26 красавiка 2024, Пятніца, 13:06
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У спісах значацца

101
У спісах значацца
Фота: БелТА

Палітыка кіроўнага рэжыму ў Беларусі сёння мае ўсе прыкметы генацыду.

Я рэдка называю канкрэтныя прозвішчы рэжымных халуёў, калі пішу пра Беларусь. Мяркую, што важней падняць праблему, а прозвішча канкрэтнага вінаватага не настолькі важнае, бо ўсе чыноўнікі ўжо даўно працуюць не на дзяржаву, а на гаспадара. Таму мне нецікавыя факты іх біяграфій, іх паслужныя спісы. У іх не знойдзеш пробліскаў прыстойнасці. Нецікава і параўноўваць толькі прызначанага са звольненым або пасаджаным папярэднікам.

Яны разменныя фігуры, калі імгненна пайшлі ў служкі да гэтай мярзотнай улады. Таму нецікава чытаць нават паведамленні пра іх арышты, прысуды, кампраматы на іх. Да нашага з вамі жыцця гэта не мае ніякага дачынення. Гаворка не ідзе пра пакуты нявінна асуджаных, а пра тое, што пацукам, якія нас рабуюць і балююць за наш кошт прыціснулі хвост ім падобныя. Я гэта ведаў і яшчэ раз пераканаўся ў гэтым падчас сваіх прымусовых падарожжаў па лагерах і турмах. За рэдкім выключэннем пасаджаныя за краты чыноўнікі і "комерсы" (так турэмны народ называе бізнэсоўцаў) думалі толькі пра тое, каб выйсці і пасадзіць тых, хто пасадзіў іх, а потым вярнуць прыязнасць гаспадара і свой крымінальны бізнэс.

Аднак сёння сітуацыя іншая. Сёння менавіта канкрэтныя чыноўнікі, функцыянеры, адміністратары, нават журналісты і рэдактары маюць значэнне.

Яны ўсе чыняць злачынства. Тыя, хто падтрымлівае палітыку неадэкватнага правадыра. Тыя, хто ўдзельнічае ў яе правядзенні. Тыя, хто замоўчвае маштаб эпідэміі і хлусіць з экранаў і манітораў. Тыя, хто пераследуе журналістаў, студэнтаў, лекараў за праўду.

Яны не выконваюць загады, як казалі жаўнеры ў нацысцкай Нямеччыне, каб апраўдаць забойства мірных жыхароў, а непасрэдна чыняць злачынствы, бо палітыка кіроўнага рэжыму ў Беларусі сёння мае ўсе прыкметы генацыду.

Вызначэнне генацыду было дадзенае ААН у 1948 годзе, і гаворыцца ў ім, што генацыд - гэта «наўмыснае стварэнне для якой-небудзь групы такіх жыццёвых варункаў, якія разлічаны на поўнае або частковае яе фізічнае знішчэнне».

Заўважце, не прамыя дзеянні для фізічнай ліквідацыі групы людзей, а «стварэнне варункаў» для знішчэння.

Адпаведныя нормы міжнароднага права былі замацаваны ў міжнароднай Канвенцыі аб папярэджанні злачынства генацыду і пакаранні за яго, якая была прынята ў снежні 1948 года і ўвайшла ў дзеянне ў студзені 1951 года.

Беларусь, на той момант Беларуская СССР, падпісала канвенцыю ў 1949 годзе і сёння выконвае ўсе абавязанні паводле гэтага важнага міжнароднага дакументу.

Нядрэнна было б усім баязлівым чыноўнікам, якія не адважваюцца пярэчыць гаспадару, з гэтай канвенцыяй азнаёміцца. Бо там пад пакаранне патрапляюць і «суўдзел у генацыдзе», і «змова з мэтай учынення генацыду». Утойванне інфармацыі, дэзінфармацыя насельніцтва, бяздумнае выкананне загадаў дыктатара аб правядзенні масавых мерапрыемстваў, арганізацыя спартыўных гульбішчаў з удзелам вялікай колькасці спартоўцаў і заўзятараў, незаконныя загады вайскоўцам удзельнічаць у масавых трэнінгах на забаву правадыру і многія іншыя дзеянні чыноўнікаў адназначна падпадаюць пад кваліфікацыю «змова».

А яшчэ ў гэтай канвенцыі ёсць вельмі дакладны і своечасовы пункт, які абвяшчае, што «асобы, якія чыняць генацыд або якія-небудзь іншыя з пералічаных... дзеянняў, падпадаюць пад пакаранне, незалежна ад таго, ці з'яўляюцца яны адказнымі паводле канстытуцыі правадырамі, службовымі або прыватнымі асобам»

Гэта рэдкі выпадак, калі міжнароднае права дапускае прыцягненне да адказнасці правадыроў і вышэйшых афіцыйных асоб.

Пра Лукашэнку людзям даўно ўсё зразумела. У самы цяжкі для краіны час ён выяўляе сваю поўную неадэкватнасць і некампетэнтнасць, пры гэтым дазваляе сабе хамства ў дачыненні да памерлых ад каранавіруса людзей, хлусіць і працягвае забаўляцца, гуляць у салдацікі жывымі людзьмі.

Аднак Лукашэнка ўжо не зменіцца. Пытанне да тых, чыімі рукамі ён творыць ўсе гэтыя злачынствы. Вы што, не разумееце, што вы і ёсць асноўныя злачынцы? У гісторыі былі прыклады, калі дыктатары ў судныя дні «ўдавалі вар’ятаў», каб пазбегнуць пакарання. Затое з іх падбрэхічамі распраўляліся заўсёды, і суд для іх яшчэ быў найлепшым варыянтам.

Я думаю, што сёння дарэчы пачаць называць імёны злачынцаў, рукамі якіх чыняцца злачынствы.

Скажу шчыра: нялёгкая гэта задача, бо мала хто ў Беларусі ведае прозвішчы чыноўнікаў, нават калі яны міністры. Так, безыменныя халуі. Давялося пакорпацца ў інтэрнэце.

Пасад называць не буду, бо яны ўсё займаюць свае пасады незаконна, як і іх гаспадар.

Вось частка гэтага ганебнага спісу:

Румас, Круты, Кухараў, Назараў, Петрышэнка, Дворнік, Караеў, Каранік, Макей, Карлюкевіч, Бондар, Раўкоў, Карпенка, Вашчанка, Касцевіч, Кавальчук, Сліжэўскі, Вакульчык, Анфімаў, Сяргеенка, Качанава, Андрэйчанка, Баранава, Эйсмант ды іншыя.

Іх вядома больш, але не так шмат, як ім хацелася б.

На нашым баку нашы правы і законы: і беларускія і міжнародныя. Гэтым і трэба карыстацца, каб зберагчы сваё жыццё і жыццё сваіх блізкіх.

Трэба дамагацца распачынання крымінальных спраў супраць Лукашэнкі, як гэта зрабіў Аляксандр Мацвееў, у якога палітыка рэжыму забіла маці. Трэба звяртацца ў суды і ў генпракуратуру з абвінавачваннямі канкрэтных чыноўнікаў у злачынствах, якія вядуць да загубы людзей. Трэба звяртацца ў міжнародныя арганізацыі - тут праваабаронцы могуць падказаць у якія і дапамагчы скласці звароты.

Бяда, якая прыйшла ў Беларусь, пагаршаецца той бядой, з якой мы жывем ужо чвэрць стагоддзя. Мы справімся і з тым, і з іншым, і Беларусь будзе жыць, і беларусы жыць будуць, але для гэтага трэба дзейнічаць.

Сёння склалася ўнікальная сітуацыя: абараняючы сябе, сваіх блізкіх, сваіх паджылых родных, мы абараняем Беларусь.

Андрэй Саннікаў, каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь», спецыяльна для Charter97.org

Напісаць каментар 101

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках