19 верасня 2020, Субота, 18:58
Сім сім, Хартыя 97!
Рубрыкі

Барацьба за свабоду сёння - гэта барацьба за жыццё

25
Барацьба за свабоду сёння - гэта барацьба за жыццё
Наталля Радзіна

У Беларусі з'явілася яшчэ адно эпідэміялагічна «гарачае месца».

Гэта мой родны горад Кобрын. У апошнія дні мне тэлефануюць адтуль родныя і сябры і паведамляюць, што райцэнтр накрывае хваля каранавіруса.

Уся інфекцыйная лякарня і корпус раённага шпіталя пераведзеныя на прыём хворых сярэдняй цяжкасці. Гэта блізу 200 ложка-месцаў. Пацыентаў у цяжкім стане адпраўляюць у Берасце.

Створаныя некалькі цэнтраў ізаляцыі - у санаторыі «Колас», псіха-неўралагічным дыспансеры, пансіянаце для састарэлых у вёсцы Імянінах.

Кобрынская радзільня перапоўненая, бо сюды вязуць жанчын з Бярозы, дзе сітуацыя выйшла з пад кантролю і нават радзільню перапрафілявалі пад прыём хворых на каранавірус.

Большасці захварэлых ніхто не робіць тэстаў. Максімум што прапаноўваюць - флюараграфію, якая нічога не паказвае.

Шмат хто ляжыць дома - у лякарнях няма месцаў.

Некалькі тыдняў таму былі інфікаваныя тры кобрынскія хірургі. Аднаго адправілі ў Берасце. Праляжаў пад кіслароднай маскай два тыдні. Цяпер стан лекара нармалізаваўся, але пашкоджаныя ўнутраныя органы і неабходная доўгая рэабілітацыя.

Лекарам, якія не працуюць з хворымі на Covid, два тыдні таму выдалі па тры рэспіратары, якія яны вымушаныя кварцаваць. Дадаткова лекары набываюць рэспіратары за свае грошы.

На каранавірус захварэлі святар мясцовай праваслаўнай царквы і пратэстанцкі пастар.

Масава хварэюць педагогі. У некаторых школах бацькоў таемна просяць не вадзіць дзяцей.

Знакамітая кобрынская фабрыка цацак «Палессе» (адно з нямногіх рэнтабельных прадпрыемстваў горада) яшчэ нядаўна працавала па 2-3 дні на тыдзень. Заробкі ў людзей значна знізіліся.

Не лепшая сітуацыя ў вёсках. У пасёлку Радаставе, дзе жыла мая бабуля, хварэюць цэлымі дамамі, захварэў галоўны лекар шпіталя, заражаных вязуць у раённы цэнтр Драгічын. На карантыне знаходзіцца мясцовы святар, ягоная жонка ў лякарні з каранавірусам, царква закрытая.

Учора паведамілі, што ў вёсцы Хідрах захварэў увесь сельскі савет.

Гэта няпоўная эпідэміялагічная сітуацыя аднаго невялікага беларускага раёна. Такіх раёнаў у Беларусі - 118. У кожным сітуацыя не лепшая, калі не горшая.

Сёння людзям у гэтых месцах пагражае рэальная небяспека. Медыцына ў раённых гарадах у гаротным стане, няма неабходнага абсталявання, спецыялісты не хочуць затрымлівацца ў шпіталях праз нізкія заробкі і адсутнасць перспектыў. У чарзе на УГД, кампутарную тамаграфію або МРТ трэба стаяць ад некалькіх месяцаў да паўгода. Усе гэтыя абследаванні можна зрабіць толькі ў вобласці. У тым жа Кобрыне такога абсталявання няма - трэба ехаць у Берасце. Затое на загад Лукашэнкі тут пабудавалі аквапарк і лядовы палац. Вялізныя будынкі пустуюць, выцягваючы з беднага мясцовага бюджэту велізарныя грошы на абслугоўванне.

Бачыла сёння ў інтэрнэце апытанні, згодна з якімі рэйтынг Лукашэнкі - усяго 3 адсоткі. З ім усё зразумела. Але зразумела таксама і іншае. Барацьба за свабоду сёння - гэта барацьба за жыццё.

Наталля Радзіна, галоўная рэдактарка Charter97.org