінальнага кодэкса Беларусі. Як прымусіць Лукашэнку адказаць паводле закону?

- Родным і блізкім памерлых ад каранавіруса і людзям, якія страцілі падчас эпідэміі здароўе, трэба дакументальна зафіксаваць выпадкі смерцяў і выпадкі захворванняў. Неабходна захоўваць усе гэтыя дакументы. Юрысты кажуць пра тое, што гэтыя справы будуць у кожным выпадку мець судовую перспектыву. Адказваць за масавыя забойствы давядзецца. У будучыні беларуская дзяржава будзе вымушана надаць матэрыяльную дапамогу сем'ям загінулых з віны сённяшніх уладаў, як гэта адбываецца з сем'ямі ахвяр авіякатастроф. Гэтая дапамога можа быць нададзеная з канфіскаванай маёмасці вінаватых злачынстваў.

Апазіцыя цяпер не заклікае да актыўных дзеянняў - для таго, каб не спрыяць заражэнню тых людзей, якія рэалізуюць Народнай карантын, знаходзяцца ў самаізаляцыі, берагуць сваіх родных і блізкіх.

Пасля заканчэння эпідэміі будзем разбірацца. Сёння масава заражаныя лекары і медыцынскі персанал, многія лякарні і санаторыі ператварыліся ў асяродкі інфекцыі, не стае апаратуры для лячэння цяжкахворых...

Таму вельмі важна зафіксаваць злачынствы ўлады.

- На што яшчэ арыентавацца беларусам у гэтай няпростай сітуацыі? Што трэба ведаць, каб не паддацца дэзінфармацыі?

- Першае: трэба разумець, што каранавірус смяротна небяспечны. Гэта не нейкі «быццам бы грып», як нас далей пераконвае беларуская тэлевізія.

Другое: трэба разумець, што беларускія ўлады свядома імкнуцца заразіць вас і вашых блізкіх. А ў «апраўданне» яны фактычна ставяць перад беларусамі такую дылему: пагадзіцеся на тое, што мы заб'ём вашых бацькоў, вашых дзядоў і бабуль, але затое будзе працаваць луканоміка.

Эпідэмія ў нас працякае ў дыктатарскай краіне. Нас свядома імкнуцца заразіць і знішчыць. Я як былы палітвязень магу пацвердзіць, што значная колькасць беларускіх апазіцыянераў сутыкалася ў турмах з тым, што супрацоўнікі міліцыі і аховы, а таксама кіраўніцтва турмаў і калоній шмат што рабілі свядома для таго, каб заразіць людзей - рознымі тыпамі гепатыту, сухотамі, каростай, СНІДам. Усе мы сутыкаліся з тым, што з намі без папярэджання вельмі часта знаходзіліся хворыя гэтымі небяспечнымі захворваннямі. Цяпер гэты досвед рэжым выкарыстоўвае супраць усяго насельніцтва.

І трэцяе: пасля эпідэміі мы разам павінны зрабіць усё, каб адхіліць Лукашэнку ад улады - праз пратэсты, масавыя страйкі, праз кампанію непадпарадкавання. Калі раней гэтага не зробяць сілавікі. Менавіта для таго, каб ён адказаў за злачынствы падчас эпідэміі і для таго, каб больш не мог пагражаць людзям у Беларусі.

А сёння галоўнае - выжыць, захаваць здароўе і выратаваць нашых блізкіх.

Напісаць каментар 59

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках