Nokia дапаможа Украіне стварыць уласную альтэрнатыву Starlink для войска
- 23.10.2026, 7:37
- 1,358
Зроблены першы крок.
Міністэрства абароны Украіны падпісала з фінскімі кампаніямі ICEYE і Nokia ліст аб намерах па супрацоўніцтве ў касмічнай сферы. Мэта — стварыць уласную абароненую сістэму спадарожнікавай сувязі, якую будзе кантраляваць Украіна.
Пра гэта паведамляе РБК-Украіна са спасылкай на сумесную заяву ICEYE і Nokia.
Ліст аб намерах падпісалі 22 кастрычніка падчас візіту прэм’ер-міністра Фінляндыі Петэры Орпа у Украіну. Пакуль гэта першы крок: бакі дамовіліся вывучыць магчымасці супрацоўніцтва. Тэрміны і фінансаванне не называюцца.
На пачатку кастрычніка ICEYE і Nokia абвясцілі пра сумесную распрацоўку абароненай спадарожнікавай шырокапалоснай сувязі на нізкай калязямнай арбіце, як у Starlink. Галоўнае адрозненне — дзяржава-заказчык будзе валодаць і кіраваць усім: спадарожнікамі, наземнай інфраструктурай і тэрміналамі.
Такая сувязь можа спатрэбіцца для абароны, аховы межаў, працы экстранных службаў і ліквідацыі наступстваў катастроф.
«Украіне патрэбныя абароненыя, суверэнныя і высокапрадукцыйныя сістэмы спадарожнікавай сувязі, якія яна кантралюе», — заявіў генеральны дырэктар і сузаснавальнік ICEYE Рафал Моджэнскі. Ён нагадаў, што кампанія падтрымлівае Украіну з 2022 года.
Кіраўнік Nokia Defense Мікко Хаўтала падкрэсліў, што спадарожнікавыя сеткі абараняюць сувязь, калі наземная інфраструктура пашкоджаная. Паводле яго слоў, сістэма павінна даць Украіне кантроль над сувяззю, ад якой яна залежыць.
З ночы на 14 кастрычніка тэрміналы на ўкраінскіх дронах падтрымлівалі сувязь толькі да 160 км/г. Ліміт знялі толькі праз тыдзень, і прэзідэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што гэта зрабіў Ілан Маск, не ўдакладніўшы, ці сам ён прасіў яго пра гэта.